28.07.2009 / 14:58

Даціснулі

Аргкамітэт па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя правядзе паўторны ўстаноўчы з’езд.

Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД) правядзе паўторны ўстаноўчы з’езд сёлета ў канцы кастрычніка — пачатку лістапада.

Пра гэта 28 ліпеня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску паведаміў сустаршыня аргкамітэта партыі Аляксей Шэін.

Першы ўстаноўчы з’езд БХД прайшоў 28 лютага, аднак Міністэрства юстыцыі не зарэгістравала партыю, палічыўшы, што пры яго правядзенні былі дапушчаны парушэнні. У Мінюсце таксама заявілі, што партыя не прадставіла ўсе неабходныя для рэгістрацыі дакументы, у прыватнасці тыя, якія пацвярджаюць аплату дзяржпошліны за рэгістрацыю. 22 ліпеня рашэнне Мінюста падтрымаў Вярхоўны суд.

Сустаршыні аргкамітэта БХД лічаць адмову ў рэгістрацыі партыі палітычна матываванай.

«У нас ёсць звесткі з дзяржорганаў, што ўлады ў любым выпадку не маюць намеру рэгістраваць БХД, — сказаў Шэін. — Нягледзячы на гэта мы будзем настойлівымі ў імкненні прайсці афіцыйную рэгістрацыю».

Палітык мяркуе, што паўторны з’езд можа стаць больш маштабным, чым першы, у якім бралі ўдзел 211 дэлегатаў.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру