З цыклю «Старая спадчына». Санэт
А.Л.Пагодзіну
- Паміж пяскоў Эгіпецкай зямлі
Над хвалямі сінеючага Ніла
Ўжо колькі тысяч год стаіць магіла:
Ў гаршчку насеньня жменю там знайшлі.
Хоць зернейкі засохшымі былі,
Ўсё ж такі жыцьцёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясеньняй збожжа на ральлі.
Вось сымбаль твой, забыты краю родны!
Зварушаны нарэшце дух народны,
Я верую, бясплодна не засьне,
А ўперад рынецца, маўляў крыніца,
Каторая магутна, гучна мкне,
Здалеўшы з глебы на прастор прабіцца.
Максім Багдановіч, Яраслаўль
«НН», 1911, №25-26