ZET. Go-records, 2006.

Геніяльна.

Адзін з самых доўгачаканых альбомаў гэтага стагодзьдзя ад вялікіх кансьпіратараў беларускага року, якіх, зрэшты, ужо даўно ўсе вылічылі. «Людзі ў масках» пяюць пра надзённыя рэчы – пра Айчыну, якая выглядае, як стомленая жанчына, пра Дзяржтэлерадыё, якое высмоктвае ўсе жыцьцёвыя сілы, і зіхоткага анёла, які абавязкова прыляціць. «Людзі ў масках» знайшлі свой ідэальны музычны фармат, і ўсё ў іх на месцы – дзе гітарка з драйвам, а дзе скрыпачка мілая, а дзе ўсё разам. Гэта той выпадак, калі слухаеш дыск некалькі разоў і аніяк ня можаш абраць упадабаную песьню, бо ў кожнай ёсьць нешта такое, што шчэ доўга не адпускае. З асацыяцыйнай трыяды N.R.M. – «Крамбамбуля» – ZET апошнія вылучаюцца найперш сваёй непрадказальнасьцю. Зэтаўцы могуць выдаць узор бардаўскай песьні, уразіць сацыяльнай чытанкай, закасіць пад «Tito i Tarantula» ці зьдзівіць адарвана-правакацыйным «Я цябе люблю, Я цябе заб’ю».

Добрую палову песень з дыска грамада ўжо пасьпела вывучыць на памяць, а «Белакрылы анёл» пасьпеў адзначыцца ў якасьці галоўнага беларускага гіта-2005, паводле вынікаў на «Тузіне Гітоў».

Рэклямная разынка: кожны, хто набывае дыск, аўтаматычна атрымлівае сьвежы нумар газэты «Радзіма», адрэдагаванай знаным беларускім газэтнікам Х.Ячубовікам. Добра, што выдаўцы пазначылі, што рэдакцыя не адказвае за зьмешчаныя на старонках газэты паклёп і абразу. А то пацягнулі б яе ў суд адразу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?