Замест тралейбусаў па былым праспэкце Машэрава пусьцілі клон «соткі».

Ад сёньня, 22 ліпеня, у Менску скасаваны рух тралейбусаў па праспэкце Машэрава* і вуліцы Леніна ад ГУМа да вуліцы Сапёраў (7 прыпынкаў).

Замест трох маршрутаў тралейбусаў №21, 39, 56, якія хадзілі на гэтым участку, уведзены аўтобусны маршрут №1. Ён цалкам паўтарае былы тралейбусны маршрут №56 ад Вясьнянкі да ГУМа і едзе далей па праспэкце Скарыны, вуліцах Сьвярдлова і Кірава да чыгуначнага вакзалу.

Адначасова зь сёньняшняга дня зьмянілася траса аўтобуснага маршруту №69. Цяпер ён будзе рабіць усяго тры прыпынкі па праспэкце Машэрава, а затым паварочваць на вуліцу Дразда і праз Кальварыйскую, Гарадзкі Вал, пр-т Скарыны ісьці да чыгуначнага вакзалу.

Жыхарам Масюкоўшчыны і пр-ту Пушкіна давядзецца перагледзець свае транспартыя звычкі. Цяпер у пачатак праспэкту Машэрава можна даехаць толькі зь перасадкай: на аўтобус №1, альбо на мэтро.

Зьняцьцё тралейбусаў тлумачыцца клопатам пра гістарычны цэнтар Менску.

Месяц таму, 21 чэрвеня, былі скасаваныя тралейбусныя маршруты на праспэкце Скарыны ад плошчы Якуба Коласа да Маскоўскага аўтавакзалу. Замест пяці зьмененых або скарочаных тралейбусных маршрутаў (№№1, 2, 37, 54, 55) быў прадоўжаны аўтобусны маршрут №100. Прычынай скасаваньня была названая «аптымізацыя транспартнага абслугоўваньня».

Пачаткам зьнікненьня тралейбусаў з цэнтру сталіцы было скасаваньне руху па праспэкце Скарыны ад плошчы Незалежнасьці да плошчы Якуба Коласа 10 верасьня 2002 году. Сярод прычынаў называліся зношанасьць тралейбусных апораў, непаваротлівасьць тралейбусаў, неэстэтычны выгляд кантактных сетак і… пляны па хуткім пераўтварэньні праспэкта Скарыны ў пешаходную зону. Усе тралейбусныя маршруты былі замененыя адным аўтобусным - №100.

Аматары грамадзкага транспарту праводзілі тралейбус №56 ў апошні шлях

Удзельнікі праекту Bytrans і аматары грамадзкага транспарту зладзілі ўчора разьвітальную вандроўку на 56-м тралейбусе. Па ўсім маршруце яны фатаграфавалі і здымалі на відэа тралейбусы ў тых гарадзкіх краявідах, дзе іх сёньня ўжо няма. Адпаведны разьдзел ёсьць на форуме праекту.

*У артыкуле выкарыстаныя традыцыйныя найменьні цэнтральных вуліц дзеля ўнікненьня блытаніны.

Сучасныя афіцыйныя назвы:

пр-т Машэрава = пр-т Пераможцаў;

пр-т Скарыны = пр-т Незалежнасьці;

вул. Дразда = пр-т Машэрава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0