Беларуская чыгунка да канца гэтага года плануе ўвесці прычапны бесперасадачны вагон у напрамку Мінск — Базель (Швейцарыя).

Новы вагон уключаць у састаў цягніка нумар 11/12 Масква — Варшава — Амстэрдам.

Плануецца, што ён будзе карыстацца папулярнасцю як у бізнесменаў, якія падарожнічаюць паміж Беларуссю і Швейцарыяй, так і ў турыстаў. «Цяпер фарміруецца графік руху вагона, вызначаецца перыядычнасць яго курсіравання, — расказалі спецыялісты. — Ужо да канца лета гэта інфармацыя павінна быць узгоднена і вядома».

Беларуская чыгунка штогод уводзіць новыя маршруты ў міжнародных пасажырскіх зносінах. Так, з 31 мая 2009 г. па БЧ пачалі курсіраваць бесперасадачныя вагоны Брэст — Сургут, Брэст — Астана, Мінск — Масква праз Бабруйск і Гомель. У састаў цягніка нумар 100/99 Мінск — Сімферопаль на летні перыяд уключаны вагон‑рэстаран.

Сёння пасажырскія чыгуначныя зносіны звязваюць Беларусь з Амстэрдамам, Берлінам, Кёльнам, Варшавай, Прагай, Браціславай, Варнай, Бухарэстам, Венай, Будапештам, а таксама сталіцамі і адміністрацыйнымі цэнтрамі Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Казахстана.

Плануецца, што ўжо з канца гэтага года купляць білеты на паязды БЧ можна будзе праз Інтэрнэт. «Пасажыр зможа набыць білет у патрэбным напрамку, аплаціўшы заказ шляхам уводу часткі рэквізітаў сваёй банкаўскай карткі ў спецыяльную графу на інтэрнэт‑сайце БЧ, — растлумачылі спецыялісты. — Такім чынам, нашы кліенты будуць пазбягаць чэргаў каля білетных кас і эканоміць свой час»

Вольга Бяляўская, БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0