Вось і перад гэтым 15-м турам каманды, што займалі 2-е, 3-е і 4-е месца дружна ўзялі – і не выйгралі.
Як тут не згадаць мінулы сезон у прэм’ер-лізе, калі ў пагоню за «Ліверпулем» і «Чэлсі» кінуліся «Халл», «Арсенал», «Астан Вілла» і, канечне, прыснуўшы на пачатку сезона МЮ.
Першым сышлі тады з дыстанцыі «тыгры» ды так, што «Халл» ледзь не вываліўся ў чэмпіёншып, выратаваўшыся ў апошнім туры. Потым сышоў з дыстанцыі клуб з Бірмінгема, потым – з «беларускага раёна» Лондана, затым, часова, «Чэлсі», покуль не звольніў Скалары і не ўзяў на яго месца, у добраахвотна-прымусовую арэнду, Хідзінка. Чым скончылася пагоня, вядома. Трэцім запар чэмпіёнствам МанЮнайтэд.
БАТЭ – вельмі сімпатычны клуб, і нічога кепскага ў тым, што ён стане ў чацверты раз запар чэмпіёнам (а наогул шосты ў сваёй гісторыі) няма. Але хочацца, каб хоць нехта пусціўся за ім у пагоню, сядзеў на хвасце, трапаў нервы. У тым ліку і дзеля таго, каб БАТЭ не захварэў на зорную хваробу, і каб не здаралася болей казусаў, як у выпадку з «Вентспілсам».
Да нядзелі, матчаў 15-га тура, адрыў барысаўскага клуба ад пераследнікаў складаў дзевяць балаў, ад нядзелі 20 гадзін 26 хвілін – ужо 12 балаў.
БАТЭ ў Барысаве перамог ФК «Мінск» – 1:0, на 71-й хвіліне вызначыўся Павал Няхайчык, а вось тры асноўныя канкурэнты так і не змаглі нарадзіць адну перамогу на трох.
«Тарпеда» Жодзіна (было 2-е месца) прайграла «Граніту» (было перадапошняе месца) – 1:3, «Дняпро» (3-е месца) саступіў «Нёману», які цяпер выйшаў на 2-е месца, – 1:2.
«Дынама» Мінск на стадыёне ў Кунцаўшчыне згуляў унічыю са «Смаргонню» – 1:1. У першым крузе гэтыя каманды таксама згулялі ўнічыю.
На 3-е месца цяпер выйшаў «Нафтан», які перамог МТЗ-РІПА (2:1) і адправіўшы клуб у зону вылету.
Іншыя вынікі: «Шахцёр» – Дынама Брэст – 1:1, «Віцебск» – «Гомель» – 1:0.
Турнірнае становішча: БАТЭ – 37, «Нёман», «Нафтан», «Тарпеда» – 25, «Дынама» Мінск – 24, «Дняпро» – 23, «Шахцёр» – 22, «Дынама» Брэст – 21, «Мінск» – 19, «Гомель» – 18, «Віцебск», «Граніт» – па 16, МТЗ-РІПА – 15, «Смаргонь» – 7.
Галоўная інтрыга цяпер палягае ў тым, хто вылеціць у першую лігу.А гэта, згодна з рэгламентам, павінны быць тры каманды. Нават прыхільнікі «Брэста» і «Мінска» не могуць пачувацца спакойна.
Ну і цікава, хто трапіць у наступным годзе ў Лігу Еўропу. Тое ж брэсцкае «Дынама» таксама захоўвае шанцы, гледзячы на тое, як каманды з верхняй часткі табліцы дружна губляюць балы.