Начальніку крымінальнага вышуку Буда-Кашалёўскага РАУС удалося ўгаварыць ананімных злачынцаў вярнуць на месца выкрадзеныя з камбайна акумулятары.

Як паведаміў БелаПАН супрацоўнік аддзела інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Гомельскага аблвыканкама Ігар Грышкевіч, невядомыя ноччу выкралі з камбайна, які належыць КСУП «Рогінь», дзве акумулятарныя батарэі, з-за чаго камбайны не змаглі выйсці ў поле.

Супрацоўнікі міліцыі, на чале з начальнікам крымінальнага вышуку Іванам Шубічам, якія прыбылі на месца злачынства, адпрацавалі некалькі версій, але не змаглі ўстанавіць асобы злачынцаў і акалічнасці крадзяжу.

«І тады начальнік вышуку, выкарыстоўваючы ўсё сваё красамоўства, абышоў усіх праблемных у вёсцы.

Ён пагутарыў з раней судзімымі, зайшоў да аматараў прыкласціся да шклянкі, заклікаў да прыстойнасці і садзеяння.

Кожнаму патлумачыў, наколькі важная праца камбайна ў перыяд уборкі зерневых: бо кошт выкрадзенага ўсяго 322 тысячы рублёў, а вось непрацуючая тэхніка ўрон гаспадарцы нанесла б намнога большы. Дый прадаць выкрадзенае ўжо немагчыма — такі шум узнялі», — паведаміў Грышкевіч.

Наступным днём пасля гэтых размоў раніцай выкрадзеныя акумулятары ў цэласці і захаванасці стаялі каля варот мехдвара. «Камбайн адправіўся ў поле. Усё ж, словы аператыўніка ўзялі за душу злодзея. І, хаця пошукі злачынцы працягваюцца, удалося дамагчыся галоўнага — выпусціць тэхніку ў поле», — падсумаваў супрацоўнік аддзела інфармацыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?