Дзённік дысідэнткі з Нясвіжу Насты Азаркі.

У ноч на Купаллe я выйшла пашпацыраваць па горадзе. Рассмяшыла цётка адна. Калі я наблізілася да клумбы перад шматпавярховікам, акурат побач з ейным балконам, яна запытала:

— Дзевушка, што гэта вы робіце, а?

— Нічога асаблівага, — адказала я, утыкаючы ў клумбу сцяжок.

— Ты нашто сцяжок гэта свой сюды ставіш?

— Для прыгажосці.

— Я зараз міліцыю вызаву!

— Ён вам не перашкаджае, мусіць жа? — я ўжо мінала яе дом.

Недзе палілі вогнішчы. Але горад быў пусты. На плошчы ж агонь не распаліш… Таму я вырашыла свае шпацыры працягнуць праз колькі дзён.

З панядзелка зноў пайшла. Каталіся хлапцы‑міліцыянты. Але чыста дзеля кантролю. Кожны з нас зрабіў выгляд, што не заўважае іншага, але і на іх вочы я старалася не трапляцца занадта — я ж не нахабная!

Вечар на сераду. Перад сном невялічкі праменадзік — карысна. Мэтай майго шпацыру была плошча. Прайшлася па перыметры. Людзей шмат. Разглядаць, хто тут па службе — «добраахвотнікам», — а хто проста адпачываў, мне не хацелася. Вечар быў цёплы. У галаве гучаў французскі вальс. І настрой быў адпаведны. Але калі вярталася дадому, дагнала нейкая машынка. Хлапец прыадчыніў акно.

— Дзяўчына, добры вечар. Вы знаеце, вы мне падабаецеся… Я вас часта тут бачу, вы ходзіце па вуліцах… Хочаце, праедземся?..

— Не, не хачу, — я як мага мякчэй адмовілася, не хацела псаваць сабе такі прыгожы вечар.

Хлапец ад’ехаў. Я заўважыла, як крыху далей чакала яшчэ адна машына. Стыль знаёмства яны выбралі няправільна. Праз хвілінаў дзесяць ён ізноў наблізіўся.

— Дзяўчына, дык усё‑такі можна з вамі пазнаёміцца?

— Не, — у мяне быў вясёлы настрой. І крыху пакруціцца я магла сабе дазволіць.

— Я хачу з вамі пагаварыць пра вашу сённяшнюю прагулку… Я думаю, у вас пасля яе будуць вялікія непрыемнасці.

— Я… не разумею, пра што вы.

— Думаю, вы цудоўна разумееце. Сядайце, пагаворым.

— Не, не хачу.

— Падумайце!

— Я не хачу!

— Вельмі шкада…

Нарэшце ён зразумеў, што і гэты заход не пракатвае. І адчапіўся. Гэта не было пагрозаю, наконт непрыемнасцяў. Браў на понт. Але гэта вельмі дрэнны прыём. Апошняе, што можна прыдумаць, калі хочаш пазнаёміцца з дзяўчынаю.

Даўно мінуў той час, калі мяне сапраўды цікавіла, якія непрыемнасці ў мяне могуць быць пасля шпацыру са сведкамі. Я сама магу сябе абараніць. Гэта мой адпачынак. Гэта мой горад…

У ноч на чацвер.

— Дзевушка, зараз жа забярыце свой сцяжок і сыдзіце, або я сам завяду вас у міліцыю!

— Вас гэта хвалюе? — наіўнымі вочкамі я зірнула на хлапца, які сядзеў на лавачцы побач з клумбай. — Паспрабуйце.

І перайшла да наступнай. На трэцюю запар ноч горад прачнуўся. Цікава было назіраць за рэакцыяй нясвіжцаў.

Дарэчы, забылася сказаць: гэтыя сцяжкі — не проста так. Штодзённая акцыя салідарнасці, прымеркаваная да 15‑годдзя прэзідэнцтва.

Дзіўна, але ў ноч на пятніцу на плошчы было мала людзей. Ля ратушы стаяла «мошка», таму я вырашыла асабліва не нахабнічаць і не дайшла да яе якіх‑небудзь тры клумбы. Ля «мошкі» стаяў міліцыянт і лыбіўся. Здаецца, Міцяй. Акурат перад адпачынкам ён спыніў мяне ў горадзе, праверыў сумачку. Калі я прасіла яго пачакаць — ты¬дзень да адпачынку застаўся! — даў свой нумар тэлефона, маўляў, патэлефануй, як будзеш выходзіць…

Сышла сабе спакойна дахаты. За мною яшчэ крыху пакаталіся, праводзячы. І ўсё было спакойна.

А ў наступны вечар з’явіўся злосны прапар. І сапсаваў усю маліну. Толькі выйшла на плошчу…

Вырульвае адна з «мошак», падкатвае. Прапар без лішніх словаў паказвае пальцамі, каб ішла да яго. Размазаў бы па асфальце, калі б не паслухалася. Падышла. А ён — цап за каўнер і прыпёр да машыны. Адчынілі дзверцы. Не заставалася нічога іншага як сесці.

…У пастарунку сустрэлі так, нібыта не паўгоду назад апошні раз бачыліся, а ўчора. Узялі тлумачальную. Прывезлі дахаты.

Фіг з два я ім падпарадкуюся. Акцыі яшчэ не скончаныя.

Наступны раз выйшла ў нядзелю. У сувязі з выходнымі міліцыянты занялі ўсе пазіцыі. Неяк прабралася. На тумбы навешала крыху інфармацыі. На гэтым і задаволілася б, каб не паганыя бабулькі. Падышлі, спыталіся, што гэта я раблю. Я кажу — інфармацыя прымеркаваная да 15‑годдзя прэзідэнцтва. Ах, як яны раззлаваліся! Сарвалі паперы. Змялі іх ды яшчэ на асфальт кінулі. Паўпіраліся на маю заўвагу, што якраз я нічога такога дрэннага не раблю, а яны смецяць. Паднялі паперы, але не выкінулі, а забралі пачытаць.

Самі не ведаюць, што робяць. Мне старшыня адміністрацыйнай камісіі сам дазволіў вешаць на інфармацыйных тумбах.

Плошча пусцела, калі я вырашыла ўпрыгожыць уваходы ў адміністрацыйныя будынкі. У «добраахвотнікаў» скончыўся «працоўны дзень», і, убачыўшы мяне, яны так і сказалі:

— Спазніліся, працоўны дзень скончыўся…

У ноч на панядзелак планавала заканчэнне акцый. Заключным рухам мусіла зрабіцца расцяжка. Планавала павесіць на плошчы. Злавілі на паўдарозе. Завезлі ў пастарунак. Адразу рапарт, пратакол затрымання і вымання. Але адпусцілі.

Мой участковы акурат дзяжурыў (які ў Дзень Волі вазіў мяне і ў кансультацыю, і ў пракуратуру і потым яшчэ ў сталоўку завёз), не захацеў скідаць у падвал. Пагутарыў.

— …Вывесці б цябе ў чыстае поле, паставіць да сцяны і расстраляць…

— Адкуль у чыстым полі сцяна? — смяюся.

— Дык у тым уся і справа, — смяецца таксама. — Дзесяць гадоў расстрэлу па два разы на дзень…

У вечар на аўторак я расцяжку ўсё‑такі павесіла.

У чацвер выйшла зноў. Яшчэ заўтрашняя ноч — і ўсё, трэба ставіць кропачку. Прайшлася па інфармацыйных тумбах… Але ў гэты вечар дзяжурыў прапар…

— Ну ўсё, сёння я буду біць, дзе што зрабіла? І не мані, я знайду — табе ж горай будзе!

— Нідзе нічога я не рабіла.

— Ну не трэба, — з ім быў старшы сяржант. — Каб ты — і нічога не рабіла — ніколі не паверым.

Заехалі з імі ў нейкі завулак, прапар дастае дубінку і падносіць да майго твару:

— Кажы, …, дзе што зрабіла!

Я не баюся хамячкоў, але быць бітаю за такую дробязь — прабачце, гэта не гераізм. Праехаліся па тумбах, міліцыянты садралі плакаты.

У пастарунку ўзялі тлумачальную і напісалі рапарты. Выграблі кішэні… Усе былі злосныя. Начальнік атрымаў велізарны ўтык за мае шпацыры, і гэты ўтык скаціўся ўніз па лесвіцы, дайшоўшы да мяне. Праседзела ў пастарунку добрую гадзіну, не ведаючы, што са мною будзе. Але адпусцілі і гэтым разам. У чацвер праседзела ўсю першую палову дня дома, таму што патэлефанавалі і загадалі чакаць бізуна. Але так ніхто і не з’явіўся.

І я вырашыла апошні раз прагуляцца па вуліцы. У мяне заставаліся яшчэ плакаты і стужкі. Калі вывешвала стужку ля выканкаму — выбег раз’юшаны ахоўнік, але не стаў мяне даганяць — яму забаронена пакідаць тэрыторыю. Ля інфармацыйнай тумбы, чытаючы мой плакат, стоўпілася крыху людзей. Вось гэтага я і дабівалася на працягу апошніх дзён.

На паўдарозе дадому затрымалі. Міліцыянт адказаў на маё пытанне — што яму патрэбна — абсалютна лагічна: не аддувацца на дыване ў начальніка за тое, што мяне не затрымаў. Але тут узнікла праблема: што далей? Праехаліся па ўсіх тумбах — плакатаў ужо не было. Хтось садраў і без дапамогі міліцыянтаў. Прывезлі ў пастарунак, яшчэ раз стэлефанаваліся з ахоўнікамі выканкамаўскіх будынкаў, з «добраахвотнікамі» — плакат знайшоўся. Учынілі падставу — кшталту я выказваюся нецэнзурнымі словамі — і хацелі зачыніць мяне ў падвале, але ўчастковы пасмяяўся і адпусціў, узяўшы тлумачальную.

У пятніцу я выйшла ў горад удзень — і зразумела, што гэта быў за велізарны ўтык — у Нясвіжы знаходзілася дэлегацыя з расійскага МУСу: выканкам гуляў зажынкі, а на плошчы на паркоўцы стаяў джып, рэальны джып МУСу Расіі.

Шкада, не было з сабою налепкі, бо ўзнікла моцнае жаданне пакінуць ім «памяць» пра Нясвіж.

А да нас прыехалі сваякі. Маміна мама жыве ў Капылі, то трэба было ехаць туды — і я вырашыла, што на колькі дзён зраблю перапынак у акцыях… Нашую радню параскідвала па ўсёй Беларусі, закінула і за яе межы. Мы збіраемся ўсе разам не так часта, як хацелася б…

Мая мама родам з Усходняй Беларусі, бацька — з Заходняй. І хоць нашая краіна даўно ўжо адзіная, але розніца і паміж звычаямі, і паміж людзьмі дагэтуль адчуваецца.

Супярэчнасць двух розных бакоў аднае краіны з кожным годам усё больш праяўляецца ўва мне. Так, я заходніца, нацыяналістка… але я не магу ісці супраць камуністаў — шмат у чым я з імі згодная. І гэтая супярэчнасць вымушае мяне стаяць пасярэдзіне, у цэнтры, наверсе барыкадаў… Цяжка, балюча, складана, але інакш немагчыма.

А ў панядзелак быў Дзень незалежнасці. Вырашаю паставіць кропку ў акцыях. Задача — пранесці на плошчу сцяг. Вялікі сцяг. Акуратна згарнуўшы, каб не прыцягваць увагу заўчасна, іду па вуліцы. Дайшла амаль да плошчы. І — на куце сутыкаюся з міліцыянтамі. У пастарунак прайшліся пехам, разгарнуўшы палотнішча.

Доўга сядзелі, вырашалі, што рабіць. Здаецца, гэта была апошняя кропля… Пазбаўляць прэмій лю¬дзей толькі за тое, што не пабегалі за мной, — гэта жорстка і няправільна. Пасля доўгай‑доўгай размовы міліцыянты дастаюць аркуш паперы і асадку.

— Пішы распіску, што ты так больш рабіць не будзеш… ці мы пішам рапарты і накіраванне ў суд, і твой адпачынак падаўжаецца на нявызначаны тэрмін.

Распіска.

Я, Азарка Настасся Аляксандраўна, абавязваюся не разлепліваць на непрызначаных для гэтага месцах налепкі і іншыя матэрыялы агітацыйнага зместу, а таксама там жа не развешваць сцягі бел‑чырвона‑белага колеру ў горадзе Нясвіжы, маім любімым горадзе.

28.07.09 г.

Інфармацыйныя тумбы чапаць ніхто не забараняў. І прызначаныя для сцягоў месцы застаюцца ў карыстанні таксама. Гэтая распіска, я не ведаю, каму яна патрэбная і для чаго. Як і тое, колькі іх будзе яшчэ, гэтых распісак…

Адпусцілі.

Гэта не справаздача накшталт «як я правяла лета». Гэта не сродак самарэкламы. Мне не патрэбная такая вядомасць, яна бескарысная… Я проста раблю сваю справу дзеля таго, каб Беларусь нарэшце стала Беларуссю. Раблю ва ўмовах крызісу, калі нікому больш нічога не патрэбна. Раблю як умею.

Наста Азарка

Наста Азарка жыве ў Нясвіжы. Нар. 4.12.1981 у вёсцы Квачы Нясвіжскага раёну. У сям’і яе дзядоў былі рэпрэсаваныя за ўдзел ва ўзброеным антысавецкім руху. У 2007 прайшла праз крымінальную справу за ўдзел у Маладым Фронце. Цяпер далучаная да асяродку моладзі «Маладая Беларусь». Яе каля 80 разоў затрымлівалі за палітычную дзейнасць: расклейку ўлётак, вывешванне сцягоў, напісанне графіці. Агулам правяла ў пастарунках і арыштах каля трох месяцаў. Працуе трасільшчыцай на льнозаводзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0