Такім чынам скончылася ягоная спрэчка з партнёрам па бізнесе Гансам Хорнбахерам, грамадзянінам Германіі. Затрымалі Сяргея Букаса на наступны дзень пасля ягонага візіту ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Ганса Хорнбахера на радзіме самога вінавацяць у махлярстве і невяртанні пазыкаў забудоўшчыкам на суму каля траціны мільёна еўра. Аднак беларуская пракуратура ўстала на ягоны бок. А не на бок Сяргея Букаса, уласніка магутнай турыстычнай кампаніі «Сакуб». Букас апынуўся на лаве падсудных. 10 жніўня ягоную справу пачаў разглядаць суд Савецкага раёну Мінска.

Туркампанія «Сакуб»
была заснаваная ў 1993 і неўзабаве выйшла ў лік лідэраў турыстычнага рынку Беларусі. Мае офісы на праспекце Машэрава і вул. Кульман у сталіцы, а таксама авіякасы. Прапануе адпачынак ў дзесятках краінаў свету і Беларусі.

Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Хорнбахер і Болль» было зарэгістраванае ў 2003 годзе. Сузаснавальнікамі сталі турыстычная кампанія «Сакуб», якой кіраваў Сяргей Букас, і грамадзянін Германіі Ганс Хорнбахер. Асноўным відам дзейнасці «Хорнбахер і Болль» было прыцягненне сродкаў інвестараў для ўкладанняў у будаўніцтва жылля.

У тым жа годзе сумесна з будаўнічай фірмай «Вігеўрабуд» кампанія пачала будаваць элітны катэджавы пасёлак «Сонечны». Гэты праект трапіў у поле зроку незалежнай прэсы, бо пасёлак меў з’явіцца побач з мемарыялам Курапаты. Супраціў незалежнага грамадства змусіў забудоўшчыкаў скарэктаваць планы — пляцоўку пасунулі ўбок, за каладзішчанскую дарогу.

Аднак між партнёрамі пачаўся разлад.

«Сакуб» чакаў ад немца інвестыцый. Той іх не забяспечваў.
У інвестыцыйнай дамове «Хорнбахер і Боль» абавязвалася цягам 10 дзён пералічыць на будаўніцтва 430 млн рублёў. Аднак у Ганса ў Нямеччыне пачаліся фінансавыя цяжкасці, і ён не змог выканаць свае інвестыцыйныя абавязкі.

Тады Букас засумняваўся: нашто яму такі партнёр. Ён прапанаваў выкупіць ягоную долю. Немец быў гатовы выйсці з бізнэсу. Аднак хаўруснікі не сышліся ў цане. Паводле розных звестак,

беларус гатовы быў даць максімум 150 тысяч даляраў. Немец жа хацеў паўмільёна. «Сакубу» гэта падавалася непрымальным. Агульны ўнёсак Хорнбахера ў «Хорнбахер і Болль» ён ацэньваў усяго на 30 тыс. даляраў.

«Сонечны» пакрысе расце, на яго сайце прапануюцца кватэры на продаж. Але сёння перспектыва таўнхаўсаў паміж Баравой і Курапатамі не такая сонечная: 13 лютага 2009 году Гаспадарчы суд Мінска задаволіў патрабаванні ААТ «Сакуб» аб прызнанні нядзейснай дзяржаўнай рэгістрацыі ТАА «Хорнбахер і Болль». Асновай стала рашэнне суда Фрайбургу (Германія), паводле якога Хорнбахер прызнаваўся неплацежаздольным, яго запазычанасць перад крэдыторамі сягала 315,5 тысяч еўра. Акрамя таго, яшчэ ў 2001 годзе яго судзілі за махлярства, звязанае з атрыманнем сродкаў кліентаў на долевае будаўніцтва. На момант рэгістрацыі сумеснага прадпрыемства ў Беларусі Хорнбахер не пагасіў судзімасці і не кампенсаваў сваім нямецкім кліентам страты. Гэтыя факты ў сваёй анкеце, запаўненне якой неабходнае для рэгістрацыі кампаніі, ён не пазначыў. Чым парушыў беларускае заканадаўства, што і пацвердзіў Гаспадарчы суд сваім рашэннем.

Працэс будаўніцтва жылля на гэтым не спыніўся — суд дазволіў праводзіць плацяжы забудоўшчыку, а таксама выплачваць падаткі, зборы і іншыя абавязковыя плацяжы ў бюджэт. Але свайму поспеху беларускі бок кампаніі радаваўся не доўга. 24 сакавіка Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду палічыла доказы непераканаўчымі, адмяніла рашэнне ніжэйшага Гаспадарчага суда і накіравала справу на новы разгляд.

Беларускі фронт Ганса Хорнбахера

А праз два месяцы Сяргей Букас апынуўся пад вартай у СІЗА на Валадарскага. Пакуль Букас хацеў забраць прадпрыемства ў Хорнбахера, немец падкапаўся пад беларуса. Крымінальная справа ў дачыненні да Букаса па ініцыятыве Хорнбахера была распачатая яшчэ ў 2008 годзе.

Беларускага бізнэсоўца звінавацілі ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Нямецкі партнёр вінаваціў мінскага калегу ў спробах захапіць кампанію пры дапамозе падробкі дакументаў. У лісце на імя Генеральнага пракурора Сяргей Букас даводзіў, што абвінавачанні на ягоны адрас не маюць пад сабой грунту. У сваю чаргу ён вінаваціў у махлярстве і спробах захопу бізнесу свайго былога нямецкага кампаньёна.

Затрыманне Сяргея Букаса стала нечаканасцю для ягоных родных і знаёмых. Толькі што гаспадарчы суд паставіў, здавалася б, кропку ў справе няўдалай кампаніі, і тут пракуратура бярэ бок чалавека, якога вінавацяць у махлярстве, а за краты трапляе іншы. Затрымалі Букаса на наступны дзень пасля ягонага візіту ў Адміністрацыю прэзідэнта. Ён хадзіў туды паскардзіцца і папрасіць абароны.

«Я ведаў, што Сяргей паспяховы бізнесовец, што ягоная турфірма — адна з найлепшых у Беларусі, што таксама ён займаецца будаўніцтвам. Ён шмат аддаваў сродкаў на розныя культурныя і забаўляльныя мерапрыемствы. І вось у канцы чэрвеня яго затрымалі», — кажа выдавец газеты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас, стрыечны брат Сяргея.

Кіраўнік выдавецтва «Рыфтур» Сяргей Плыткевіч найперш прыгадвае спонсарскую дзейнасць Букаса. «Моцны бізнесмен, стварыў сваю кампанію з нуля. Захапляецца фатаграфіяй, падводным плаваннем. Сумна, што так здарылася» — кажа сп. Плыткевіч.

Ці ён, ці яго

Згодна з абвінавачваннем, Букас быццам бы падрабіў заяву немца пра звальненне з пасады дырэктара і сам незаконна заняў ягоную пасаду. Акрамя таго, падчас свайго дырэктарства ён, маўляў, скраў грошы немца.
Як? Пераканаў нямецкага патрнёра інвеставаць у будаўнічую дзейнасць таварыства шляхам давання беспрацэнтнай пазыкі. У выніку нямецкая кампанія, якую кантраляваў Ганс, зрабіла два плацяжы — 30 і 40 тыс. долараў. Праўда, не на рахунак «Хорнбахер і Боль», а на рахунак кампаніі «Ultima T&T Co., Ltd». На думку следства, гэта афшорная кампанія, якую кантраляваў Букас.

Акрамя гэтага, следства палічыла, што ўласнік «Сакуб» неправамерна заключыў дамову лізінгу з банкам, паводле якой за кошт фірмы набыў за 40 тысяч даляраў «Таёту Лэндкрузэр» для асабістага карыстання. І — верх усяго — Букас быццам бы неправамерна вызначыў сабе дырэктарскі заробак у памеры 2 мільёны рублёў у месяц.

У сваю чаргу, Букас стаіць на тым, што 70 тыс. даляраў ён не выкрадаў, бо не заключаў аніякай дамовы пазыкі і не атрымліваў грошай. «Ультыма T&T» з’яўляецца партнёрам «Сакуб» па турыстычным бізнесе з 1994 году. Як сцвярджае абвінавачваны, ён сапраўды ў 2000 годзе дапамагаў партнёрам з Тайланду адкрыць у латвійскім банку рахунак і меў адпаведную даверанасць на карыстанне ім, але гэты дакумент дзейнічаў цягам году і да моманту пералічэння сродкаў немцам Букас не меў права распараджацца рахункам «Ультымы T&T». На думку гаспадара «Сакуб», у Ганса былі свае ўзаемаадносіны з «Ультымай T&T». Ён прыводзіць ліст кіраўніцтва гэтай кампаніі, у якім гаворыцца, што яно давала Гансу грошы і той яшчэ не цалкам з імі разлічыўся.

Букас настойвае, што абвінавачванні нічога не вартыя. Ганс аперуе дамовай пазыкі з адной кампаніяй, паводле якой грошы пералічаныя на рахунак другой. Паводле словаў Букаса, банк проста не прыняў бы такі плацёж, калі да дамовы няма дадатковага пагаднення, у якім пазначаны іншы атрымальнік.
Следству, мяркуе ён, трэ было або даказаць, што сродкі атрымаў Букас, альбо пагадзіцца, што грошы былі пералічаныя на аснове іншай дамовы і іх атрымалі іншыя людзі. Але следства накіравала дакументы ў суд, не задумляючыся над высвятленнем такіх тонкасцяў.

Справа тураператараў

Справа Сяргея Букаса развіваецца на тле чутак пра затрыманні сярод кіраўніцтва турыстычных кампаній. У каментарах да такіх паведамленняў можна пабачыць не адно меркаванне, што дзяржава збіраецца такім чынам папоўніць бюджэт, праводзяцца паралелі з уласнікам рынку «Ждановічы» Яўгенам Шыгалавым, які пасля арышту згадзіўся кампенсаваць дзяржаве шматмільённыя страты. Але ў выпадку з Букасам такі варыянт выглядае малаверагодным, бо тут гаворка вядзецца пра магчымую шкоду прыватнаму прадпрыемству, а не дзяржаве.

«Прыклад Сяргея Букаса сведчыць пра тое ў нашай краіне можна затрымаць можна любога бізнесоўца, было б на тое жаданне» — кажа адзін з прадстаўнікоў «Сакуба».

Выглядае, што ў справу ўцягнутыя са сваімі інтарэсамі некаторыя праваахоўныя органы. Уся гэтая гісторыя пацвярджае неабходнасць выпрацоўкі ясных механізмаў, якія аддзяляюць праваахоўнікаў ад бізнэсу.

Сямён Печанко

***

Юрыстка кампаніі «Хорнбахер і Болль»: «Крызіс куды страшнейшы для нашага бізнесу, чым гэтыя скандалы»

Наталля Дудко, юрыстка кампаніі «Хорнбахер і Болль», якая прадстаўляла ў судах інтарэсы Ганса Хорнбахера, пагадзілася пракаментаваць канфлікт.

«Наша Ніва»: Прадстаўнікі «Сакуб» кажуць пра нечаканасць арышту Сяргея Букаса…

Наталля Дудко: Гэта гучыць зусім недарэчна, бо пачынаючы з мінулага году, калі была распачатая крымінальная справа, следства некалькі разоў хадайнічала пра змяненне меры стрымання для Букаса, але пракуратура доўгі час адхіляла гэтае хадайніцтва.

«НН»: З чаго пачаўся канфлікт паміж партнёрамі па бізнесу? Мінскі бок цвердзіць, што Хорнбахер не здолеў прыцягнуць неабходныя інвестыцыі.

НД: Акурат Ганс Хорнбахер і прыцягнуў неабходныя для старту сродкі, «Сакуб» грошы не даваў. Потым ён рэгулярна рабіў запыты з Германіі пра развіццё бізнесу і ўвесь гэты час толькі і чуў, што бізнес непрыбытковы, рэнтабельнасць нулявая. У выніку Хорнбахер вырашыў выйсці з долі, прадаўшы яе «Сакубу». Але там не пагадзіліся з прапанаванай ім цаной яго долі. І Ганс пачаў высвятляць, што гэта за людзі. Былі выяўленыя факты падробкі дакументаў. У выніку была ініцыяваная крымінальная справа.

«НН»: Дзе цяпер Ганс Хорнбахер, што адбываецца цяпер з кампаніяй пасля вясновых судоў?

НД: Хорнбахер знаходзіцца ў Германіі. Пасля аднаўлення праз суд ягонага статусу кіраўніка прадпрыемства ён застаецца на гэтай пасадзе. Касацыйная калегія Вышэйшага гаспадарчага суду адмяніла рашэнне ГС пра ліквідацыю кампаніі і накіравала справу на новы разгляд у суд першай інстанцыі. Таму кампанія працуе, большасць яе супрацоўнікаў застаюцца на сваіх пасадах.

«НН»: Даводзілася чуць пра незайздросны лёс кліентаў кампаніі…

НД: Разумееце, фінансавы крызіс надзвычай балюча ўдарыў па будаўнічай сферы. І яго наступствы куды страшнейшыя для нашага бізнесу, чым гэтыя скандалы. І на мой погляд, як простай грамадзянкі, а не юрыдычнага прадстаўніка каго б там ні было, безумоўна, спрэчкі Букаса, ягоных калегаў па «Сакубе», ці нават таго ж Хорнбахера, сітуацыю ў кампаніі не паляпшаюць.

Гутарыў СП

 Так меў выглядаць пасёлак «Сонечны».

Так меў выглядаць пасёлак «Сонечны».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0