Днямi сталi вядомыя вынiкi залiчэння абiтурыентаў на дзённую бюджэтную форму навучання ў ВНУ другога патоку. Характэрнай адметнасцю гэтага года стала павелiчэнне прахаднога бала на многiх спецыяльнасцях ад 10 да 30 пунктаў.

А ў БДУ, напрыклад, на хiмiчным факультэце прахадны бал павялiчыўся i ўвогуле больш чым на 40 пунктаў: з 255 балаў у мiнулым годзе да 296 у гэтым. На 42 пункты павялiчыўся прахадны бал i на спецыяльнасцi «лiнгвакраiназнаўства» — з 302 да 344. Студэнтамi дзённай бюджэтнай формы навучання ў Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэце сталi 1995 маладых людзей. Як заўсёды, якасны склад першакурснiкаў вядучай ВНУ краiны аказаўся надзвычай моцны. Дастаткова сказаць, што сярэднi бал атэстатаў будучых студэнтаў БДУ склаў 9 балаў (летась — 8,9 бала).

Без экзаменаў былi залiчаны ў склад студэнтаў 168 пераможцаў мiжнародных i рэспублiканскiх алiмпiяд, а таксама лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь (у 2008 годзе — 123). Сярод залiчаных 20 працэнтаў скончылi школу з залатымi цi сярэбраным медалём (у 2008 годзе —15 працэнтаў).

Пераважная большасць тых, хто заваяваў права навучацца ў БДУ, з’яўляюцца выпускнiкамi лiцэяў i гiмназiй (56 працэнтаў),

летась выхаванцы навучальных устаноў новага тыпу складалi 44 працэнты ад агульнай колькасцi залiчаных. І кожны другi абiтурыент, якi здолеў прабiцца ў кола студэнтаў, набраў у суме больш як 300 балаў.

Вельмi добрыя вынiкi прадэманстравалi сёлета выхаванцы сельскiх школ: 36 працэнтаў абiтурыентаў былi залiчаны па аб’яднаным конкурсе, паколькi ў сельскiх абiтурыентаў прахадны бал быў вышэйшы, чым у гараджан. У прыватнасцi, больш высокiя балы былi ў выхаванцаў сельскiх навучальных устаноў, якiя паступалi на геаграфiчны, гiстарычны, фiзiчны факультэты, на факультэт прыкладной матэматыкi i iнфарматыкi, а таксама на большасць спецыяльнасцяў фiлалагiчнага факультэта. Сярод прыродазнаўчых спецыяльнасцяў самы высокi прахадны бал (358 балаў) быў зарэгiстраваны на спецыяльнасцi «камп’ютарная бяспека» факультэта прыкладной матэматыкi i iнфарматыкi (у 2008 годзе — 352).

Сярод гуманiтарных спецыяльнасцяў найвышэйшы прахадны бал (353) зафiксаваны на спецыяльнасцi «iнфармацыя i камунiкацыя» факультэта фiласофii i сацыяльных навук (у 2008 годзе — 344).

Сярод эканамiчных спецыяльнасцяў — на спецыяльнасцi «сусветная эканомiка» (357 балаў, у 2008 годзе — 344).

Сярод спецыяльнасцяў, дзе праводзiўся творчы конкурс, самы высокi прахадны бал (41,2 з магчымых 50 балаў) назiраўся на спецыяльнасцi «дызайн» (напрамак «камунiкатыўны дызайн»). Трэба патлумачыць, што гэта сума балаў складаецца з сярэдняга бала атэстата, двух сертыфiкатаў ЦТ, пераведзеных у 10‑бальную сiстэму, i двух ацэнак за творчыя ўступныя iспыты, якiя таксама ацэньвалiся па 10‑бальнай шкале.

Дарэчы, у Беларускiм дзяржаўным нацыянальным тэхнiчным унiверсiтэце прахадны бал на спецыяльнасць «архiтэктурны дызайн», дзе таксама праводзiлiся дадатковыя экзамены, склаў 49,1 бала, а на спецыяльнасць «архiтэктура» — 45,5 бала. Абiтурыентам, якiя паступалi на «архiтэктурны дызайн», трэба было здаць экзамен па «Творчасцi», якi складаўся з трох этапаў: малюнак, кампазiцыя i жывапiс. Кожны этап ацэньваўся асобна па 10‑бальнай шкале. Будучым архiтэктарам трэба было здаць малюнак, кампазiцыю плюс экзамен па чарчэннi.

Самыя высокiя прахадныя балы ў БНТУ па традыцыi зафiксаваныя на спецыяльнасцях эканамiчнага напрамку. Напрыклад, на спецыяльнасцi «сусветная эканомiка» прахадны бал склаў для гараджан 324 балы, на спецыяльнасцях «маркетынг» — 323 балы, «бiзнэс‑адмiнiстраванне» — 317 балаў.

На новай спецыяльнасцi аўтатрактарнага факультэта «транспартная лагiстыка», дзе план прыёму на бюджэт складаў усяго 8 чалавек, гараджанам трэба было набраць 323 балы. Даволi жорсткая канкурэнцыя склалася таксама на будаўнiчым i энергетычным факультэтах БНТУ. Так, на спецыяльнасцi «прамысловае i грамадзянскае будаўнiцтва» прахадны бал склаў для абiтурыентаў з сельскай мясцовасцi — 272 балы i для гараджан — 286 балаў, на спецыяльнасцi «экспертыза i кiраванне маёмасцю» — 290 i 294 балы адпаведна, на спецыяльнасцi «электразабеспячэнне» — 268 i 294 балы, «паратурбiнныя ўстаноўкi атамных электрычных станцый» — 188 i 271 бал. Вельмi прыцягальнай для абiтурыентаў стала i спецыяльнасць «мытная справа», дзе конкурс склаў 2,8 чалавека на месца, а «пропускам» сталi 282 балы для абiтурыентаў з сельскай мясцовасцi i 319 балаў — для выхаванцаў гарадскiх навучальных устаноў. Не засталася незаўважанай добра падрыхтаванымi абiтурыентамi i спецыяльнасць «метралогiя, стандартызацыя i сертыфiкацыя», дзе прахадныя балы спынiлiся на адзнацы ў 231 i 273 балы (адпаведна для вяскоўцаў i гараджан).

У Беларускiм дзяржаўным тэхналагiчным унiверсiтэце ў лiдэры па прахадным бале вырвалiся спецыяльнасцi «выдавецкая справа», на якую можна было паступiць маючы ў сваiм багажы не менш чым 281 бал, «фiзiка‑хiмiчныя метады i прыборы кантролю якасцi прадукцыi» (279 балаў), «бiятэхналогiя» (272 балы), «тэхналогiя тлушчаў, эфiрных маслаў i парфумерна‑касметычных прадуктаў» (302 балы для гараджан i 244 балы — для вяскоўцаў).

Не сталi нечаканасцю для прыёмнай камiсii i высокiя прахадныя балы на ўсiх спецыяльнасцях iнжынерна‑эканамiчнага факультэта, якiя вагалiся сёлета ў межах 280 балаў (плюс‑мiнус 1‑2 балы).

У Беларускiм дзяржаўным медыцынскiм унiверсiтэце прахадныя балы сёлета таксама сталi намнога вышэйшыя за леташнiя. Так, на лячэбным факультэце для гараджан прахадны бал склаў 331 (летась 296 балаў), на педыятрычным факультэце — 309 балаў (летась — 270 балаў), на стаматалагiчным — 359 балаў (летась 300), на медыка‑прафiлактычным — 286 (летась 262) i на ваенна‑медыцынскiм — 253 балы (было 240 балаў).

Трэба дадаць, што кантрольныя лiчбы прыёму ў БДМУ былi сёлета павялiчаны на 100 чалавек на лячэбным факультэце i на 50 чалавек — на педыятрычным. А вось на стаматалагiчны факультэт прыём быў скарочаны больш чым напалову. Таму, напэўна, i прахадны бал для будучых стаматолагаў аказаўся надзвычай высокiм.

Надзея Нікалаева, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0