28.07.2009 / 12:13

Лукашэнка паляціць у Кыргызстан на саміт АДКБ

Прэзідэнт Беларусі плануе прыбыць у Кыргызстан 30 ліпеня для ўдзелу ў нефармальным саміце АДКБ.

Пра гэта паведаміла надзвычайны і паўнамоцны пасол Кіргізскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Ішанкуль Балджурава 28 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, на нефармальным саміце прэзідэнты самі вызначаюць парадак дня. «Паводле нашых звестак, будуць разгледжаныя пытанні інфармацыйнай бяспекі АДКБ і стварэння маладзёжнага лагера на возеры Ісык‑Куль. Фінансавы крызіс, праблемы тэрарызму таксама могуць стаць тэмамі сустрэчы», — сказала пасол.

Дыпламат таксама не выключыла, што ў ходзе нефармальнага саміта прэзідэнты будуць абмяркоўваць пагадненне аб стварэнні калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ, якое не падпісала Беларусь. «Нефармальны саміт не прадугледжвае падпісання ніякіх дакументаў. Але калі ўдзельнікі ўгавораць кагосьці з прэзідэнтаў, хто не падпісаў, то магчымае падпісанне на наступным афіцыйным саміце», — сказала Балджурава.

Стварэнне Калектыўных сіл аператыўнага рэагавання АДКБ было галоўнай тэмай саміта АДКБ у Маскве 14 чэрвеня. Беларусь адмовілася ад удзелу ў ім з‑за «малочнага канфлікту» з Расіяй.

БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру