Як удасканаліць цэнтралізаванае тэставанне? Піша Паўліна Купрысь, паспяховая абітурыентка (100+97+94=291 на тэставанні).

Тэставанне ці экзамен? Якая праверка ведаў аб’ектыўнейшая? Што трэба зрабіць, каб сістэма праверкі ведаў была максімальна справядлівай і мінімальна залежнай ад выпадковасцяў і блату? Ці добра была арганізавана сёлетняя кампанія тэставання, на якой абітурыенты паказалі нашмат лепшыя вынікі, чым у папярэднім годзе?

Тэставанне па сваёй сутнасці — больш аб’ектыўнае, чым экзамены. З другога боку, у гэтым выпадку важна, якія пытанні задаюцца ў тэстах. На сёння ўсе пытанні і заданні грунтуюцца выключна і літаральна на падручніках. Каб атрымаць 100 балаў, трэба ведаць падручнікі да драбніц, якія могуць падацца неістотнымі чалавеку са здаровым глуздам.

На тэставанні таксама можа пашанцаваць або не пашанцаваць: паколькі варыянтаў тэставання некалькі, то можа трапіцца больш ці менш удалы. З іншага боку, наяўнасць некалькіх варыянтаў заданняў для тэставання зніжае магчымасці для аматараў спісваць.

Хаця для нядобрасумленных ёсць і іншыя магчымасці.

Па‑першае, тэсты складаюць людзі, зацвярджаюць людзі, захоўваюць людзі — таму існуе магчымасць «выцекаў інфармацыі».

Па‑другое, існуе магчымасць, што той ці іншы абітурыент можа запісацца на тэставанне сама туды, дзе назіральнік — яго знаёмы, і атрымаць дадатковыя шанцы. У Францыі выкладчыкі, якія задзейнічаны у экзаменах як аналагі нашых назіральнікаў, атрымліваюць канверт з указаннем месца, дзе яны будуць працаваць, перад самым тэставаннем, і за час, які застаецца, дабіраюцца да месца працы. Беларусь нашмат меншая за Францыю, і арганізаваць такую працэдуру было б не цяжка. Мэта — выключыць любыя магчымасці пратэкцыі.

Пры падліку агульнага бала ўлічваецца і бал атэстата. З аднаго боку, гэты бал — вынік працы ў школе, і ігнараваць яго было б непавагай да працы настаўнікаў і вучня, з іншага — ці заўсёды ён адпавядае рэальнасці? А бывае, менавіта 1—2 балы розніцы вызначаюць лёс…

У той жа час школьныя педагогі напэўна будуць супраць няўліку бала атэстатаў, бо ў такім разе страцяць важны рычаг уплыву на школьнікаў.

Часам абітурыенты трапляюць у няроўныя умовы яшчэ і праз тое, што назіральнікі ў розных месцах па‑рознаму ставяцца да падтрымання дысцыпліны. Для выключэння такіх выпадкаў трэба актыўна выкарыстоўваць кантралюючыя органы, пільнавацца адзіных правілаў.

Не зусім зразумелыя для грамадскасці механізмы праверкі тэставых прац. Правярае камп’ютэр. Але застаюцца пытанні: нават пры сканаванні друкаванага тэксту камп’ютэр дапускае пэўную колькасць памылак. Як жа ён можа расчытаць тэкст, напісаны ад рукі, няхай і друкаванымі літарамі?

І апошняе. Зараз кожны абітурыент мае здаваць толькі 3 тэсты. Гэтая сітуацыя нармальная для тых, хто загадзя выбраў свой напрамак і мэтанакіравана рыхтуецца толькі на пэўную спецыяльнасць. Але для 18‑гадовага чалавека гэта не заўсёды проста. Было б больш справядліва даваць магчымасць абітурыентам здаваць столькі іспытаў, колькі яны хочуць (як цяпер робяць у Расіі) — можа, сама гэта дазволіць некаму правільна выбраць жыццёвы шлях.

Паўліна Купрысь, паспяховая абітурыентка (100+97+94=291 на тэставанні)

Варта:

— дазволіць здаваць неабмежаваную колькасць прадметаў,

— тасаваць назіральнікаў між рэгіёнамі краіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0