Фота з сайта Салідарнасці

Фота з сайта Салідарнасці

30 ліпеня на 56‑ым годзе жыцця не стала легендарнага беларускага футбаліста Юрыя Курненіна. Чэмпіёна Савецкага Саюзу 1982 году ў складзе мінскага «Дынама». Як паведамляецца, ён памёр проста ў сне.

Юры Курненін нарадзіўся 14 чэрвеня 1954 году ў расійскім Арэхаве‑Зуеве, дзе і пачаў займацца футболам. Потым таленавітага юнака заўважылі ў расійскай сталіцы, і ён перабраўся ў тамтэйшае «Дынама». Зрэшты, замацавацца ў асноўным складзе каманды Курненін так і не змог. Было прынятае рашэнне адправіць яго, а таксама Юрыя Пудышава, на падмогу мінскім аднаклубнікам.

Гэта было ў 1976 годзе. Праз два гады ў каманду прыйшоў трэнер Эдуард Малафееў, і ў Мінску пачалося стварэнне зусім новай каманды. Курненіну адводзілася ў ёй адно з ключавых месцаў.

У 1982 годзе малады мінскі клуб нечакана стаў першым у СССР. Курненін таксама ўвайшоў у той год у гісторыю. У адной з гульняў першынства з алмаацінскім «Кайратам» абаронца мінчан забіў тры галы. Гэта быў першы хет‑трык абаронцы ў чэмпіянатах Савецкага Саюзу! Да Курненіна падобным не адзначаўся ніхто.

Быў аўтарам першага беларускага голу ў еўракубках. Забіў яго са штрафнога ў вароты швейцарскага «Грасхоперса».

У 1983 годзе Курненіна зрабілі капітанам «Дынама», тады клуб заваяваў бронзавыя медалі. Кар’еру футбаліст скончыў у 1987 годзе. За час выступлення ў вышэйшай лізе СССР Куненін правёў 265 матчаў і забіў 19 галоў, тройчы трапляў у склад 33 найлепшых гульцоў першынства.

Трэнерскую кар’еру Курненін пачынаў у брэсцкім «Дынама». У першым чэмпіянаце незалежнай краіны берасцейцы заваявалі бронзавыя медалі. Болей каманда з горада над Бугам на подыум ніколі не падымалася.

Аднак праз нейкі час трэнер з’ехаў з краіны, працаваў у Расіі.

Таксама ў ягонай біяграфіі прысутнічае надзвычай экзатычная старонка — у 1996 годзе ўзначальваў нацыянальную зборную Сірыі.

Зрэшты, у 1999 годзе Курненін зноў вярнуўся ў Беларусь. Трэніраваў мінскае «Дынама», дапамагаў у салігорскім «Шахцёры».

У 2005 годзе Курненін прыняў прапанову свайго колішняга партнёра па мінскім і маскоўскім «Дынама» Анатоля Байдачнага дапамагаць яму ў нацыянальнай зборнай Беларусі.

Ад лютага 2006 году Курненін узначаліў моладзевую зборную краіны. Каманда пад ягоным кіраўніцтвам выйшла на чэмпіянат Еўропы, які прайшоў месяц таму. Там, праўда, гульня не вельмі атрымалася. Курненін вельмі перажываў праз гэтую няўдачу.

Юры Курненін трэці футбаліст залатога складу мінскага «Дынама», які сышоў з жыцця. У 1989 годзе не стала Аляксандра Пракапенкі, яму было 36 гадоў. У 1992 годзе ў Берліне ва ўзросце 32 гадоў памёр Віктар Янушэўскі. Сыходзяць легенды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?