01.08.2009 / 16:59

Алоўкі ды асадкі – цяпер толькі ў вытворцаў? 11

Пасярэднікі выведзены з працэсу рэалізацыі юрыдычным асобам айчынных і імпартных тавараў.

Пасярэднікі выведзены з працэсу рэалізацыі юрыдычным асобам айчынных і імпартных тавараў на тэрыторыі Беларусі.

Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў № 991 «Аб некаторых пытаннях набыцця тавараў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь» ад 28 ліпеня. Тэкст дакумента размешчаны на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале Рэспублікі Беларусь.

У адпаведнасці з пастановай юрыдычныя асобы з гэтага часу павінны набываць тавары (за кошт уласных, пазыковых сродкаў і сродкаў бюджэту) толькі ў тых пастаўшчыкоў, якія з'яўляюцца вытворцамі, або ў іх афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў.

Пералікі афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў, у якіх юрасобы змогуць закупляць тавары, будуць зацвярджацца рэспубліканскімі і мясцовымі органамі дзяржкіравання па ўзгадненні з віцэ-прэм'ерамі, якія курыруюць пэўную сферу эканомікі. Для ўключэння ў пералік афіцыйных гандлёвых прадстаўнікоў неабходна прадставіць эканамічнае абгрунтаванне набыцця тавараў у пастаўшчыка.

Пастанова прынята «ў мэтах забеспячэння эфектыўнага расходавання грашовых сродкаў і правядзення на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь адзінай фінансавай палітыкі з улікам уплыву фактараў сусветнага фінансавага і эканамічнага крызісу».

Кіраўнік аргкамітэта па стварэнні Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін лічыць пастанову «вельмі дзіўным і незразумелым дакументам».

У сваім каментары ён звяртае ўвагу на тое, што «дзяржава па-ранейшаму ўмешваецца ў гаспадарчую дзейнасць прыватных камерцыйных арганізацый».

«З тэксту вынікае, што дакумент распаўсюджвае сваё дзеянне на ўсе віды юрыдычных асоб і набывае моц з моманту яго афіцыйнага апублікавання. Але дзе тады спіс упаўнаважаных прадстаўнікоў?» — заўважае Балыкін.

Акрамя таго, паводле яго слоў, «зусім незразумела, ці распаўсюджвае гэты нарматыўны акт сваё дзеянне толькі на закупкі па тэндэрах або на ўсе здзелкі куплі-продажу».

«Пачакаем афіцыйных каментараў. Вельмі хацелася б памыліцца, але ён цалкам можа азначаць нейкі новы віток барацьбы з пасрэднікамі. І калі гэта так — як жа быць з размовай пра лібералізацыю?» — задае пытанне эксперт.

0
Міхаліна / Адказаць
01.08.2009 / 22:10
Прабачце, даражэнькія суайчыннікі, але гэта ўжо занадта. Улада, якая мэтанакіравана заганяе ў магілу найбольш актыўную частку народа - прыватных прадпрымальнікаў - не заслугоўвае існавання. Гэта - медыцынскі факт. Бо пра такую пастанову можна размаўляць толькі моваю медыцыны - гэта дыягназ, а не прававы акт. У Навінкі ўсіх аўтараў!
0
Homo habilis / Адказаць
02.08.2009 / 14:30
Апошняя спроба вялікага перадзелу рынку і грошай перад калапсам тутэйшай хунты. Лібералізацыя капут! Бульбашы хэндэ хох!
0
Кнехт / Адказаць
02.08.2009 / 18:16
Гэткія "пастановы" і "указы" хутчэй сведчаць аб разгубленасці нашай улады перад "неіснуючым крызісам" і напамінаюць спадзевы фюрэра напрыканцы вайны на "цуда-зброю". Аднаго яны не разумеюць - жыццё не забароніш! Калектыўная думка нават адносна вольных людзей пераадолее ўсе іхныя забароны, і што характэрна - з іхняю дапамогаю.
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру