15 жніўня пасля ўрачыстай святой Імшы ў санктуарыі Маці Божай Цудатворнай у Аглоне (Латвія) адбылося афіцыйнае прысвячэнне латышскага народу Найсвяцейшай Панне Марыі.
Акт прысвячэння адбыўся пасля літаніі, за аснову якой была ўзята малітва да Фацімскай Маці Божай.
У цырымоніі прынялі ўдзел біскупы Латвіі, Апостальскі нунцый у краіне, а таксама прэзідэнт Латвіі Валдзіс Затлерс, прэм’ер‑міністр Дамброўскіс і дэпутаты сейма.
«Мы прысвячаем Табе ўсіх людзей Латвіі, усіх, у чыіх руках улада прымаць жыццёва важныя рашэнні, усіх, хто ў роспачы, усіх, у каго не хапае надзеі і радасці, усіх, хто не спазнаў Бога і Яго міласэрную любоў. Маліся за нас, маліся за нашу зямлю, Найсвяцейшая Панна!» — гучала ў малітве.
У гісторыі Латвіі гэта ўжо другое прысвячэнне Маці Божай. Упершыню латышская зямля атрымала назву «Тerra Mariana» («Зямля Марыі») больш за 800 год таму, калі сюды прыйшлі першыя хрысціянскія місіянеры.