Напачатку і ў сярэдзіне 90-х гадоў у Скандынавію з Усходняй Еўропы і Расіі прыязджала шмат «турыстаў», якія здзяйснялі дробныя злачынствы, а пазней зараблялі сабе на жыццё, працуючы на турэмных фермах. Як толькі яны пакідалі турму, то адразу ж марылі, каб ізноў туды вярнуцца.

 У нарвежскай турме.

У нарвежскай турме.

У выніку ў Паўночнай Нарвегіі ўсіх іншаземцаў за дробныя злачынствы адсылаюць на радзіму. Але ў іншых краінах, напрыклад у Швецыі і Даніі, іх вельмі ахвотна прымаюць на ўтрыманне у турму. Асабліва калі людзі здзейснілі сур’ёзныя злачынствы. Цікава, што ж можа так вабіць людзей у скандынаўскую турму?

У турме як у гатэлі

Умовы за кратамі спрыяюць цалкам нармальнаму жыццю. Злодзеі і махляры сядзяць у пакоях для адной, часам чатырох асоб. Камерай гэта цяжка назваць. Новых вязняў звычайна садзяць у пакоі для чатырох асоб (але гэта ў Нарвегіі, бо ў шведскіх і дацкіх турмах усе камеры для адной асобы).

Чатырохасабовыя камеры складаюцца з залі, дзе стаіць тэлевізар, стала і чатырох крэслаў. А ў кутах знаходзяцца ложкі і маленькія шафкі. Кожны такі куток аддзелены ад залі фіранкамі. Ёсць свая прыбіральня.

Камера для адной асобы — вельмі светлы, чысты пакой. Памер: прыкладна 6-7 кв. метраў. Там знаходзяцца: умывальнік, тэлевізар, паліца для кніжак, драўляны ложак і дыванок на падлозе. Клопат пра чалавека перш за ўсё! Бо нават у турме яму імкнуцца даць максімальна гуманныя ўмовы, зручныя для жыцця. Асаблівы акцэнт робіцца на прыватнасць. Супрацоўнікі турмы не маюць ані маральнага, ані юрыдычнага права ўваходзіць у камеру без дазволу «гаспадара», калі, канечне, няма важнай прычыны.

У Нарвегіі да 9-й вечара дазволены свабодны (без аховы) выхад у калідор, кухню і пакой адпачынку. Тут ёсць тэнісныя і більярдныя сталы, можна гуляць у шашкі альбо шахматы. Таксама ёсць вялікі тэлевізар, кампутар, тэлефонныя будкі, міні-бібліятэка і раслінкі. Усё як дома.

Вечарам вязні могуць гуляць у футбол, займацца спортам альбо наведаць сауну. У Скандынавіі разумеюць, што неабходна стварыць вязням такія ўмовы, каб людзі, якія некалі ўчынілі злачынства, не адчувалі сябе ізгоямі.

Ёсць асобныя пакоі для наркаманаў, алкаголікаў і псіхічна хворых. У дзвярах няма вочкаў, сачыць ці назіраць за вязнямі забаронена. Ёсць таксама невялікая крама, дзе можна набыць усё неабходнае.

Вязні абавязаны працаваць

Напрыклад, у турме Нэрбо, якая знаходзіцца недалёка ад чацвёртага па памерах горада Нарвегіі Ставангера, працоўны дзень працягваецца ад 8.00 да 14.30. Злачынцы працуюць на самай вялікай ферме ў акрузе. Гадуюць збожжа, даглядаюць жывёл. Ніхто за імі не сочыць, усё на сумленні вязня. Праўда, да поля і назад кожнага вязня суправаджае ахова.

На тэрыторыі турмы ёсць пральня, дзе прымаюць замовы на пранне бялізны ад вайсковых частак, шпіталяў, дамоў для састарэлых людзей і іншых устаноў.

У турме можна атрымаць любую адукацыю: ад пачатковай па вышэйшую, альбо добрую спецыяльнасць — повара, шафёра і г.д. Калі вучышся, то працаваць не трэба. Да таго ж за вучобу яшчэ і грошы плацяць. Але акрамя сняданку, абеду і вячэры за ўсё іншае трэба плаціць: за прагляд тэлевізара, за размову па тэлефоне. Што вельмі лагічна. Гэта ж не адпачынак.

Ахоўнікамі ў турмах працуюць як мужчыны, так і жанчыны. Ніякай дыскрымінацыі. Жанчыны могуць ахоўваць мужчын і наадварот. У дацкіх зачыненых турмах (там дзе людзі чакаюць рашэння суда, а таксама адбываюць невялікія, да шасці месяцаў, тэрміны) і следчых ізалятарах павінна быць не менш 45% жаночага персаналу, а ў адчыненых турмах — 30%.

З вязнямі працуюць псіхолагі і выхавацелі

Напрыклад у Даніі, у Эсбургу, ёсць зачыненая турма. Людзі там зачыненыя за кратамі і не могуць выйсці ў горад. Спатканні з блізкімі абмежаваныя. А вось у вёсцы Скэрбэк ёсць турма, адчыненага тыпу, якая называецца «Рэнбек». Выглядае яна так: вуліцы з катэджамі, крама, майстэрні, кароўнік, футбольнае і поле і поле для гольфу, аўтобусны прыпынак. Няма ніякіх кратаў і агароджаў. Адзіны мінус — утульныя скандынаўскія дамы зачыняюцца а 22.00 і адчыняюцца ахоўнікамі а 7-й раніцы. Калі да 22-й вязень не вяртаецца, значыць ён збег. І калі трапіш у рукі паліцыі, то далей адбываць тэрмін прыйдзецца ў турме зачыненага тыпу.

Смяротнага пакарання тут няма. У Швецыі вязень не адбывае цэлага тэрміну. Большасць адбывае толькі дзве трэція тэрміну. Пазней ён становіцца толькі ўмоўна асуджаным і можа нармальна жыць і працаваць.

Падарожжа па Скандынавіі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0