Комплекс мерапрыемстваў пад назвай «Дабрабыт», скіраваных на прафілактыку асацыяльных паводзін грамадзян у сферы сямейна‑бытавых адносін, пройдзе з 8 па 23 жніўня ў Мінску. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзяленні інфармацыі і грамадскіх сувязей ГУУС Мінгарвыканкама.

Кола сацыяльных праблем, да якіх пастараецца прыцягнуць увагу грамадскасці арганізатар акцыі — ГУУС Мінгарвыканкама, вельмі шырокае: насілле ў бытавой сферы, п’янства, алкагалізм, наркаманія, асацыяльны лад жыцця.

У гэты перыяд асаблівую ўвагу супрацоўнікі міліцыі ўдзеляць адпрацоўцы ў вячэрні і начны час месцаў масавага знаходжання моладзі, у тым ліку паркаў адпачынку і вадаёмаў, таксама дыскатэк з мэтай спынення распіцця спіртных напіткаў і выяўлення людзей у стане алкагольнага ап’янення.

Несалодка будзе п’яніцам і алкаголікам. Раніцай і вечарам міліцыянеры будуць праводзіць рэйды па месцах масавых збораў аматараў выпіць, апошнія будуць дастаўляцца ў тэрытарыяльныя падраздзяленні АУС для правядзення прафілактычнай работы.

Пры неабходнасці прыхільнікаў зялёнага змея даставяць і ва ўстановы аховы здароўя для пастаноўкі на адпаведны ўлік.

Нічога добрага не чакае выпівак, якія на працягу гэтага года дэбашырылі, хуліганілі, узнімалі руку на дамачадцаў. Уся інфармацыя аб іх «подзвігах» будзе абагульнена і накіравана па месцы работы або вучобы для прыняцця мер грамадскага ўздзеяння.

Для тых жа, на каго прафілактычныя меры не падзейнічаюць, прадугледжаны спосабы адміністрацыйнага ўздзеяння, аж да адпраўкі ў ЛПП.

Інфармацыйна‑прапагандысцкія групы, у склад якіх увойдуць супрацоўнікі міліцыі, арганізацый аховы здароўя, органаў па працы і сацыяльнай абароне, адукацыі, прадстаўнікі ГА «БРСМ», традыцыйна наведаюць гарадскія прадпрыемствы, дзе акцэнтуюць увагу на небяспецы злоўжывання алкагольнымі напіткамі. Запланавана таксама правядзенне выязных судовых пасяджэнняў, на якіх будуць разглядацца справы аб накіраванні хранічных алкаголікаў або наркаманаў у лячэбна‑працоўныя прафілакторыі, пазбаўленні бацькоўскіх правоў.

Не застанецца без увагі міліцыі і грамадскасці і падсправаздачны кантынгент, у тым ліку і нядобранадзейныя сем’і. Прычым, як і раней, асноўныя намаганні праваахоўнікі накіруюць на абарону інтарэсаў дзяцей, якія выхоўваюцца ў такіх сем’ях. Разам з гэтым запланаваны мерапрыемствы, накіраваныя на абарону старых і інвалідаў.

Пад пільным кантролем апынуцца прадпрыемствы гандлю і грамадскага харчавання на прадмет выяўлення разнастайных парушэнняў, звязаных з рэалізацыяй алкагольнай прадукцыі.

Асабліва міліцыянераў будуць цікавіць тыя гандлёвыя аб’екты, дзе такія парушэнні выяўляліся раней.

Запланаваны таксама шэраг растлумачальных акцый для студэнтаў і школьнікаў на тэму «Моладзь за здаровы лад жыцця», у якіх прымуць удзел артысты, урачы‑нарколагі, прадстаўнікі духавенства, ветэраны і інш.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0