Анатоль Сідарэвіч — пра пасмяротную кнігу Ніны Мацяш.

Ніна Мацяш. У прыгаршчах ветру: Вершы, пераклады, эсэ. – Менск: Літаратура і мастацтва, 2009. Наклад 2000 асобнікаў, 144 стар.

Гартаю кніжку ў цьвёрдай вокладцы. Кніжку, у якой паэтычныя радкі суседзяць зь не пазбаўленымі паэзіі радкамі празаічнымі, бо гэтыя празаічныя радкі напісаныя паэткай пра паэтаў і паэзію.

Што параіць чытачу? Мо гэтыя радкі?

Прачніся, Францыя, даволі сну, даволі!
Няўжо ня спрыкрыла? Што сталася з табой?
Як можна так трываць насьмешку над сабой,
Такой рабыняй быць, пакорнай у нядолі?

Знаёмы матыў? Гэтыя радкі напісаныя французам Жанам Вакленам дэ Ля Фрэнэ ў XVI стагодзьдзі, а перакладзеныя беларускай Нінай Мацяш на пачатку ХХІ стагодзьдзя.

Францыя задыхалася ў рэлігійных войнах, у барацьбе Рэфармацыі і Контррэфармацыі, французы забівалі французаў, і паэты не маглі заставацца абыякавымі да лёсу бацькаўшчыны. Сваімі творамі яны, апроч таго, сьцьвярджалі правы роднае мовы, якую многія французы лічылі беднаю і прымітыўнаю ў параўнаньні з лацінскаю ды грэцкаю. Францыі было яшчэ трохі далекавата да тае эпохі, калі на мове П’ера дэ Рансара, Жана Ваклена дэ Ля Фрэнэ ды іншых паэтаў Плеяды загаварыла ўся адукаваная Еўропа. Але для гэтага спатрэбілася, каб да ўлады прыйшоў кароль, які дбаў пра веліч і славу Францыі, кароль, якому Гайнрых Ман прысьвеціць сваю знакамітую дылёгію.

Ведама ж, Ніна Мацяш перастварыла для нас творы паэтаў Плеяды ня толькі дзеля іх сугучнасьці нашым патрыятычным пачуцьцям, але й дзеля іх красы, бо ўсё праходзіць, але «не ўмірае праўдзівая краса» (Антон Луцкевіч). Менавіта сымфонія грамадзянскага і эстэтычнага, патрыятычнага і мастацкага вабіць Ніну Мацяш у творчасьці ўкраінкі Ліны Кастэнка і полькі Віславы Шымборскай. Разьдзелы зь перакладамі вершаў гэтых паэтак і з натхнёнымі радкамі пра іх таксама складаюць зьмест кнігі «У прыгаршчах ветру».

Гэтую кнігу з арыгінальнымі вершамі і зь перакладамі з францускай, польскай ды ўкраінскай моваў Ніна Мацяш склала сама незадоўга да свае сьмерці. Прадмову да кнігі пісаў Генадзь Праневіч. І гэтак здарылася, што да гэтае прадмовы аўтару давялося пісаць post scriptum. У ім Генадзь Праневіч прызнаецца: калі ён пісаў прадмову, яго «трывожыла... адна, здавалася б, нязначная дэталь: лічбавая сымболіка зборніка – чатырнаццаты – як апошні, заключны радок у санэце».

Можна казаць пра тэматыку апошніх вершаў Ніны Мацяш. Але ці ёсьць у паэзіі новыя тэмы? Вершы, зьвернутыя да маці й бацькі, вершы, прысьвечаныя памяці бацькоў, сяброў і калегаў – Янкі Брыля, Жэні Янішчыц, Ніны Гілевіч, і прысьвечаныя жывым: Рыгору Барадуліну, Дануце Бічэль. Дарэчы, верш «Ён ведае» не прысьвечаны Рыгору Барадуліну наўпрост, і калі б не апошні, набраны курсівам і ў дужках радок «(Спытайцеся ў Рыгора Барадуліна)», мы маглі б гадаць, пра каго гэты твор. А яшчэ ў гэтай кніжцы вершы‑партрэты («Ня грымнуцца б», «Чалавечая гліна», «Чарнавочка», «У ажыньніку будняў»). І вершы пра жыцьцёвыя сытуацыі («На падлеткавай сьцяжынцы», «Вечны спрэчнік»).

Можна казаць пра паэтыку апошніх вершаў Ніны Мацяш. Мне, напрыклад, кінуліся ў вочы вершы «З табою» (прысьвечаны Дануце Бічэль) і «Чытаючы Анатоля Вярцінскага». У гэтых творах цытаты з паэтаў чаргуюцца з уласнымі радкамі Ніны Мацяш. Такога спосабу вершаскладаньня ў нашай паэзіі я раней не сустракаў. Як аматар кананізаваных формаў, не магу не адзначыць, што ў чатырнаццатым зборніку Ніны Мацяш надрукаваны і вянок санэтаў.

Мы чытаем у гэтым зборніку вершы сталай паэткі, якая прадчувае сьмерць («Сьнег ляціць усё й ляціць наўскос...»). Паэткі, для якое «смутак стаўся часам» («Зноўку дождж...»). Паэткі, якая ведае: «Калі душа прагне песьні / непапраўныя страты дадуць ёй малітву» («Чарнавочка»). Паэткі, якая ведае і тое, што «адно любоўю можна стому, / жыцьцё і скон свой апраўдаць» («Ластаўка»). Паэткі, якая думае пра душу і духоўнае. У двух радках – «Незаплямленасьць ступаньня / вузкай лесьвіцай спляванай» – выяўленая, па‑мойму, галоўная праблема нашага жыцьця: як застацца чыстым у гэтым брудным сьвеце? Гэта радкі зь вершу «Сьвятло загадкі». А вось заключныя радкі іншага вершу: «Ня дзіва спатыкнуцца ў руху / Ня грымнуцца б з вышыняў духу...» («Ня грымнуцца б»). І настальгія па ідэале: «Да гэтай мажнасьці – ды мужнасьці б, / да моцы цела – / моцы б духу...» («Чалавечая гліна»). І тая ж мара аб гарманічным чалавеку ў вершы «У ажыньніку будняў».

І ўсё ж быў у Ніны Мацяш чалавек‑ідэал, якому яна насьледавала да канца і зь якім, думаецца, сустрэлася там. Пра гэтага чалавека мы чытаем у вершы «На Дзяды»:

Поначнае вакольле.
Гразкае, сьлізкае поле.
За гэтым няветлым гародам –
Усе з бліжэйшага роду.
Мусова і мне туды.
Грузну ў калкай разоры.
Ня страх апякае, а сорам.
Страху няма й на волас.
Дотык рукі, мамін голас:
– Ступай у мае сьляды.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?