Маршруты па Беларусі: Шчорсы і вёскі Боны Сфорцы.

 Наваградак — гістарычны дух, не вытручаны гадамі змагання з перажыткамі мінулага, вабіць сюды тысячы людзей.На старажытным замчышчы, пад старымі мурамі, пачынаеш глядзець на Беларусь іншымі вачыма.

Наваградак — гістарычны дух, не вытручаны гадамі змагання з перажыткамі мінулага, вабіць сюды тысячы людзей.
На старажытным замчышчы, пад старымі мурамі, пачынаеш глядзець на Беларусь іншымі вачыма.

 Свіцязь ‑‑ легендарнай чысціні возера, месца адпачынку на сутыку Баранавіцкага, Карэліцкага і Наваградскіх раёнаў.

Свіцязь ‑‑ легендарнай чысціні возера, месца адпачынку на сутыку Баранавіцкага, Карэліцкага і Наваградскіх раёнаў.

 Любча — мястэчка ў Наваградскім р-не. Каторы год штолета сюды прыязджаюць валанцёры на аднаўленне замку ХVIст. Замкам апякуюцца МГА «Гісторыка» і Фонд «Любчанскі замак».

Любча — мястэчка ў Наваградскім р-не. Каторы год штолета сюды прыязджаюць валанцёры
на аднаўленне замку ХVIст. Замкам апякуюцца МГА «Гісторыка» і Фонд «Любчанскі замак».

У дзяцінстве па дарозе на Наваградак да дзядулі з бабуляй мяне заўсёды вабілі таямнічыя пабудовы на выездзе са Шчорсаў. Дарослыя тлумачылі, што гэта руіны замку. Упершыню пешшу туды выбраўся разам з братам у 22 гады. Убачанае ясным студзеньскім днём на ўсё жыццё засталося ў памяці — не зламаныя часам абрысы старога парку, азёры, парэшткі фальварку, вяндлярня і, безумоўна, былая уніяцкая царква, збудаваная ўсюдыісным італьянцам Сака. Я даведаўся пра Храптовічаў, пра тое, што гэта і не замак зусім, а гаспадарчыя пабудовы, але Шчорсы назаўжды пакідаюць незабыўнае, асаблівае ўражанне.

Сёлета ў Шчорсы ехаў не па шашы, а вёскамі, якія з часоў каралевы Боны з роду Сфорца цягнуцца ланцужком да мястэчка ад самых Карэлічаў.

Аграгарадок імя Храптовіча

Яшчэ да з’яўлення самога тэрміну «аграгарадок» мая родная вёска Краснае займела статус перспектыўнага паселішча. Новыя дамкі ў Красным пачалі будаваць гадоў пяць таму. За гэты час у вёсцы правялі газ, у каго яшчэ не было — ваду. Вуліцы заслалі новым асфальтам, абгарадзілі стандартнымі платамі, паставілі кантэйнеры для смецця і дарожныя знакі. «Толькі «зебраў» ды святлафораў не хапае!» — смяюцца аграгараджане. Да праяваў цывілізацыі не ўсе ставяцца належным чынам — замест побытавага смецця ў кантэйнеры скідаюць бульбоўнік ды лісце.

Каб набыць валюту, не трэба ісці ў райцэнтр — у вёсцы ёсць філіял «Беларусбанку». Наяўнасць канкурэнтаў‑прыватнікаў змушае дзяржаўны гандаль сачыць за асартыментам. Дзесяць гадоў таму цяжка было ўявіць, каб у краме прадавалі філе хека, а цяпер — калі ласка!

Прыкра толькі, кажуць вяскоўцы, што з самой ідэяй аграгарадкоў спазніліся. «Маладыя паз’язджалі, для старых тыя газ ды вада ўжо мала што значаць», — кажа мой аднагодак. Утрымаць у вёсцы сённяшніх школьнікаў можа толькі добры заробак, упэўнены ён.

Да рэшты мінусаў можна аднесці татальнае змаганне з дрэвамі, якія без шкадавання павысякалі што ў вёсцы, што ўздоўж дарог. Старыя вербавыя прысады, пасаджаныя яшчэ за палякамі, знікаюць без дай прычыны.

Ружы і дзікі вінаград

Руды ад іржы знак абвяшчае пра мяжу аграгарадка. За ім пачынаюцца «простыя» вёскі — Жукі, Востухава, Навашыно. Новы асфальт ёсць і тут, дарожныя знакі таксама, не хапае толькі новых дамкоў. А вось што моцна адчуваецца, дык гэта мізэрная колькасць маладых сем’яў у параўнанні з пасёлкам. Легкавікі пад плотам не лічацца — на двары лета, дзеці прывезлі ўнукаў да старых. Увагу забіраюць абшытыя сайдынгам хаткі. На сценах — спадарожнікавыя «талеркі».

Калі ў Жуках такія дамкі яшчэ не рэжуць вока, то ў Востухаве гэта дзіва. У моцным ланцугу сфорцаўскіх вёсак гэтая, праз чарнобыльскую трагедыю, стала слабым звяном. Некалі тут была мураваная школа са стадыёнам, куды на спаборніцтвы з’язджалася ўсё наваколле. Праз забруджванне школу давялося разабраць, нават грунт у кар’ер вывезлі. З таго часу маладзейшыя вывезлі сем’і хто куды, вёска заняпала. Цяпер жа пакрысе пастарэлыя «ўцекачы» вяртаюцца, пакінуўшы дзецям гарадскія кватэры. Барбекю, густоўныя альтанкі і нават балконы, зашклёныя каляровымі шыбамі.

Яшчэ большы кантраст дэманструе Навашыно: вось стаіць моцная яшчэ, але зарослая дзікім вінаградам хаціна, а побач — адрамантаваны дамок з высаджанымі пад сценамі кустамі дэкаратыўных ружаў. Побач з адной з сядзібаў на беразе ўласнага азярца сярод бульбянішча вудзіць карасёў дзед. На плоце аднаго з двароў сіняй фарбай выведзена неасэнсаванае, магчыма, прывітанне аўтарцы Уставаў на валокі: Italia. Squadra Azzura. Forza Milan. Апошняе дачку міланскага герцага Джавані‑Галеаца Сфорца магло б усцешыць асабліва.

Шчорсы

Мястэчка сустракае раўнюткім асфальтам і малітоўным домам — тут жыве досыць шмат пратэстантаў. Здаля віднеецца царква. Збудаваная ў 1770—1776 гадах па праекце італьянскіх архітэктараў Джузэпэ Сака і Карла Спампані на месцы колішняй драўлянай, сённяшняя Дзмітраўская царква дамінуе над наваколлем. Пажарная вышка на іншым баку плошчы і савецкі помнік невядомаму салдату насупраць — ёй не канкурэнты. Побач з помнікам Леніну ўсміхаецца герой грамадзянскай вайны Мікалай Шчорс, які ніколі не быў у Шчорсах. Помніка падканцлеру ВКЛ графу Яўхіму Храптовічу тут няма, як і Міцкевічу, які напісаў пад адным са шчорсаўскіх дубоў сваю «Гражыну».

Ад шматлікай спадчыны Храптовічаў у Шчорсах засталіся падмуркі колішняга палацу, фрагменты флігеля, будынак знакамітай некалі бібліятэкі, вяндлярня, а таксама рэшткі гаспадарчых пабудоваў. У 1998 годзе кінарэжысёр Уладзімір Арлоў здымаў тут адзін з першых айчынных серыялаў «Пракляты ўтульны дом». Утульнасці тут не пабольшала: бібліятэка як стаяла без вокнаў, так і стаіць, дарма што на сцяне напісана «Жыве Беларусь!».

Будынкі фальварку зарастаюць быльнягом ды пакрысе абвальваюцца. Трохі весялей справы з флігелем — у адным з яго памяшканняў працуе камерцыйная крама, у іншых жывуць людзі. Што да праклёну, то ён, пэўна, адрасаваны найперш мясцовым артэфактам мінулага.

Здавалася б, мястэчка магло б жыць з таго, што пакінула яму гісторыя, толькі давядзі да ладу тое, што ёсць. Не кажучы ўжо пра амбіцыйныя планы па аднаўленні графскага палацу. На гэта нібыта няма сродкаў. Затое ў Шчорсах забудавалі аградамкамі дзве вуліцы, што яскрава сведчаць пра прыярытэты сучасных «уладароў сяла». Тым не менш, хочацца верыць, што рана ці позна да адраджэння спрычыніцца хтосьці з мясцовых багатыроў. Падыходзячы да руінаў фальварку, мы пабачылі дарагое аўто, па дарозе ад напаўразбураных будынкаў да легкавіка ішлі гаспадары — маладая пара ў строгіх гарнітурах з нятанным фотаапаратам. Хто ведае…

Сямён Печанко, Шчорсы—Мінск, фота аўтара і photo.bymedia.net

***

Свіцязянскія сядзібы — адпачынак на прыродзе

«Свіцязянка»

Аматары адпачынку ў вёсцы могуць наведацца ў Варончу, што ў Карэліцкім раёне. Сядзіба «Свіцязянка» прапануе сваім гасцям тры пакоі ў добраўпарадкаваным доме. Побач з домам паркоўка. Кухня, сталоўка на 10 чалавек, санвузел, гарачая і халодная вада ў доме. Гаспадары гарантуюць экалагічна чыстае харчаванне. Пры сядзібе маецца вялікі сад. Дзеці могуць пабачыць хатніх жывёл і птушак. Аматары падарожжаў могуць замовіць экскурсіі ў Мір, Нясвіж, Жыровічы, на возера Свіцязь. Тэл. 8-029-675-87-80; 8-0159-62-74-34.

«Залатая падкова»

Сядзіба месціцца непадалёк ад возера Свіцязь у вёсцы Навасады Наваградскага раёну. Галоўная адметнасць тут — кузня. Госці сядзібы на свае вочы могуць пабачыць, як куюцца падковы, а то і атрымаць адну на шчасце ў падарунак. Тут ёсць невялікі мастацкі музей вышыўкі, іконаў, карцінаў. Для адпачынку прапануецца ўтульны дом, для аматараў адпачынку на вольным паветры ёсць пуня з сенам і пляцоўка для намётаў. Тэл. 8-015-97-76-8-08.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0