Паводле традыцыі, якая існуе пяты год, Беларускі ліцэй пачаў свой чарговы навучальны год летняй сесіяй у Польшчы.

Сёлета ў ліцэі склад вучняў абнавіўся амаль напалову, і большасць упершыню мае магчымасць скарыстацца з гасціннасці варшаўскага Клуба каталіцкай інтэлігенцыі і ўладаў вольнага места Гданьска.

Акрамя планавых заняткаў ліцэісты ўжо мелі мажлівасць спаткацца з жонкай прэзідэнта Польшчы Марыяй Качынскай, віцэ‑прэзідэнтам Варшавы Уладзімежам Пашынскім, варшаўскім арцыбіскупам кс. Казімежам Нычам, сусветна вядомымі кінарэжысёрамі Кшыштафам Занусі і Анджэем Вайдам. Апошні быў госцем унікальнай беларускай установы назаўтра пасля прагляду ўсім складам Ліцэю яго прадапошняга фільма «Катынь».

Знакаміты госць адказаў больш як на 25 пытанняў вучняў і выкладчыкаў ліцэя, перадаў у падарунак ліцэістам набор відэаплыт з сваімі самымі вядомымі фільмамі, адмыслова паставіўшы на кожнай аўтограф.

Ліцэісты наведалі шэраг варшаўскіх музеяў, а таксама выязджалі на экскурсіі ў Белавежскую пушчу, Чанстахову, Кракаў і Асвенцім. Цяпер іх летняя сесія працягваецца ў Гданьску.

ЛБ

Даведка Рэдакцыі. Беларускі гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа ў свой час быў пілотнай беларускамоўнай установай якаснай адукацыі. Лукашэнкаўцы юрыдычна ліквідавалі яго ў 2003 годзе па палітычных матывах. Пасля гэтага педагогі захоўваюць сваю ўстанову адукацыі нефармальна, з апорай на асяродкі незалежнага грамадства і на грошы бацькоў, што аддаюць перавагу незалежнай адукацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0