Скончана расследванне гучнай крымінальнай справы ў дачыненні да былога намесніка дырэктара па харчаванні і бухгалтара гатэлю «Еўропа». Іх абвінавачваюць ў здзяйсненні крадзяжу ў буйным памеры і службовым падлогу пры дапамозе кампутарнай тэхнікі.

У верасні 2008 года ў галоўнае ўпраўленне па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі МУС паступіла інфармацыя пра тое, што ў рэстаране гасцініцы «Еўропа» (першая і адзіная пяцізоркавая гасцініца ў Беларусі) праводзяцца «левыя» банкеты.

Падчас праверкі фінасава‑гаспадарчай дзейнасці гасцініцы аператыўнікамі інфармацыя пацвердзілася: насамрэч у рэстаране праводзіліся банкеты, якія не былі запісаныя ў бухгалтарскай справаздачнасці.

Як аказалася, незаконныя банкеты арганізоўвала былы намеснік па харчаванні. З мэтай удзелу ў незаконных аперацыях яна прыцягнула і бухгалтара ўстановы.

Згодна распрацаванага намесніцай дырэктара плану, яна зрабіла падробныя рахункі на бланках ПСУП «Гасцініца Еўропа». У іх яна занесла няправільныя звесткі пра замовы банкетаў (паводле колькасці страваў, напіткаў і іх кошту). Гэтыя рахункі падазраваныя перадавалі напярэдадні банкетаў працаўнікам рэстарана, якія ў сваю чаргу прад’яўлялі іх кліентам для аплаты.

Акрамя таго, увёўшы ў зман працаўнікоў рэстарана, намесніца дырэктара давала ўказанні ўводзіць ў кампутарную сістэму, якая выкарыстоўваецца у рэстаране гасцініцы для ўліку продажаў, няправільныя звесткі пра замовы кліентаў з указаннем меншага асартыменту, колькасці прадукцыі на меншую суму. А пасля аплаты рахункаў кліентамі яна забірала розніцу сабе. Ва ўсіх гэтых дзеяннях ёй дапамагала бухгалтарка.

Такім чынам яны здзейснілі крадзеж на агульную суму 20,8 мільёнаў рублёў, а таксама службовы падлог шляхам скажэння бухгалтарскіх справаздач з выкарыстаннем кампутарнай тэхнікі на суму 447,2 мільёнаў рублёў.

Крымінальная справа накіраваная ў суд. Згодна з заканадаўствам за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі арт. 210 КК прадугледжана пакаранне ад 3 да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

Паводле прэс‑службы МУС, на гэты момант абедзве падазраваныя прызналі сябе вінаватымі і кампенсавалі шкоду ў памеры 30 мільёнаў рублёў. Праверка аператыўнікамі працягваецца.

Вольга Жарнасек

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0