Справа па ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса (атрыманне хабару асобай, якая займае адказную пасаду) распачата ў дачыненні да 44‑гадовай старшыні Алёхнавіцкага сельскага савета і сельскага выканкама (Маладзечанскі раён) Алены Шумскай.

Як паведамілі ў прэс‑службе УУС Мінскага аблвыканкама, аператыўнікам упраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі ў стратэгічных кірунках абласнога ўпраўлення ўнутраных спраў спатрэбілася больш як дзевяць месяцаў, каб злавіць старшыню сельсавета з доказамі злачынства.

Займаючы адначасова дзве кіруючыя пасады, чыноўніца валодала самымі шырокімі паўнамоцтвамі па цэлым шэрагу пытанняў, звязаных з выдзяленнем і афармленнем зямельных участкаў, што размяшчаюцца на падведамаснай тэрыторыі.
«Затрыманая здымала наяўныя грошы, што перадавалі ёй у якасці хабару, з банкаўскіх картак грамадзян, якія папярэдне паведамлялі ёй пін‑код. Чыноўніца была ўпэўнена, што электронная «версія» хабару выключна бяспечная»,
— паведаміў начальнік упраўлення па барацьбе з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі ў стратэгічных кірунках УУС Аляксандр Радаеў.

Алена Шумская была затрымана каля банкамата, дзе спрабавала зняць суму, якая завяршала крымінальную здзелку, — апошнюю тысячу даляраў.

Папярэднія дзве чыноўніца, як і было дамоўлена, ужо паспела зняць раней. Грошы прызначаліся для вырашэння пытання, звязанага з афармленнем дакументаў аб выдзяленні зямельнага ўчастка для будаўніцтва і абслугоўвання жылога дома ў вёсцы Алёхнавічы Маладзечанскага раёна ў інтарэсах 38‑гадовай жыхаркі Мінска.

Цяпер чыноўніца знаходзіцца ў следчым ізалятары.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0