Методыка рэстаўрацыі не парушаецца, запэўнівае старшыня Таварыства аховы помнікаў.

Маштаб працаў у Лошыцы пачынаеш адчуваць адразу, як трапляеш да Палац культуры тэкстыльшчыкаў у сталіцы. З’явіліся новыя пабудовы, дарожкі, ляжаць кубы новай пліткі, высяцца гурбы пяску. Паўсюль сляды ад цяжкай тэхнікі. Побач з домам, ад якога на сёння засталася прыблізна трэцяя частка, складзенае ў штабель бярвенне. І гэта рэстаўрацыя?

Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч у інтэрв’ю БелаПАН запэўніў, што методыка рэстаўрацыі пры правядзенні работ у Лошыцкім парку не парушаецца. «Некаторыя трухлявыя бярвенні драўляных канструкцый сядзібы і будуць заменены на новыя, але гэта методыцы рэстаўрацыі не супярэчыць», —заявіў Астаповіч.

А ўсе старыя бярвенні па адным збяруць назад. Фундамент будынку таксама будзе разабраны — кожны камень у ім пазначаны нумарам. Нават унікальная кафля з печаў сядзібы адпраўленая на рэстаўрацыю і пазней будзе вернутая на месца.

Маштабная рэканструкцыя Лошыцкага парку сядзібнага дому пачалася ў 2008 годзе. Рэканструкцыяй дому займаецца навукова-вытворчае аб’яднанне «Эльвіра». Скончыць рэканструкцыю згодна планаў яно мусіць у лістападзе 2010 году. Паркавай часткай на замову «Мінскзелянбуду» займаецца ААТ «Будтрэст №1».

***

Лошыцкі сядзібна-паркавы комплекс адносіцца да XVIII-XIX стагоддзяў, месціцца на паўднёвай ускраіне Мінска, на месцы сутокі рэк Свіслач і Лошыца. Лошыцкі сядзібны дом, першая пісьмовая згадка пра які датуецца канцом XVI — пачаткам XVII стагоддзяў, складаўся з драўлянага аднапавярховага і прыбудаванага да яго цаглянага двухпавярховага аб’ёмаў.

Сямён Печанко, фота Алеся Пілецкага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0