Заслужаны калектыў «Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі» пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга адкрывае 23‑і канцэртны сезон. Адной з яго першых падзей будзе музычны фестываль у Тураве, які пройдзе 4 верасня, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аркестры.

Адным з яркіх момантаў гэтага канцэртнага сезона, безумоўна, будзе новы фестываль у Мінску, прысвечаны беларускай эстраднай песні. Ён аб’яднае адразу тры праграмы, адна з якіх вядомая «Спяваем з аркестрам!» для маленькіх выканаўцаў з усёй Беларусі. У праграму новага фестывалю ўвайшлі таксама канцэрт, прымеркаваны да 80‑годдзя Уладзіміра Караткевіча, і творчы вечар народнага артыста Беларусі кампазітара Эдуарда Зарыцкага.

Фестываль — не адзінае, чым парадуе сваіх паклоннікаў Нацыянальны аркестр Беларусі ў новым сезоне. Будзе арганізаваны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні. У новым фармаце пройдзе фестываль у Магілёве «Шлягер на ўсе часы», які будзе складацца з шэрагу аўтарскіх вечароў вядомых спевакоў і кампазітараў. У Пінску ўпершыню пройдзе фестываль, прысвечаны музыцы, якая нарадзілася на гэтай палескай зямлі.

Паводле слоў народнага артыста Беларусі прафесара Міхаіла Фінберга, мінулы сезон быў для калектыву ўдачным. Аркестр арганізаваў і правёў 12 фестываляў, падрыхтаваў 27 зусім новых праграм. Прагучалі аўтарскія канцэрты кампазітараў Карловіча, Вагнера, Смольскага і паэта Адама Русака. Былі падрыхтаваны і прайшлі праграмы «Ад Масквы да Брэста» — падарунак калектыву да 65‑годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка‑фашысцкіх захопнікаў, «7 цудаў Беларусі», прысвечаная Году роднай зямлі, юбілейны, 20‑ы, фестываль джазу, конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні ў Маладзечне.

БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0