3 жніўня цягнік Мінск‑Гродна траўмаваў жыхара вёскі Белыя, які сядзеў на пераходным насціле ў Сечках (Маладзечанскі раён).

«Здарэнне адбылося ў шэсць гадзін вечара, ‑‑ расказвае інспектар прафілактыкі Маладзечанскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце Аляксандр Лазавік. ‑ Машыніст убачыў хлопца, які сядзеў на пераходным насціле, прымяніў экстраннае тармажэнне, але спыніць цягнік у адно імгненне нельга.

Пацярпелага дасталі з‑пад чацвертага вагона і з чэрапна‑мазгавой траўмай цяжкай ступені даставілі ў бальніцу».

Карціну здарэння дапамог устанавіць стрыечны брат пацярпелага, які расказаў, што ў той дзень яны вырашылі з’ездзіць у Маладзечна папіць піва. Ля кіёскаў затарыліся, затым, прымасціўшыся на прывакзальнай плошчы ля магазіна «Півін», некалькі бутэлек асушылі. Да цягніка, які адпраўляецца каля 18 гадзін, было яшчэ шмат часу. І хлопцы дамовіліся ісці па чыгуначных пуцях у Белыя пешшу. Па дарозе ўвесь час пілі піва.

У Сечках перагрэліся, вырашылі адпачнуць. Адзін з братоў лёг паспаць на лаўку, усталяваную на прыпынку, другі, што пасля аказаўся пад коламі цягніка, сеў на платформу.

Адзіны сведка нічога пра здарэнне расказаць не змог. Паведаміў толькі, што разбудзілі яго незнаёмыя жанчыны, і сказалі, што нейкі малады хлопец трапіў пад цягнік. Тады ён і зразумеў, што гэта яго брат.

Па словах Аляксандра Лазавіка, з пачатку гэтага года на лініі абслугоўвання Маладзечанскага аддзялення ўнутраных спраў на транспарце адбылося восем няшчасных выпадкаў, у выніку якіх пяць чалавек загінулі і тры пацярпелі. У чатырох здарэннях з васьмі вінаваты быў алкаголь.

Марына Сліж, Рэгіянальная газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0