14 жніўня ў Мінску прайшло пасяджэнне круглага стала «Сусветны эканамічны крызіс і Беларусь». На ім выступіў прафесар Йельскага універсітэта (ЗША) Алег Цывінскі.

Ён падзяліўся сваім прагнозам адносна працягласці сусветнага фінансава‑эканамічнага крызісу.

«Адштурхоўваючыся ад даследаванняў Рогава і Рэйнхарт (амерыканскія эканамісты, якія даказваюць, што незалежна ад розніцы ў дэталях усе банкаўскія крызісы адбываюцца паводле прыкладна аднолькавага сцэнарыя. — БелаПАН.) і прыняўшы за пачатак крызісу сярэдзіну 2007 года ў ЗША, можна чакаць, што «дно» актыўнай фазы крызісу будзе дасягнута да канца 2009 года», — лічыць прафесар.

«Ці сапраўды крызіс завершыцца да канца 2009 года ці не — але гэта, бадай што, самы лепшы прагноз эканамістаў, — заявіў Цывінскі.

— Калі ў Беларусі пачаткам крызісу можна лічыць 2008 год, то, мадэлюючы такі ж найпрасцейшы прагноз, можна прадбачыць, што «дно» будзе дасягнута ў 2010 годзе.

З аднаго боку, гэта неблагія навіны — магчыма, крызіс завершыцца, з іншага — гэта не азначае, што ўсё будзе добра і мы вернемся ў тыя тлустыя гады, калі эканоміка Беларусі, як і ўся сусветная эканоміка, расла высокімі тэмпамі». У прыватнасці, мае месца значнае запаволенне тэмпаў росту сусветнай эканомікі ў цэлым, адзначыў прафесар, і гэта абавязкова адаб’ецца на Беларусі.

Акрамя таго, ён звярнуў увагу на «беспрэцэдэнтны» рост падчас крызісу «ўмяшання дзяржавы ў функцыянаванне ўсіх вядучых эканомік свету, дзяржпадтрымку неэфектыўных галін, як гэта адбываецца ў аўтапраме ЗША».

Паводле меркавання Цывінскага, у выніку крызісу ў свеце значна павялічыцца «канкурэнцыя за замежныя інвестыцыі».

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0