Імя першага беларускага шахматнага майстра Ўладзіслава Сіліча, раўналетка «Нашай Нівы», цяпер падзабытае прафэсіяналамі. Міні-апытаньне, зладжанае ў кулюарах Чэмпіянатаў Беларусі – 2006, паказала, што палова шахматыстаў ня чула пра чэмпіёна краіны 1929, 1934 і 1937 гг., а палова – адно «нешта чула».

Папраўдзе, біяграфічныя зьвесткі пра гэтага чалавека скупаватыя. Нават зь імем ёсьць блытаніна: у маскоўскім «Шахматным слоўніку» Сіліч называўся «Ўладзімерам». Аўтар зборніка «Беларускія спартоўцы ў баёх за Радзіму» (Менск, 1985) даў паясьненьне: Сілічава жонка чамусьці не палюбіла імя Ўладзіслаў, і зь цягам часу шахматыст перайшоў на «Ўладзімера».

Нарадзіўся Сіліч у Эстоніі, у сям’і беларусаў, якія неўзабаве вярнуліся на бацькаўшчыну. Жыў у Віцебску, гуляць у шахматы навучыўся, найхутчэй, самастойна. Наведваў шахклюб на рагу Канатнай і Вакзальнай. Ужо ў першым чэмпіянаце БССР, маючы 18 гадоў, заняў «бронзавае» месца. Пазьней прагрэсаваў нароўні з Гаўрылам Верасавым, Антонам Касьперскім і Абрамам Маневічам, а часам і апярэджваючы іх.

У 1929 г., пасьпяхова згуляўшы ў чэмпіянаце Саюзу, Сіліч атрымаў годнасьць майстра – для тых часоў дужа рэдкую. Праз колькі год у выніку «чысткі кадраў» быў яе пазбаўлены, але ў 1939-м, падзяліўшы ва Ўсесаюзным турніры кандыдатаў у майстры высокія месцы з будучым гросмайстрам Ісакам Баляслаўскім, аднавіў свае гонар і годнасьць. У вайну стаў радыстам стралковай дывізіі: загінуў у Латвіі, пахаваны ў вёсцы Гудраны.

Апроч выступаў у «клясычных» спаборніцтвах, Сіліч гуляў празь перапіску, даваў сэансы адначасовай гульні, вёў гурток пры таварыстве «Спартак», рэдагаваў шахаддзел у «Віцебскім рабочым»… Карацей, шмат зрабіў для развою шахмат у краіне. Хіба толькі кампазыцыяй не займаўся.

У Беларусі арганізуюцца мэмарыялы Верасава, Кулагі, іншых шанаваных гульцоў. Вось жа, і Сіліч заслужыўся, каб яго імем назвалі турнір. А магчыма, і шахматны клюб у Віцебску.

Як бы вы згулялі?

І.Зубараў – У. Сіліч. Ход чорных.

Адказ: 1…b5! 2. Фb5 Cd7 3. Фb3 Tb8 4. Фс2 Tc8 5. Фb3 Фa5. Коштам вернутай пешкі чорныя дабіліся пазыцыйнай перавагі, якую рэалізавалі праз тузін хадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?