«З глыбокай пашанай стаўлюся да Вашай паслядоўнай пастаяннай працы па перадачы свайго багатага досведу мудрага палітыка малодшаму пакаленню, да вашай адданасці сваёй Айчыне, справе свабоды і незалежнасці». Так гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі на адрас Фідэля Кастра з нагоды 83‑й гадавіны з дня нараджэння лідэра кубінскай рэвалюцыі.

«Досвед мудрага палітыка» увайшоў у кнігу пад назвай «Развагі таварыша Фідэля», якая напярэдадні выйшла на Кубе. У том аб’ёмам 339 старонак увайшлі 1978 яго цытат — вытрымкі з прамоваў, эсэ, інтэрв'ю. Кніга пабудавана як энцыклапедычны слоўнік, дзе кожнаму ідэалагічнаму паняццю — такім, як «беспрацоўе», «гісторыя», «вораг» і г.д. — прысвечаны выказванні Фідэля Кастра. Кніга, кажуць, карыстаецца вялікім попытам.

Мне успомніліся хранікальныя кадры, якія ўразілі мяне яшчэ ў школьным дзяцінстве. На савецка‑кітайскай мяжы — натоўп кепска, не па наадвор’і апранутых кітайцаў. (Тады быў узброены канфлікт з‑за выспы пад назвай Даманскі. Цяпер гэта частка тэрыторыі КНР.) У людзей няма зброі ў руках — толькі маленькія чырвоныя кніжачкі з сілуэтам Мао на вокладцы. У кожнага кітайца тады абавязкова мусіў быць цытатнік «вялікага стырнавога». У вачах у людзей — непрыхаваная нянавісць, перакошаныя раты ярасна выкрыкваюць нейкія лозунгі, узятыя, пэўна, з таго цытатніка. Здавалася, яшчэ хвіліна, і калючы дрот на мяжы парвецца, што павуцінне, і ніякія калашнікавы ў руках у савецкіх памежнікаў не стрымаюць агрэсіўны натоўп.

Вось так, напэўна, некалі бальшавікі «с Леніным в башке, с наганом в руке» перабудоўвалі Расею. Леніна вывучала, дакладней — канспектавала і маё пакаленне. Праўда, не паводле зборнікаў цытат, а паводле поўнага збору твораў правадыра. Толькі адтуль дазвалялася браць цытаты, ды й тое — не ўсім і не заўсёды. Таму, хто выкарыстоўваў нейкія ленінскія словы, якія не адпавядалі «палітычнаму моманту», маглі абвінаваціць у «начотніцтве».

Кастра, падобна Леніну, лічыць сябе журналістам.

У газеце кубінскіх камуністаў Granma ў апошнія гады рэгулярна публікуюцца палітычныя каментары «камандантэ» пад той самай назвай, што і кніга яго цытат. Фідэль Кастра, як вядома, пасля аперацыі на кішачніку, перадаў кіраўнічыя пасады свайму брату Раулю, але ад ідэйнага кіравання, наколькі можна меркаваць з тых публікацый, не адыйшоў.

Вось некалькі фрагментаў яго развагаў, апублікаваных на сайце пасольства Кубы ў Маскве ў неафіцыйным перакладзе з іспанскай мовы.

«Пра Энергетычную рэвалюцыю, развіваную на Кубе, пра яе жыццёвую і вырашальную важнасць для свету не гаворыцца ані слова» . (3 верасня 2007 года.)

Пра выбары ў ЗША, «антытэзай» якім з’яўляюцца кубінскія дэмакратычныя выбары:«Той факт, што галасуюць (на Кубе — В.Т.;) больш як 90% грамадзян і што скрыні ахоўваюцца школьнікамі , — гэта нешта нечуванае, у што нельга паверыць, калі гаворка ідзе пра «глухі куток зямлі», супраць якога скіравана агрэсія, які існуе ва ўмовах блакады і які завецца Куба. Так мы трэніруем моцныя мускулы нашай свядомасці». (19 кастрычніка 2007 года.)

З нагоды закрыцця Панамерыканскіх гульняў:

«Самым важным поспехам Рэвалюцыі ёсць здольнасць на працягу амаль паўстагоддзя супрацьстаяць блакадзе (з боку ЗША — В.Т.;) і ўсялякім нястачам. Не выключаюцца абмежаванні ў асартыменце і якасці прадуктаў харчавання і пагрозы будучых недаступных цэнаў на іх у выніку патрабавання імперыялістаў выкарыстоўваць значную частку гэтай дэфіцытнай і жыццёва важнай сыравіны для вытворчасці паліва». (30 ліпеня 2007 года.)

Не забыўся ў тым выступе Фідэль Кастра і на спорт. «Куба заняла першае месца ў лёгкай атлетыцы, атрымаўшы 12 залатых медалёў, і другое месца сярод краін, што ўдзельнічалі ў XV Панамерыканскіх гульнях, заваяўваўшы ў цэлым 59 залатых медалёў, пасля Злучаных Штатаў, што атрымалі 97, то бок 1,64 залатога медаля на кожную, атрыманую нашай краінай. Аднак колькасць жыхароў Злучаных Штатаў у 26 разоў больш, чым на Кубе. Паводле прыблізных падлікаў яны дамагліся аднаго медаля на кожныя 3,09 мільёна жыхароў, а мы — аднаго на кожныя 195 тысяч».

І яшчэ пара цытат.

Самая знакамітая: «Асуджайце мяне, няважна, гісторыя мяне апраўдае».

(З прамовы Фідэля Кастра ў судзе над удзельнікамі штурму казармаў Манкада ў 1953 годзе. Ён тады быў малады і прыгожы.)

«Скажы мне, у якім відзе спорту ты выступаеш, і я скажу, хто цябе каланізаваў».

Кастра, як вядома, быў таленавітым аратарам. Яго прамовы на Кубе маглі слухаць гадзінамі. Але наколькі часта будуць карыстацца яго «афарызмамі»? Яны яўна не дацягваюць да папулярных ленінскіх цытат, кшталту «сёння рана, заўтра будзе позна». Саступаюць яны ў парадаксальнасці і афарызмам згаданага вышэй Мао Цзэдуна: «Вінтоўка нараджае ўладу», «Шмат будзеш чытаць — імператарам не станеш»…

Але што зробіш — некалі не толькі Сталіна і Леніна вывучалі, але і Брэжнева, у тым ліку напісаныя нанятым журналістам «Малую зямлю» і «Цаліну».

Сучасныя журналісты часта і ахвотна цытуюць Аляксандра Лукашэнку. Ёсць зборнік яго цытат, які склаў Уладзіміра Падгол. Але цытатніка ў сапраўдным сэнсе слова ў Беларусі пакуль няма. Можа быць, гэта тлумачыцца проста. Памятаеце, як больш за дзесяць гадоў таму Лукашэнка казаў пра Ельцына: мне сорак — яму восемдзесят. Быццам і не ведаў, што гэта схаваная цытата з брэхтаўскай «Кар’еры доктара Уі», дзе меліся на ўвазе малады Гітлер і састарэлы Гіндэнбург.

Ельцына ўжо няма. А кіраўнік беларускай дзяржавы хутка адзначыць сваё 55‑годдзе. Адрозна ад Фідэля і іншых дыктатараў, у яго ўсё яшчэ наперадзе.

Віталь Тарас

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0