Чаму Расея, мяжуючы з Захадам і маючы такую доўгую гісторыю кантактаў зь ім, застаецца фатальна адрознаю, нават варожаю і процістаўляе сябе яму? У дзень пецярбурскага саміту G8 карэспандэнты «НН» выправіліся ўздоўж межаў Беларусі па той палосцы Заходняй Расеі, што калісьці належала Рэчы Паспалітай, а пасьля ўваходзіла ў рысу аседласьці. Рэшткі велічных барочных храмаў, распуста прыдарожных кавярняў і дзікія нетры пакінутых сёлаў – сафары за тры гадзіны язды ад Менску.

Масква – гэта не Расея. А Пецярбург – тым больш. Памятаючы гэтую расейскую прымаўку, мы вырашылі ў дзень саміту «вялікай восемкі» пабачыць Расею глыбінную. Ці гатовая яна да ўдзелу ў элітарным клюбе?

Выяжджаем зь Віцебску раненька. Наш плян – праехаць уздоўж мяжы аж да Краснай Гары, райцэнтру на Браншчыне, які дзевяць гадоў таму прасіўся ў склад Беларусі.

Лёзна – апошні беларускі горад на смаленскай шашы. Славуты ня толькі тым, што тут стрэліла беларуская «Аўрора». Тутака нарадзіўся Марк Шагал, Лёзна ён бясконца сьніў і маляваў. Дух мястэчка не зьмяніўся з часоў Шагала: тыя самыя хаты з маляванымі аканіцамі, а паўсюдныя кабеткі на роварах маглі б гэтак жа добра лётаць у шагалаўскіх нябёсах, як памятныя мастаку закаханыя.

Да Другой сусьветнай вайны ўсе навакольныя мястэчкі былі спрэс жыдоўскія. Самае знакамітае зь іх – Любавічы, месца паломніцтва габрэяў-хасыдаў.

Кантроль на мяжы для легкавікоў застаецца фармальным. Але заўважыць пачатак Расеі было б няцяжка і без чарады фураў на мытні. Папросту зьнікае дарожная разьметка і на асфальце зьяўляюцца выбоіны.

Першы расейскі горад на дарозе, Рудня, сустракае навюткай царквой у нэамураўёўскім стылі. У макаўку ёй прыцэліўся гвардзейскі мінамёт «Кацюша». Тут «Кацюша», выяўляецца, зрабіла першы залп. Праўда, беларусаў вучылі, што той залп быў пад Воршай.

Першы расейскі горад сустракае царквой, у макаўку якой цэліцца «Кацюша».

Помнік «Кацюшы» навюткі. Мы яшчэ ня раз будзем бачыць у Расеі гэтыя пуцінскія мэмарыялы. Савецкія гіпсавыя абэліскі зьмянілі капітальныя мэталічныя салдаты з аўтаматамі. Акрамя «Кацюшы», у невялікай Рудні яшчэ два салідныя помнікі. Пад бюстам Ягорава, таго самага, што ўзьняў чырвоны сьцяг над Райхстагам, кучкуюцца падпітыя дзядзькі.

Завсынагогай

Першае фота ў Любавічах.

Любавічы сустракаюць указальнікамі па-расейску і па-габрэйску. Яны вісяць на бярозах, на дзесяцімэтровай вышыні – відаць, былі прэцэдэнты. Хасыдзкі малельны дом абнесены глухім плотам. Вароты на замку. Іх падпірае кумпанія, што яўна не Ягову тут шукае. Кітайскія спартовыя штаны, пляжныя тапці, цёмныя ад загару і алькаголю твары, гарэлка ў плястыкавых кубачках. «Яўрэі? Цяпер няма нікога. За магазынам жыве Анатолій. Сынагогай ён заведуе. Да яго едзьце».

Ля магазыну другая кампанія прыстасавала пад стол і дом пажарную скрынку зь пяском.

Ганаровая варта ля сынагогі.

Завсынагогай разьбірае старую пуню. Дакладней, на драбінах з ломам шчыруе знужджаны мужчынка, а Анатолій зьнізу камандуе. Анатолію 55 гадоў, у яго кароткая фрызура, вялізны жывот і поўны рот залатых зубоў. Гэта высокі і яшчэ вельмі крэпкі чалавек. Моладзь, што п’е пры хасыдзкім доме, Анатолія пабойваецца, паважліва называючы «дзядзькам» (ня «дядей»!).

За савецкім часам дзядзька працаваў у Смаленску на авіязаводзе. Пасьля заняпаду ВПК вярнуўся ў родныя мясьціны. Ён адзін зь нямногіх тутэйшых мужчынаў, ня хворых на алькагалізм. Таму, відаць, на ім і спынілі свой выбар хасыды.

Малельны дом паўстаў у 2000 годзе. Жанчыне, што жыла на гэтым пляцы, габрэі выкупілі іншы дом, перанесьлі таксама пошту. Малельня, складзеная з таўсьцючых бёрнаў, звонку выглядае як клясычная «ізба». Усярэдзіне ж – як «IKEA». Некалькі пакойчыкаў, душ з гарачай вадой, малельная – яна ж «канфэрэнц-» – заля. На сьценах партрэты рабінаў любавіцкае дынастыі, мапа сьвету, на якой сьвецяцца кропкі хасыдзкіх асяродкаў. Іх няма толькі ў Антарктыдзе. Побач – малюнкі, на якіх пяе і весяліцца залаты век любавіцкага хасыдызму. Час, калі кожная жыдоўская грамада зь песьнямі й танцамі выпраўляла паломнікаў у Любавічы. Адчуваецца, што хасыды – габрэйскія пратэстанты – далёкія ад артадаксальнасьці.

Загадчык сынагогай Анатолій у хасыдзкім доме.

Нет!

Усіх любавіцкіх габрэяў пабілі ў вайну немцы. На месцы расстрэлу, у рове за вёскай, студэнты з Германіі паставілі камень з надпісам, што тут будзе помнік. Да брацкае магілы прадзіраемся праз паўтарамэтровае бадыльлё. У адрозьненьне ад пампэзных руднянскіх помнікаў, за гэтым ніхто не глядзіць. «Трэба папрасіць каго, каб скасілі», – зьбянтэжана бурчыць Анатолій.

У маўзалейчыку на могілках пахаваны заснавальнік хасыдызму рэбэ Шнэерсон.

Гэткі самы бур’ян стаіць і на габрэйскіх могілках, вакол каплічкі, дзе пахаваны заснавальнік хасыдызму рэбэ Шнэерсон. Яго надмагільле засыпанае аркушамі з словамі малітваў, якія прынесьлі пілігрымы. «Моляцца, пасьля рвуць і кідаюць сюды – сур’ёзная такая вера», – расказвае нам Анатолій. Ён пасьцяліў у капліцы драўляную падлогу – раней пілігрымы маліліся на цэмэнце босыя, незалежна ад пары году. «Разуваюцца ў сьнезе, і сюды заходзяць – на гадзіну, на дзьве, на цэлы дзень».

Апошні рэбэ любавіцкай дынастыі. Фота з картачкі, што ў малельным доме.

Перад намі завітвалі дзяўчаты з Амэрыкі. Прыяжджаюць групкамі па некалькі чалавек, моляцца ў доме, наведваюцца да магілы рэбэ і зьяжджаюць. Пэўна, збудаваўшы для іх міні-гатэльчык з рэстарацыяй, можна было б добрыя грошы рабіць. «Нет! – рашуча круціць галавой Анатолій. – Яны нічога нашага есьці ня будуць. Мяса пастаіць гадзіну – выкідаюць. У краме купляюць адну кока-колу. Дзе расейскаму кухару дагадзіць ім?..»

Анатолій глядзіць БТ і «Лад». Прэзыдэнт Лукашэнка падабаецца яму як палітык, але «ў Расеі жыць лепей». Таму Анатолій супраць інтэграцыі. «Яднацца трэба з тым, у каго грошы, – сьмяецца. – Напрыклад, з Ізраілем».

Горшыя часы

Яшчэ адзін свабодны ад алькагалізму чалавек жыве адразу за хасыдзкім домам. І ён таксама, як і Анатолій, працуе ў нядзелю. Любавіцкі бацюшка айцец Уладзімер з матушкай сушаць сена.

Сьвятар як сышоў зь бізантыйскае іконы. Аскетычны твар, тонкі профіль, пукаты лоб, валасы віюцца, але мала іх ужо. Ён выйшаў да нас як быў – у трыко, выцягнутым на каленях. Яго храму 350 гадоў. Дзьве белыя вежы, высокія скляпеньні – чыстае віленскае барока. Сярод навакольнага бур’яну колішняя ўніяцкая сьвятыня за каваным парканам глядзіцца як касьмічны карабель зь іншае галяктыкі. «У пачатку мінулага стагодзьдзя ў Любавічах быў найбольшы ў Магілёўскай губэрні кірмаш, – кажа айцец Уладзімер. – У храм зьбіралася паўтары тысячы чалавек. Цяпер сюды па нядзелях пяць бабулек ходзяць». Парадаксальна: сьвятар з настальгіяй успамінае і савецкі час. Калі на ўвесь раён было дзьве царквы. Вернікаў было болей. Сёньняшні ж прыбытак – кропля ў моры патрэбаў. Дах аднаго з прэзьбітэрыяў абрынуўся пад цяжарам сьнегу – так і ляжыць. Ад столі праз муры ідуць расколіны, драбіны на вежах упалі. Япархія ж укладае сродкі ў экстэнсіўнае пашырэньне веры – ставіць дзяшовыя і сярдзітыя цэркаўкі, кшталту руднянскай.

Колішняя ўніяцкая сьвятыня глядзіцца як касьмічны карабель зь іншае галяктыкі.

У 20-х гадах тут быў пажар. Выгарала ўся сярэдзіна, акрамя старога барочнага абраза сьвятога Пятра. Пасьля пажару ў Любавічы перавезьлі выдатны іканастас з зачыненага манастыра Аўрамія Смаленскага – з разьблёнымі барочнымі анёламі па версе.

А ў 1941 годзе у храм пацэліў нямецкі снарад, але не разарваўся. Так і тырчыць у сьцяне балванка.

У прытворы – тыповая каталіцкая спавядальня, зробленая як нішы ў сьцяне. Цяпер у ёй ляжыць брыкет. Галоўныя дзьверы наглуха замкнёныя зьсярэдзіны таўшчэзным брусом, упушчаным проста ў мур – як у XVII ст. Людзі заходзяць у храм праз бакоўку.

На разьвітаньне бацюшка прызнаецца, што сам родам зь Менску і прозьвішча ягонае Лагода, а свой духоўны шлях пачынаў у Жыровічах пры цяперашнім япіскапу Пінскім Стафане…

Поп бласлаўляе нас і бадзёра ўсьміхаецца: «Нічога! Бывалі і горшыя часы – пры паляках ці немцах... Перажывём!» Проста пад ногі яму па царкоўнай падлозе скача жаба.

Таксама і нічога

Заходняя Смаленшчына працяглы час знаходзілася пад уплывам Захаду. Гэта пакінула архітэктурныя сьляды, памяць пра габрэйскую прысутнасьць і… усё. Бо навакольная запушчанасьць – не празь беднасьць. Якая беднасьць, калі апівохі ў Любавічах маюць грошы на штодзённую гарэлку, а чалавек, які ня хоча адбываць радоўку, можа заплаціць пастуху 250 рублёў за дзень – каля 20 тысяч беларускімі. Як, чаму пры нармальных заробках такая кепская інфраструктура? Якасьць жыцьця ня цэніцца як вартасьць? Цэніцца іншае – магчымасьць гуляць, весяліцца.

Праклён Усходу вісіць над усёй Цэнтральнай Эўропай. Усходняя Нямеччына бяднейшая за Заходнюю. «Сьцяна ўсходніх ваяводзтваў» – галоўны боль варшаўскага ўраду. Румынская Мунтэнія намнога больш адсталая за Трансыльванію. Усходняя Славаччына – за Заходнюю. На ўсходзе Латвіі, у Латгаліі, беспрацоўе сягае траціны працаздольнага насельніцтва. У Беларусі ўсход ператварыўся ў зону бедзтва, пасьля таго як яго пакрылі чарнобыльскія выкіды. У Расеі няма падзелу на захад і ўсход, ёсьць толькі цэнтар і пэрыфэрыя. І замежжа – на пэрыфэрыях пэрыфэрый.

Жыхары Любавіч старанна пераконваюць нас, што сьцяжынка-павуцінка, якая вядзе да беларускае мяжы, – фікцыя. «Ня верце мапе!» Але куды ж кіруюць празь Любавічы іншамаркі зь беларускімі нумарамі? Яўна да апошняе вёскі перад мяжой зь ісьцінна расейскай назвай «Цегельня». Кантрабандысты перастрахоўваюцца, хоць граніца і адкрытая.

Той сьцежкай праз Цагельню сплыла некалі ўся маёмасьць любавіцкага калгасу. Тады нейкі ўкраінец, расказваюць, узяў у арэнду кавалак лесу на памежжы…

Беларускі парадак тут хваляць. Пра нябачны беларускі кардон ходзяць легенды. З павагай апавядаюць, як аўтаматчыкі сканфіскавалі сякеру ў любавіцкага дзядзькі, што паехаў у Беларусь сьсячы пару ялінак.

Гутарка руднянцаў захоўвае «г» фрыкатыўнае і іншыя беларускія рысы. Старэйшыя людзі кажуць не «нічево» – «нічога», не «тожэ» – «таксама».

Вечныя госьці

Празь Любавічы цячэ Бярэзіна. З рэчак Бярэзін на крывіцкіх землях мог бы атрымацца нішто сабе гаёк. Хасыды, як прыяжджаюць у Любавічы, умываюцца ў ёй. Для іх тут усё вакол – сьвятое. Поруч ідзе і ўсьведамленьне таго, што яны тут цяпер – вечныя госьці. Адсутныя, пустка па якіх зарастае бадыльлём у рост чалавека.

Мы пакідаем Любавічы. Пад мастом дзеці купаюць каня. Успамінаецца Пятроў-Водкін, сучасьнік Шагала. Думаецца пра час, калі пачалася доўгая сьмерць Любавічаў.

Купаньне чырвонага каня.

Асноўныя кліенты

Вяртаемся ў Рудню, да трасы. З абслугоўваньня кіроўцаў-транзытнікаў горад жыве: тут плойма крамак, кавяранек. Бар насупраць помніка Ягораву сустракае гучнай папсой. Пры дзьвярах рытмічна танчыць афіцыянтка – кліентаў няма, і дзяўчына выйшла праветрыцца. Яе валасы і вейкі фарбаваныя ў радыкальны чорны колер. Яна скончыла школу і плянуе паступіць на трохмесячныя курсы. Яе несьціханы сьмех і палкія інтанацыі наводзяць на думку пра прынятыя псыхатропныя сродкі. Замаўляем салаты і яечню і адмаўляемся ад шашлыкоў, якія яна прапануе амаль з той самай навязьлівасьцю, што і сябе. Афіцыянтка разумее, што мы не яе кліенты. «А хто вашы асноўныя кліенты?» «Асноўныя кліенты ноччу», – рагоча яна.

Распытваем, ці шмат турыстаў праяжджае празь іх у Любавічы. Якія Любавічы? Яны нічога ня чулі пра іх, хоць і жывуць за дзесяць кілямэтраў.

Яечню гатуюць пры табе. Маладая кухарка, чыстая прыбіральня. Праўда, на кухні хмары мух. Пад шкляной покрыўкай ляжаць катлеты. Ад мух асобна.

Ой, бярозы ды сосны

Кіруем уздоўж беларускай мяжы, балянсуючы на тонкай паласе Заходняй Расеі, што калісьці належала Рэчы Паспалітай, а пасьля ўваходзіла ў рысу аселасьці. Па адзінай частцы Расеі, што працяглы час жыла пад уладай Захаду.

Што так бянтэжыць на смаленскай трасе? Спачатку ня можам зразумець. Убогія дарогі – гэта чакана. Кожны ведае, што ў Расеі благія дарогі. Спустошаныя вёскі – таксама. І толькі па вяртаньні ў Беларусь асягаем: лес! Нячышчаны, зарослы, дзікі ў параўнаньні з акуратным беларускім. Бо нашто даглядаць смаленскія бары, калі ў Сібіры стаяць бяскрайнія пушчы? Так, Расея вялікая дзяржава. Занадта вялікая, магчыма.

Завялікая Расея

Яшчэ сто гадоў таму не было ніякай розьніцы між Любавічамі й Лёзнам. Сёньня гэта два розныя сусьветы. Адзін – з дарожнай разьметкай, другі – безь яе і, галоўнае, без патрэбы ў ёй.

Чаму такі кантраст між імі, як і між Эстоніяй і Пецярбургам, між Літвой і Калінінградам?

Ёсьць тэорыя, што Масква адмыслова інвэставала ў залежныя ад сябе дзяржавы болей, чым у мэтраполію, каб заахвоціць іх да каляніяльнага існаваньня. Аднак гэтыя інвэстыцыі спыніліся пасьля падзеньня СССР, а разрыў, наадварот, расьце з паскарэньнем. Справа ў нечым іншым. Культура – так, напэўна, у сваёй аснове. Але этнічна Любавічы й Лёзна сто гадоў таму былі ідэнтычнымі – жыдоўска-расейскімі мястэчкамі ў атачэньні дамадэрнай патрыярхальнай вёскі, якая гаварыла на аднолькавай беларускай мове, але была пазбаўленая выразнай нацыянальнай ідэнтычнасьці. Большую частку гэтага стагодзьдзя тут ажыцьцяўлялася савецкая ўлада – толькі ў Лёзьне зь Менску, а ў Любавічах – з Масквы. І менская была больш жорсткая ды зашпіленая на ўсе гузікі. Розьніца толькі ў тым, што ў Лёзьне гэтыя сто гадоў прышчаплялася – сяк-так – беларуская сьвядомасьць, а ў Любавічах, беззаганна, – расейская.

Гэты кантраст між малой эўрапейскай краінай (хай сабе аўтарытарнай) і вялікай эўраазіяцкай дзяржавай можна патлумачыць спэцыфікай улады ў Расеі. Або самім памерам Расеі, калі хочаце.

Можа быць, варта ладзіць саміты вялікіх дзяржаваў асобна, а занадта вялікіх дзяржаваў асобна?

Прастытуткі ў Катыні

Праяжджаем Катынь. Мэмарыял знаходзіцца з правага боку ад дарогі Віцебск–Смаленск.

Тут, у Катыні (правільна ставіць націск на першы склад – Ка́тынь), у 1940 годзе НКВД расстраляла 15 000 палонных Войска Польскага – палякаў, беларусаў, габрэяў. Месца было абрана надзейнае: закрытая тэрыторыя дачнага комплексу НКВД. Які пасьля стаў комплексам КГБ. І цяпер вакол стаяць дачы ФСБ – і ніякіх комплексаў.

Вакол Катыні як былі, так і ёсьць дачы ФСБ.

У Катыні ўспамінаеш Курапаты. Цішыня. Птушкі. Жывіца на хвоях. Жалеза, якое наўмысьля пакінулі ржавець. Брук. Трава. Крыж каталіцкі, крыж праваслаўны, мусульманскі паўмесяц і Давыдава зорка. Нічога патэтычнага. Цяжкія жалезныя крыжы ляжаць на брацкіх магілах. Вялікі, вялікі, меншы – магіла генэралаў каля самага манумэнта. Саветы, як і нацысты, пачыналі з вынішчэньня адукаванага слою заваяваных нацыяў. Шарагоўцаў адпускалі, а інтэлігенцыю, афіцэраў, чыноўнікаў мардавалі, каб пазбавіць краіны эліты, якая магла б ачоліць супраціў.

Нечаканы рэзкі гук: у звон, схаваны за жалезнымі скрыжалямі з прозьвішчамі ахвяраў, можа біць кожны.

Звоняць смаленскія турысты. «Польшчу называлі палітычнай прастытуткай. Гэта не мая думка, гэта меркаваньне аўтарытэтных палітолягаў, – далятае да нас урывак зь лекцыі іхнай экскурсаводкі. – Яна ўсім здраджвала. То на бок Расеі пераходзіла, то на бок немцаў. Армія Андэрсэна (так і кажа – Андэрсэна) увогуле дэзэрціравала, хоць мы яе ўзбройвалі. Уцякла празь Сярэднюю Азію на Блізкі Ўсход». «Іх зразумець можна: калі да цябе ўвесь час на танках уяжджаюць», – заўважае ёй малады расеец зь лічбавай камэрай.

Іншы сьвет

Праяжджаем Смаленск. Маляўнічы горад на высокім беразе Дняпра, з шматкупальнымі цэрквамі і добра адбудаваным крамлём. Хто б аднаўляў гістарычную частку беларускіх гарадоў пасьля вайны... Смаленск робіць уражаньне ўтульнасьці і – ха! – на цэнтральных вуліцах ёсьць разьметка. Калі яе адсутнасьць за горадам мала турбавала, дык хаатычны рух на не ашчасьліўленых ёй гарадзкіх праспэктах нагадвае язду па афрыканскім мэгаполісе.

У горадзе шмат прыватных крамак, і яны працуюць у нядзелю. Рэч нечуваная ў Савецкім Саюзе, поступ прыватніка. Нават кнігарня адчыненая. Замкнёныя толькі банкі. Аднак і гэта не праблема: любы смалянін падкажа, дзе стаяць валютчыкі. Або дзе знайсьці фірму, якой, «можа быць, трэба даляры». Гаспадар такой фірмы, палічыўшы на калькулятары, дастае расейскія рублі з бляшанай пушкі, абклеенай залацістай фольгай – у такія савецкія кабеты ссыпалі рыс і крупы. І сам гаспадар, і ўсе яго супрацоўнікі – каўказцы.

У Смаленску на вуліцах сьмецьце. Заўважна, што прыбіраюць тут рэдка. Пустыя бутэлькі валяюцца вакол помніка паэту Аляксандру Твардоўскаму і ягонаму пэрсанажу Васілію Цёркіну. Радзіма Твардоўскага, Пачынкаўскі раён, застаецца ў нас зьлева па курсе, як і Гжацк, адкуль першы касманаўт Гагарын, і Наваспаскае – радзіма аўтара «Жыцьця за цара» Глінкі.

Вёскі Смаленшчыны спрэс захавалі беларускія назвы Манюкі, Лынды, Дзяньгубава. У нас бы такія папераймяноўвалі, мільгае думка.

«Жыгулі» і «Ака»

Дарога кружляе сярод тургенеўскіх пэйзажаў: даліны, пералескі, ставы. У нядзелю Смаленшчына здаецца вымерлай. Рэдка-рэдка разьмінесься з абавязкова т’юнінгаванымі «Жыгулямі» ці маляўкаю «Акой». Калі ж насустрач вам едзе «фальксваген» ці «опэль» – 90% верагоднасьці, што ён будзе мець беларускія нумары.

Аднолькава спустошаныя вёскі тонуць у кустоўі і «максімцы» – танным сьпірце, які разводзяць вадою. Сельгасдзейнасьць засяроджаная вакол буйных паселішчаў. Але і яны аднастайныя: ні царквы, ні Дому культуры. Сельская адміністрацыя ды крама насупраць, што забясьпечвае жыцьцёвыя (некалькі гатункаў кілбасы, сала па 78 расейскіх рублёў за кілё, гарэлка, марозіва, побытавая хімія) і пасьмяротныя патрэбы – у куце сумуе пахавальны вянок. Пад самай стольлю ў нішы сьцяны – дзіўнае прыстасаваньне з грубага ўслона, саракалітровага кана і ўвараных у яго трубаў – паравое ацяпленьне, скляпанае мясцовым ляўшом.

Жыцьцё райцэнтраў аднолькава зводзіцца да крамаў і бараў. У прыдарожных кавярнях пад гром аднолькавай папсы завіхаюцца дазваньня фарбаваныя афіцыянткі.

Стан Расеі – вынік адсутнасьці структураў грамадзянскай супольнасьці. Дзяржава, эканамічныя сувязі аслаблі, і ўсё пасыпалася, бо няма амартызатара – грамадзтва. Мала мець моцную нацыянальную тоеснасьць для выбудовы нармальнага грамадзтва, калі яна не падмацоўваецца ніткамі, што лучаць людзей зьнізу – царквы, асацыяцый, супольнасьцяў… Ня трэба грошай, каб скасіць двор вакол любавіцкай царквы і прыбраць брацкую магілу.

Эпізод з пагоняй

Усякае жаданьне начаваць у Расеі прападае, пасьля таго як на дарозе між Смаленскам і Манастыршчынай нам сустракаюцца зэкі. Яны стаялі на дарозе – два напаўголыя татальна татуяваныя мужчыны няпэўнага веку – і размахвалі каністрай. Мы прыцішылі хуткасьць, але пры набліжэньні вырашылі-такі не спыняцца. І не памыліліся, бо – о-ёй! – іхны «Жыгуль» кідаецца за намі наўздагон. Пасажыр энэргічна жэстыкулюе, высунуўшыся з акна. Магчыма, мы сапраўды пакрыўдзілі іх сваім недаверам, але ўсё ж такую рэакцыю прызнаём не зусім адэкватнай. На шчасьце, на асфальце наша жвавая «Кіа Прайд» мае яўную перавагу перад іхнай гарбачоўскіх часоў «Ладай», што гучна раве, але адстае, адстае і праз пару кілямэтраў зьнікае зь віду.

Здарэньне нас палохае, але ня дзівіць. Мы толькі дзякуем Богу, што гэта здарылася не на гравійцы, у якую пераходзіць дарога за наступным райцэнтрам, Манастыршчынай, дзе гонка была б небясьпечнай.

Чаму Краснагорскі раён Бранскай вобласьці прасіўся ў склад Беларусі, нам і так ясна. Чырвонае сонца сядае і нясьцерпна рэжа вочы. Мы бярэм курс на Беларусь самым кароткім маршрутам.

Беларусь пачынаецца з асфальту

Праз жвір праступаюць выспачкі цьвёрдага пакрыцьця. Відаць, пры Брэжневу дарога яшчэ была бітумнай і спачатку пяском проста засыпалі ямы. Паступова адны яны і засталіся ад шашы. У вёсках дарога лепшае, выбоіны шчыльна закладзеныя будаўнічай цэглай. А часам, проста сярод палёў, выжбурне з-пад жвіру новы асфальт – рэшткі калгасу-мільянэра ці дар нуварыша малой радзіме? – каб кілямэтры праз два зноў зьмяніцца абрыдлымі калдобінамі.

Праскакаўшы по гравійцы кілямэтраў пятнаццаць, трапляем у… Любавічы. Па іроніі лёсу гэты аднафамілец хасыдзкае сьвятыні аказваецца апошнім больш-менш населеным пунктам Расеі ў нас на дарозе. Над вёскай пануе руіна праваслаўнай царквы. Дзьверы расчыненыя, рэшткі абрынутага купалу пагрозьліва навісаюць над дарогай. Побач – вясковая адміністрація з расейскім трыкалёрам над ганкам. Разьбітая шыба ў сенцах замененая кавалкамі дыхты.

Апошняя вёска перад Амсьціславам з расейскага боку.

…Роўна пад вялікім шчытом зь дзяржаўнай атрыбутыкай Беларусі на дарозе Манастыршчына–Мсьціслаў пачынаецца асфальт. Памежны слуп стаіць толькі беларускі. Канец і пачатак Расеі пазначаныя адно знакам «Няроўная дарога на працягу 21 км». Нейкі жартаўнік зьверху крэйдай прымаляваў да лічбы яшчэ тры нулі.

P.S. Віцьбічы і магілёўцы, галасуючы за Лукашэнку, процістаўляюць яго не заходнім каштоўнасьцям, пра якія маюць цьмянае ўяўленьне, а невыноснаму расейскаму безуладзьдзю, якое маюць перад вачмі. Яны галасуюць за наяўнасьць улады, а дыктатуру атрымліваюць у нагрузку.

P.P.S. Па прашэсьці часу тыя палеткі на мяжы Беларусі й Расеі зь беларускага боку ўспамінаюцца як трохі карцінныя. Мабыць, іхную акуратнасьць правяраюць асабіста старшыні райвыканкаму. Мілая паказуха. Так, як у добрым рэстаране ў Парыжы шэф-кухар асабіста правярае смак віннага соўсу.

P.P.P.S. Узровень і арганізацыя жыцьця ў Лёзьне й Рудні розьняцца настолькі, што ўсур’ёз разважаць пра аб’яднаньне Беларусі й Расеі сёньня можа толькі фантаст.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?