Супрацоўнікамі сталічнай міліцыі затрыманы грамадзянін Расійскай Фэдэрацыі, які вербаваў беларусак для сэксуальнага рабства ў Нямеччыне.

Як паведаміла прэс‑служба мінскага ГУУС, 11 жніўня падчас спецаперацыі па ліквідацыі канала гандлю людзьмі быў затрыманы 28‑гадовы жыхар Расіі. Устаноўлена, што ён, знаходзячыся ў Мінску 10‑11 жніўня, завербаваў трох мінчанак для заняткаў прастытуцыяй у нелегальных бардэлях Нямеччыны. Затрыманне праводзілася ў будынку нацыянальнага аэрапорта «Мінск» падчас непасрэднай спробы вывазу дзяўчат за межы краіны.

Звесткі пра тое, што замежны грамадзянін збіраецца арганізаваць канал вывазу беларускіх жанчын для занятку прастытуцыяй на тэрыторыю Заходняй Еўропы, паступілі больш за месяц таму. На працягу ўсяго гэтага часу супрацоўніку міліцыі распрацоўвалі дадзеную інфармацыю, у выніку чаго і стала магчымым затрыманне вярбоўшчыка на месцы злачынства.

Затрыманы змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання. Следчым аддзелам папярэдняга расследавання Фрунзенскага РАУС заведзеная крымінальная справа паводле артыкула 171 Крымінальнага кодэксу РБ (Выкарыстанне заняткаў прастытуцыяй ці стварэнне ўмоў для заняткаў прастытуцыяй). Вярбоўшчыку пагражае ад 7 да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.

ВЖ

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0