Міністр замежных спраў Італіі Франка Фраціні мае намер наведаць Беларусь у канцы верасня 2009 года.
Пра гэта, паводле інфармацыі італьянскага партала BelarusNews.it, Фраціні паведаміў 29 ліпеня на сустрэчы з прадстаўнікамі сем’яў, якія займаюцца арганізацыяй адпачынку беларускіх дзяцей у Італіі.
Паводле слоў кіраўніка МЗС Італіі, яго візіт будзе адказам на візіт у Рым вясной 2009 года Аляксандра Лукашэнкі. Фраціні падкрэсліў, што наведванне Беларусі паслужыць умацаванню сувязей паміж дзвюма краінамі.
У МЗС Беларусі і пасольстве Італіі ў Мінску пакуль не пацвярджаюць інфармацыю аб падрыхтоўцы візіту Фраціні.
Прэзідэнт Беларусі наведаў Італію ў красавіку 2009 года. Ён сустрэўся з прэм’ер‑міністрам краіны Сільвіо Берлусконі, а таксама папам рымскім Бенедзіктам XVI.
22 мая на прэс‑канферэнцыі ў Мінску італьянскі пасол Джуліо Прыджоні паведаміў, што Сільвіо Берлусконі можа наведаць Беларусь восенню гэтага года і бакі працуюць над арганізацыяй візіту.