Памочнік дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Філіп Гордан 14 жніўня правядзе сустрэчы ў Менску з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў і апазыцыі.
Напярэдадні ён правёў зь міністрам замежных спраў Літвы Вігаўдасам Ушацкасам перамовы, на якіх абмяркоўвалася таксама сытуацыя ў Беларусі.

Міністар Ушацкас адзначыў, што падтрымка ЗША важная для ажыцьцяўленьня праграмы «Ўсходняга Партнэрства» і што да супрацоўніцтва «асабліва важна» падключаць Беларусь. Філіп Гордан зрабіў шэраг заяваў адносна сытуацыі ў Беларусі.

Філіп Гордан накіроўваецца ў Менск, каб высьветліць, ці могуць мяняцца ў лепшы бок двухбаковыя стасункі, паведаміла агенцтва Delfi.

Паводле спадара Гордана, беларускаму боку «яшчэ шмат што належыць зрабіць». Ён адзначыў, што не зьбіраецца «абвяшчаць ці дамаўляцца пра новую палітыку», а хоча на свае вочы ўбачыць, ці гатовы афіцыйны Менск да рашэньняў, «патрэбных для ўсталяваньня канструктыўных стасункаў з ЗША».

Паводле спадара Гордана, галоўнымі крытэрамі для ЗША застаюцца правы чалавека і дэмакратыя. Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязьняў, даць больш свабоды няўрадавым арганізацыям і мэдыям, а таксама правесьці свабодныя і празрыстыя выбары. Паводле Філіпа Гордана, «ёсьць спосабы, каб дамагчыся зьменаў». Ён таксама адзначыў, што санкцыі ЗША адносна Беларусі — гэта вынік парушэньня правоў чалавека. І яны будуць адменены толькі ў тым выпадку, калі краіна будзе імкнуцца да дэмакратыі. Спадар Гордан заявіў: «Яны зрабілі шэраг пазытыўных крокаў у гэтым накірунку, таму я і еду туды. Мы зьвярнулі ўвагу на тое, што яны гатовыя рухацца, але зрабіць трэба яшчэ больш». Кажучы пра магчымасьць прызначэньня новага амбасадара, Гордан нагадаў, што дыпляматычнага прадстаўніка адклікаў не Вашынгтон. Ён адзначыў, што амэрыканскі бок ня зьвязвае гэтага пытаньня з адменай санкцыяў.

«Мы гатовыя аднавіць склад амбасады, але не зьбіраемся зьвязваць пытаньні, якія адно з адным не зьвязаныя. Мяч на іхнім баку».

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0