11.08.2009 / 11:30

Парк-помнік пілуюць на дровы 15

Піша з месца падзеяў краязнаўца Уладзімір Скрабатун.

Піша з месца падзеяў краязнаўца Уладзімір Скрабатун.

Парк у вёсцы Двор Залессе быў закладзены ў ХІХ стагоддзі ў маёнтку графа Моле. Помнік садова‑паркавага мастацтва. Унікальны азёрна‑пагоркавы ланшафт. Легендарная Мамчына горка. Краявіды!..

Яшчэ да сярэдзіны 1970‑х у парку стаяў вялікі псеўдагатычны палац, які мясцовыя жыхары называлі не інакш як «замкам».
Частка палацу з высокай кутняй вежай знішчылі партызаны ў часе апошняй вайны. У палацы размяшчаўся гарнізон Беларускай Самааховы – маладыя, зялёныя хлопцы, якіх колькі дзён таму мабілізавалі, яны й зброі ў руках трымаць не ўмелі… Забілі ўсіх.
Палац разабралі на цэглу. Парк жа ў савецкія часы быў недатыкальны – помнік прыроды і садова‑паркавага мастацтва.

Няма ніводнага грунтоўнага выдання па згаданай тэме, якое б абмінула ўвагай Залескі парк.

Колькі тут расце (ужо расло) экзотаў!

Дуб чырвоны, яліна калючая, туя заходняя, хваіна Веймутава, сем лістоўніц японскіх, недалёка ад палаца, тры кедры сібірскія, якія добра пладаносілі, хваіна чорная, лістоўніца еўрапейская . Перад палацам раслі ліпы амерыканскія і буйналістыя, два клёны явары і найстарэйшы на Беларусі ціс ягадны.

Не міналі Залескі парк і экскурсанты. Хоць палац і млын разбурылі ўшчэнт, але засталася яшчэ стайня ў стылі псеўдаготыкі, захавалася некалькі жылых дамоў, якія накрытыя чырвонай дахоўкай. Возера Мураўшчына і возера Белае з яго затокамі і выспамі, царквой на высокай гары — на тым беразе …

Мне, як краязнаўцу, часта даводзіцца чуць тэлефанаванні з розных месцаў Глыбоччыны на адну і тую ж тэму: «У нашай вёсцы для кацельні аграгарадка пілуюць на дровы старадаўні панскі парк! Уладзімір Іванавіч, трэба ж нешта рабіць, бо нашым дзецям і ўнукам не застанецца ні гісторыі, ні прыгажосці. Прыедзьце…»

Прыязджаю. Іду ў сельсавет. А там кажуць: «У нас ёсць праект! Вось пячаткі і подпісы віцебскіх архітэктараў. Усё ўзгоднена. І не трэба тут узнімаць лямант. У парку будзе аграгарадок».

Дык гэта ж помнік сядзібна паркавага мастацтва! Ахоўваецца дзяржавай!

А нашы мясцовыя калгасныя прарабы вырашылі – захаванню не падлягае!

Рана нам у Еўропу.

Уладзімір Скрабатун, Двор Залессе — Глыбокае

0
Мікіта / Адказаць
11.08.2009 / 12:19
У савецкі час парк быў пад аховай, а цяпер не? Чаму?
0
істрабіцель / Адказаць
11.08.2009 / 13:11
Галоўнае, менавіта на гэтым месцы свой аграгарадок! Выроды! Ненавіджу! Усё зьнішчаць! З нуля давядзецца аднаўляць. Калі давядзецца...
0
Юрасёнак / Адказаць
11.08.2009 / 14:09
жахліва... каді мы з такой апантанасцю знішчаем сваю спадчыну, то не набліжаемся да Еўропы, а наадварот, імкліва аддаляемся...
Паказаць усе каментары/ 15 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру