Адзін лоўкі малады чалавек, курсуючы між Польшчай і Беларусьсю, наладзіў выгадны бізнэс. Ён прапаноўваў моладзі за энную суму грошай вырабіць… вартыя рэкамэндацыі для атрыманьня стыпэндыі Каліноўскага ў Польшчы. І кліенты знаходзіліся. Бо што такое пара дзясяткаў даляраў, калі ты здаў у Беларусі тэсты на 30 балаў, а вучыцца хочацца.

Актывісты Праграмы Каліноўскага ў Польшчы выявілі махляра, змусілі пакаяцца і зьвярнуліся ў Рэдакцыю з просьбай агучыць ягонае імя. Ня будзем таго рабіць. Дамо шанец выправіцца яшчэ зусім маладому чалавеку.

Выезд студэнтаў на вучобу ў замежныя ўнівэрсытэты набыў настолькі масавы маштаб, што кранае розныя пытаньні — як этычныя, так і палітычныя.

«Людзі, што маглі прыносіць карысьць, разьехаліся зь Беларусі», — з горыччу кажа Артур Фінькевіч карэспандэнтам «НН», якія наведалі яго на «хіміі». Ён прыводзіць прыклад Барыса Гарэцкага, былога прэс-сакратара «Маладога фронту». «Але Гарэцкага яшчэ можна зразумець — яго хацелі «закрыць» па крыміналцы. Кепска, што сярод стыпэндыятаў праграмы імя Каліноўскага шмат людзей, якім зусім нічога не пагражала», — мяркуе палітвязень.

Фонд — адна з самых яркіх ідэяў апошняга часу — узьнік з жаданьня салідарнасьці. З ідэі даць эўрапейскую адукацыю будучай беларускай інтэлігенцыі. Па ўзорах дзейнасьці польскага нацыянальнага руху 80-х. Адрозьненьне 2000-х ад 1980-х, а Беларусі ад Польшчы ў тым, што сьвет глябалізаваны, а нацыянальная ўкарэненасьць многіх беларусаў нізкая. Адсюль і непакой: ці спрацуе ў нас схема, што апраўдала сябе ў Польшчы? Ці ня стануць стыпэндыі каналам адтоку мазгоў? Чаго больш ад дзейнасьці Фонду — карысьці ці шкоды?

На гэтае пытаньне адкажа толькі час. Але гэты адказ залежыць ад супрацоўнікаў Фонду. Іх дзейнасьць гісторыя ацэніць па тым, які працэнт стыпэндыятаў Фонду будзе вяртацца ў Беларусь. Гэты адсотак, у сваю чаргу, залежыць ад крытэраў адбору. І калі на стыпэндыі ў пагоні за колькасьцю будуць трапляць студэнты, якім на Беларусі не залежыць, якім яна фіялетавая, кажучы папросту, якія ня маюць намеру вяртацца на радзіму пасьля навучаньня, тады вынік дзейнасьці Фонду будзе мізэрным.

Апісаная вышэй сытуацыя з маладым чалавекам — першы трывожны званочак. Трэба пільнасьць. Бо толькі-толькі ў Фонд Каліноўскага пранікнуць карупцыя і кумаўство, толькі-толькі «мост салідарнасьці» ў сяброўскія краіны будуць выкарыстоўваць аматары высокіх спажывецкіх стандартаў, не заробленых уласным мазалём, гэта стане ня проста шкодай, а прысудам Фонду.

«НН» будзе адсочваць сытуацыю з выездам актывістаў нацыянальнага руху на вучобу за мяжу. А маладыя людзі няхай думаюць…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0