14.08.2009 / 15:02

Баразенка амніставаны

Фігурант «справы чатырнаццаці» Аляксандр Баразенка амніставаны.

«12 жніўня мяне выклікалі ў пракуратуру горада Пінска. Там паведамілі, што я трапіў пад дзеянне амністыі», — паведаміў БелаПАН Баразенка.

«Справа чатырнаццаці» — справа, распачатая на падставе артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) у дачыненні да ўдзельнікаў акцыі пратэсту прадпрымальнікаў, якая адбылася ў Мінску 10 студзеня 2008 года.

9 снежня суд Цэнтральнага раёна Мінска прыгаварыў Баразенку да аднаго года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

Праваабарончая арганізацыя «Міжнародная амністыя» афіцыйна прызнала вязнямі сумлення 11 фігурантаў «справы чатырнаццаці», у тым ліку Аляксандра Баразенку.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру