05.08.2009 / 11:46

Праз год пасля «вайны 08.08.08» 14

Калі летась у жніўні расійскія танкі рушылі на поўдзень праз Рокскі тунэль, Крэмль, вядома ж, уяўляў, як стануць на дыбкі Еўропа з Амерыкай. Але ўжо ў тым, што «вайну 08.08.08» падтрымае заўсёды бойкі на антызаходнюю рыторыку беларускі саюзнік, наўрад ці хто ў Маскве сумняваўся.

Калі год таму расійскія танкі рушылі на поўдзень праз Рокскі тунэль, Крэмль, вядома ж, уяўляў, як стануць на дыбкі Еўропа з Амерыкай. Але ўжо ў тым, што «вайну 08.08.08» супраць праамерыканскага Саакашвілі падтрымае заўсёды бойкі на антызаходнюю рыторыку беларускі саюзнік, наўрад ці хто ў Маскве сумняваўся.

Па гарачых слядах каўказскай вайны пасол Расіі ў Мінску Сурыкаў нецярпліва нагадваў тутэйшаму начальству пра саюзніцкі абавязак. І нават не ўтойваў перспектывы ўключэння Абхазіі з Паўднёвай Асеціяй у склад саюзнай дзяржавы, як толькі іх прызнае Беларусь. Апошняе нават не выклікала сумнення.

Мінулыя 12 месяцаў сталі для расійскага кіраўніцтва часам поўнага крушэння гэтых аптымістычных разлікаў. Мала за тое, што дасюль толькі Нікарагуа прызнала дзве згаданыя рэспублікі. Вайна на Каўказе дабіла так званы саюзны праект і падштурхнула Аляксандра Лукашэнку да актыўнай гульні на заходнім кірунку. Як выказаўся адзін з мінскіх аналітыкаў, «Лукашэнка зразумеў, што Расія ўсё ж не папяровы тыгр, у яе стане сілы ды рашучасці скруціць шыю любому свавольнаму дзеячу на постсавецкай прасторы».

Са свайго боку, і ЕС пад уражаннем удару Масквы па Саакашвілі рэзка перагледзеў парадыгму дачыненняў з «апошнім дыктатарам Еўропы», адмовіўшыся ад ізаляцыі і санкцый. Пачалося ўцягванне Беларусі — такой, якая ёсць — у еўрапейскую арбіту.

У выніку за год замежная палітыка Мінска перажыла паўзучую эвалюцыю. Сёння аўтарытарны лідэр Беларусі даводзіць сваім дыпламатам, што краіна не мусіць рабіць выбар паміж адносінамі з Масквой і Еўрасаюзам. Інакш кажучы, гэтыя дачыненні аднолькава важныя.

Пасля шматгадовых заяў пра безальтэрнатыўнасць Расіі як стратэгічнага партнёра гэта азначае дэ-факта прынцыповае карэктаванне Мінскам геапалітычнай сістэмы каардынатаў.

Як зазначае Андрэй Дынько, «год таму Расія набыла Абхазію і Паўднёвую Асецію, але страціла Беларусь».

Тут ёсць, бадай, публіцыстычная гіпербала, але, прынамсі, відавочны моцны еўрапейскі трэнд краіны, каторую многія нават на Захадзе прывыклі разглядаць як пратэктарат Масквы.

Год таму маскоўскія стратэгі былі ўпэўнены, што жорсткі аўтакрат Лукашэнка назаўжды рассабачыўся з Захадам і асудзіў сябе на ізаляцыю, амплуа ізгоя. Карацей, куды ён дзенецца з падводнай лодкі! Уваходжанне Беларусі ва «Усходняе партнёрства" пад патранажам ЕС стала для Крамля халодным душам.

Зараз ужо спляліся ў клубок прычыны і наступствы. Ці то ўзмацненне прэсінгу Масквы прымусіла Лукашэнку шукаць ратунку ў збліжэнні з ЕС, ці то, наадварот, расійскае кіраўніцтва стала рэзка помсціць за «здраду»? Факт тое, што Мінск з Масквой цяпер не вылазяць з гандлёвых войнаў. Апафеозам стала «Вялікая Малочная» (якую, дарэчы, выйграла Беларусь).

Малочны канфлікт, у прыватнасці, прывёў да таго, што Лукашэнка байкатаваў пагадненне аб Калектыўных сілах аператыўнага рэагавання АДКБ. Гэты вузел Крамлю не пашэнціла развязаць і на нефармальным саміце ў Кіргізіі 31 ліпеня. АДКБ, задуманая маскоўскімі стратэгамі як інструмент уплыву на постсавецкім абсягу ды абароны сярэднеазіяцкага «мяккага падбрушша» (на «антыНАТО» ён апрыёры не цягне), — гэты праект цяпер капітальна завісае.

Дарэчы, пасля «вайны 08.08.08» прывід КСАР, гэтакага своеасаблівага інтэрнацыянальнага спецназу, напэўна выклікае халадок паміж лапаткамі ў саміх партнёраў Крамля па АДКБ. А ну як «старэйшы брат», пасварыўшыся з кімсьці з іх, возьме ды ўлупіць гэтым кулаком? Паводле таго ж сцэнарыя, як войскі Варшаўскай дамовы «ратавалі ад контррэвалюцыі» Чэхаславакію ў 1968-м. Або паводле схемы леташняй «аперацыі па змушэнні Грузіі да міру».

Дый наконт уваходжання дзвюх каўказскіх рэспублік у саюзную дзяржаву пасол Сурыкаў, мабыць, дарма казаў адкрыта. Акурат гэтая перспектыва і не грэе Лукашэнку, які касцямі ляжа, але не саступіць нават малекулы паўнамоцтваў у любой структуры. А тут атрымлівалася б — тры на аднаго.

Карацей, сёння ў гэтак званых саюзных дачыненнях — класічная сітуацыя «каса на камень». У Расіі вычэрпваюцца як рэсурсы, так і жаданне субсідаваць беларускі рэжым за прыгожыя вочкі. Лукашэнка ж не збіраецца сур'ёзна дзяліцца з Масквой ні ўладай, ні ўласнасцю (што, па вялікім рахунку, адно і тое ж).

Пры гэтым не выключаны прагматычны торг з Крамлём па асобных пытаннях. Увогуле, як мяркуюць многія палітолагі, пакуль што мы будзем назіраць палітыку ківача. Бо Еўропа з яе дэмакратычнымі ідэфіксамі таксама не падарунак для Лукашэнкі. Але ў цэлым мяккае дыстанцыяванне Беларусі ад Расіі (і, адпаведна, урастанне ў Еўропу) будзе працягвацца.

Адметна, што новы палітычны трэнд ужо ўваходзіць у масавую свядомасць беларусаў: з верасня 2008 года па чэрвень 2009-га доля гатовых прагаласаваць за ўваходжанне краіны ў ЕС вырасла з 26,7 да 41,4%.

Разам з тым, паводле меркавання мінскага ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, у агляднай перспектыве беларускае кіраўніцтва праз шэраг прычын не стане разрываць вайскова-стратэгічнае супрацоўніцтва з Расіяй. Але ёсць такое паняцце, як цана пытання. Гэта тычыцца, у прыватнасці, і пагаднення аб КСАР. Вось няхай крэдыт дадуць, адчыняць рынкі — тады, маўляў, падумаем.

Гісторыя «братняй інтэграцыі» сведчыць, дарэчы, што любыя пагадненні можна паспяхова сабатаваць і пасля падпісання. Дый сама Масква будзе вымушана пагадзіцца з нейкім рэдукаваным, чыста сімвалічным удзелам Беларусі ў КСАР, лічыць Алесін. Тут ужо Крамлю не да раскошы, хоць бы аблічча захаваць!

Так што вынік «вайны 08.08.08» — гэта суцэльныя нулі ў планах Крамля на беларускім кірунку. Плюс дзікія васьмёркі ў колах гэтак званага саюзнага праекта: прыехалі! Што ж да Беларусі, то, мусіць, гэта той выпадак, калі няма ліха без дабра.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Neo / Адказаць
05.08.2009 / 12:17
Вопрос редакции: 08.08.08. в на странице НН был размещен материал о том, что Грузия решмла восстановить конституционный порядк в Южной Осетии. Этот материал был точно. Сейчас я не нашел его в архиве. С чем это связано? http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=18948 Ці не гэты?
0
Neo / Адказаць
05.08.2009 / 12:23
Да этот, спасибо. Но в архиве его НЕТ. але я кінуўт Вам спасылку цераз сайт, выбіраеце злева дату на календары (8 жніўня 2008) і шукаеце "ўручную" патрэбны артыкул -- ніякай магіі :) вэб-рэдактар
0
нацыяналіст / Адказаць
05.08.2009 / 15:40
Нікарагуа гэтак і не прызнала Абхазію і ЮА. Прэзідэнт казаў, што хоча, але парламэнт заваліў ягоную ініцыятыву.
Паказаць усе каментары/ 14 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру