Масавых звальненняў у найбліжэйшы час у Беларусі не чакаецца, заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Пётр Грушнік 31 ліпеня на калегіі Мінпрацы ў Мінску.

Паводле яго слоў, звесткі маніторынгу, які праводзіцца Мінпрацы, паказваюць, што «істотнага пагаршэння сітуацыі з рэгістраваным беспрацоўем не назіраецца».

«Сітуацыя на рынку працы застаецца стабільнай, кіраванай, кантраляванай, прыняцця экстранных захадаў па забеспячэнні занятасці насельніцтва не патрабуецца», — сказаў Грушнік.

Узровень афіцыйнага беспрацоўя на 1 ліпеня склаў 0,9% колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва. На пачатак другога паўгоддзя на ўліку ў органах па працы, занятасці і сацыяльнай абароне было 41,7 тыс. беспрацоўных. Гэта на 2,3% менш, чым у 2008 годзе. 48% усіх, хто знаходзіўся на ўліку, атрымлівалі дапамогу па беспрацоўі. Яе сярэдні памер у чэрвені склаў 48,3 тыс. рублёў.

Усяго ў першым паўгоддзі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне за садзейнічаннем у працаўладкаванні звярнулася 166,9 тыс. чалавек, у тым ліку 106,7 тыс. беспрацоўных. Гэта на 0,9% менш, чым у першым паўгоддзі 2008 года. З улікам грамадзян, якія знаходзіліся на ўліку на пачатак года, у студзені—чэрвені ў працаўладкаванні мелі патрэбу 222,3 тыс. чалавек, у тым ліку 144 тыс. беспрацоўных. Гэта на 5,1% менш, чым у першым паўгоддзі 2008 года.

За паўгода на пастаянную працу было працаўладкавана 96,6 тыс. чалавек, у тым ліку 64,4 тыс. беспрацоўных. 12,2 тыс. беспрацоўных было накіравана на прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі, 267 сем’яў беспрацоўных перасялілі на новае месца жыхарства, 1,5 тыс. беспрацоўных пасадзейнічалі ў арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці. У аплачваных грамадскіх работах за першае паўгоддзе ўзяло ўдзел 43,8 тыс. чалавек, у тым ліку 27,3 тыс. беспрацоўных. Забяспечана часовае працаўладкаванне 21,1 тыс. студэнтаў і навучэнцаў у свабодны ад вучобы час.

Паводле слоў Грушніка, колькасць вакансій на рынку працы Беларусі ў параўнанні са студзенем знізілася і на 1 ліпеня склала 45,5 тысячы. Гэта на 33,8% ніжэй, чым у 2008 годзе.

Як паведаміў намеснік міністра, у межах выканання Дзяржпраграмы садзейнічання занятасці насельніцтва Беларусі на 2009—2010 гады за шэсць месяцаў было створана 76,8 тыс. працоўных месцаў. У сельскай мясцовасці і аграгарадках стварылі 10 тыс. месцаў, у малых і сярэдніх гарадскіх пасяленнях — 14,7 тысячы.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0