Бел‑чырвона‑белыя гладыёлусы, названыя ў гонар кіраўніка Беларусі, разыходзяцца ў нашай краіне на ўра.

Запамінальную назву новаму сорту гладыёлусаў масквіч Юрый Ушакоў прыдумаў яшчэ ў 2006 годзе. Прычым гучнае беларускае найменне атрымала не абы‑якая кветка! У рэгістрацыйным апісанні «Аляксандра Лукашэнкі» пазначана: белы гладыёлус з чырвонымі пражылкамі.

Зрэшты, і найменням іншых сартоў расійскага кветачніка не бракуе арыгінальнасці. Сярод выведзеных ім гладыёлусаў сустракаюцца «Легенда пра каханне», «Аранжавы жнівень», «Героям Сталінграда», «Праваслаўнае свята».

Часопіс «Гаспадыня» ўпэўнівае, што менавіта «Лукашэнка» стаў адным з самых папулярных у Беларусі.

Садавод Людміла Курэйка з Пружанскага раёна яго называе найлепшай навінкай. Як і астатнія гладыёлусы, «Аляксандр Лукашэнка» непатрабавальны. Яго можна вырошчваць на лецішчы.

Кожны сорт мае свой умоўны нумар. Напрыклад, «Аляксандр Лукашэнка» — 401,С. Якое значэнне маюць гэтыя лічбы, растлумачыў мінскі садавод Іван Нічыпарук:

— З першай лічбы кода можна зразумець, што гладыёлус буйны (12‑14 см у дыяметры), наступныя дзве расказваюць пра бела‑чырвоны колер. «Аляксандр Лукашэнка» мае катэгорыю «С», значыцца, ён расцвітае праз сярэдні тэрмін, 86‑90 дзён. У суквецці 20 бутонаў, 8 альбо 9 з іх адкрытыя.

Ягор Марціновіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0