Улада

Люба Тарасюк

З палескай вёскі Пінкавічы прыйшла сумная вестка – ня стала Любы Тарасюк. Падупалае здароўе змусіла яе пакінуць сталіцу, працу ва ўнівэрсытэце, апошні год яна жыла ў сваім родным селішчы. Вестка дасягнула Менску са спазьненьнем – сябры і калегі зь філфаку БДУ, дзе Любоў Канстанцінаўна адпрацавала больш за трыццаць гадоў, не змаглі прыехаць на разьвітаньне-пахаваньне. Раздольны палескі краявід ужалобіўся яшчэ адным надмагільным крыжам...

Што адчувалася адразу ў характары Любы Тарасюк – яе цьвёрдая беларуская пазыцыя. Многія філфакаўскія выкладчыкі за дзьвярыма аўдыторыяў непрыхавана размаўлялі па-расейску. Некаторыя, відаць, выконваючы спэцзаданьне, наведваліся да нас на сходкі моладзевага клюбу – адгаворвалі, папярэджвалі, пагражалі. Адзін мовазнавец, ідэалягічны апякун нашага студэнцкага атраду, штоночы здымаў зь вільчыка хаты, дзе жылі студэнты, бела-чырвона-белы сьцяг. Усё гэта помніцца. Ад Любы Тарасюк мы заўжды мелі падтрымку. Шашаль савецкай ідэалёгіі не стачыў ейнай беларускай сарцавіны.

Згадваецца восень 1984 году. Калі ў студэнцкую аўдыторыю зайшла Люба Тарасюк, падумалася, што ёй больш пасавала б выкладаць марксісцка-ленінскую філязофію – гэткай строгай, дысцыплінаванай і ў стылі паводзінаў, і ў манеры апранацца яна выглядала. А чытала Тарасюк беларускую народную творчасьць – уводзіла нас у космас айчыннага фальклёру, расказвала пра песьні і прыпеўкі, казкі і прыказкі, замовы і галашэньні, загадкі і старажытныя павер’і, легенды і паданьні. Учорашнія вяскоўцы, што прыехалі па вялікую навуку ў Менск, спачатку ня вельмі каб пранікаліся сур’ёзнасьцю прадмету («от, падобныя замовы я ад сваёй бабулі чуў...»). Але выкладчыца праз паўгоду дамаглася свайго, і на іспыт да яе студэнты ішлі з гэткім самым душэўным трымценьнем, як і да карыфэяў мовазнаўства – Паўленкі і Супруна.

Любоў Канстанцінаўна была навуковай кіраўніцай маёй дыплёмнай працы па паэзіі Ларысы Геніюш. Тады, пры саветах, кнігу паэткі «Ад родных ніў» у Беларусі дастаць было немагчыма, і мне прывезьлі скапіяваны асобнік з праскай бібліятэкі (памятаецца аўтограф на ім М. Забэйду-Суміцкаму). Мяне зьдзівіла, што кіраўніца пазычыла ў мяне ўвесь капіяж і акуратна, ад рукі, перапісала ўсе дзевяноста два вершы сабе ў сшытак. Нам, студэнтам эпохі перабудовы, цяжка было зразумець, як праглі старэйшыя дапасьці да недасягальных раней, схаваных за сямю замкамі ў спэцархівах тэкстаў! Пакрыўджаны, на нейкія дробныя заўвагі да дыплёму, я не даўмеўся запрасіць Любоў Канстанцінаўну на абарону. Прафэсар Алег Лойка, выступаючы з уласьцівым яму патасам, раз-пораз паглядваў на дзьверы: а дзе ж кіраўніца? Божа мой, як мне да гэтай пары сорамна за тыя даўнія амбіцыі...

Паэтычны зборнік Любы Тарасюк «Смага ракі», што выйшаў у 1983 годзе ў сэрыі «Першая кніга», так і застаўся адзіны. І ў гэтым мне бачыцца яшчэ адно ейнае наканаваньне – насіць у сабе маўчаньне паэта. А Любоў Канстанцінаўна была паэтам. «Як ты ішоў!.. Твая дарога цябе, абветранага, абдымала / і твае ногі ціха цалавала, / у промнях сонца, што ішло з табою, / усьлед салодкім пылам танцавала».

Сваю апошнюю кнігу «Апалёгія красы» (2003) Люба Тарасюк выдала ўласным коштам накладам усяго 100 асобнікаў. У ёй – удумлівыя, тонкія назіраньні над паэзіяй Н.Арсеньневай, Л.Геніюш, М.Багдановіча, А.Зязюлі, К.Сваяка – паэтаў, хто маліўся Красе, хто з падказкі лёсу стаўся добраахвотным палоньнікам бога Апалёна. Перакананы: «Апалёгія красы» яшчэ сустрэнецца з варштатам Скарыны.

Felix opportunitate mortis. Шчасьлівы, хто памірае своечасова. Але ці бывае сьмерць своечасовай? У апошнія месяцы, прадчуваючы сваё дачаснае згасаньне, Люба Тарасюк, сама знаўца замоваў і праклёнаў народных, часам жартавала: маўляў, залішне патрабавальна ставілася я да студэнтаў, вось і праклялі, відаць, мяне... Не дадаў жыцьцёвага аптымізму, напэўна, і той факт, што артыкулы Тарасюк пра Арсеньневу і Геніюш у апошні момант выкінулі зь нядаўна выдадзенай энцыкляпэдыі «Беларускі фальклёр». Што ж, у дзяржаўных выдавецтвах і рэзыдэнцыях сёньня гаспадараць дачасьнікі. А апалёгія красы слова беларускага, якому слугавала Люба Тарасюк, – зьява вечная. Дык слухайма голас Вечнасьці, якая ўзяла да сябе таленавітую і адданую беларушчыне паляшучку зь вёскі Пінкавічы.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі1

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Усе навіны →
Усе навіны

Дзяўчына хацела арандаваць у Мінску стыльную двухпакаёўку за $380, але западозрыла нядобрае

Пяць гучных дыкпік-скандалаў апошніх гадоў12

«Пакуль пашпарт дзейнічае». Эмігранты пра тое, ці не страшна ім адпраўляць у Беларусь дзяцей на летнія канікулы1

Жыхары райцэнтра ў Віцебскай вобласці гадамі скардзяцца на дрэнную ваду

Расія нарошчвае вытворчасць «шахедаў» і неўзабаве зможа запусціць 2000 за адну ноч11

У Італіі 78-гадовы мужчына «ажыў» праз 30 хвілін пасля спынення сэрца4

У Цюменскай вобласці «герой СВА» забіў сваю жонку ў дзень вяселля11

«Хацеў выратаваць хаця б нейкую колькасць людзей». Дачка беларуса, затрыманага па справе «Беларускага Гаюна», расказала пра бацьку6

«Неверагодны спектакль крывадушніцтва». Дзмітрый Гурневіч абурыўся ажыятажам вакол скандалу на канцэрце Coldplay25

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі1

Асуджаны за «Гаюн» да хіміі брат Ігара Лосіка ўцёк з Беларусі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць