У Гродзенскім раёне разыгралася жудасная сцэна, амаль як у галівудскіх баевіках. Толькі фінал сапраўды трагічны.

27 ліпеня ў вёсцы Забалаць пасварыліся суседзі. Адзін з мужчынаў, індывідуальны прадпрымальнік 1970 г. н., раней асуджаны за нявыплату аліментаў, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, нечакана скончыў сварку жудасным спосабам. Выхапіўшы абрэз, ён стрэліў суседу ў галаву, з-за чаго мужчына 1974 г. н. сканаў на месцы.

Пасля зробленага, «стралок» забарыкадаваўся ва ўласнай хаце. Выкліканыя на месца здарэння аператыўнікі спрабавалі цягам трох гадзін весці перамовы з ім, аднак той у адказ страляў з акна па супрацоўніках міліцыі і медыках. Забойца пагражаў забіць кожнага, хто ўвойдзе ў хату.

Перамовы зацягваліся, а дзеянні злачынцы рабіліся ўсё больш неадэкватнымі. У выніку было прынятае рашэнне пра правядзенне сілавой аперацыі спецпадраздзяленнем УУС. Аднак затрымоўваць злачынцу не прыйшлося: стрэлам з абрэза мужчына скончыў жыццё самагубствам.

Як высветлілася, раней прадпрымальнік купіў хату ў забітага ім суседа. Жылі яны побач, нават плот быў агульны. Па некаторых дадзеных, прычынаў сваркі магло быць тое, што забіты нібы атруціў сабаку забойцы.

Распачатая крымінальная справа. Канфіскаваны абрэз незарэгістраванай дробнакалібернай вінтоўкі і пяць патронаў да яго. Пракуратура праводзіць праверку.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0