Пра «Хамас» і пра нас піша Віталь Тарас.

Пры канцы мінулага тыдня ў сектары Газа адбыліся драматычныя падзеі. Узброеная ісламісцкая групоўка «Джунд Ансар Алах» (Ваяры Алаха) захапіла мячэт у Рафаху. Пасля пятнічнай малітвы шэйх Абдэль‑Латыф Муса абвясціў стварэнне ісламскага эмірату. «Хамас», які кантралюе сектар Газа, адправіў да паўстанцаў свайго прадстаўніка для перагавораў, але тыя забілі перамоўніка. Калі байцы «Хамас» атакавалі мячэт, Абдэль‑Муса са сваімі прыхільнікамі ўзарвалі сябе.

Усяго падчас сутыкненняў хамасаўцаў з ваярамі Алаха загінулі 24 чалавекі, 165 былі паранены. На сваім сайце «Джунд Ансар Алах» абяцаў працягваць джыхад супраць Ізраіля і супраць «здраднікаў» з «Хамасу».

ХАМАС – абрэвіятура, якая расшыроўваецца як Ісламскі рух супраціву. (Адначасова само слова «хамас» па‑ арабску азначае «натхненне, энтузіязм».) Гэтая арганізацыя, створаная ў Палестыне ў 1987 годзе ісламісцкай арганізацыяй «Браты‑мусульмане» на чале з шэйхам Ясінам, абвешчана тэрарыстычнай у Ізраілі, Ярданіі, ЗША, Канадзе, Еўрасаюзе і ў многіх краінах свету, за выключэннем Расіі.

На пачатку 2007 году «Хамас» дамовіўся з палестынскім рухам ФАТХ аб стварэнні кааліцыйнага ўрада Палестынскай аўтаноміі. Але ўлетку таго ж году хамасаўцы ўзброеным шляхам захапілі ўладу ў сектары Газа.

Лідэр ФАТХ Махмуд Абас, які да гэтага кіраваў усёй Палестынскай аўтаноміяй, стварыў на Заходнім беразе Ярдана свой урад і таксама абвінаваціў «Хамас» у тэрарызме.

ФАТХ лічыцца на Захадзе больш прагматычнай арганізацыяй, гатовай весці перамовы з Ізраілем. «Хамас» не прызнае існавання ізраільскай дзяржавы, хоць згодны весці з ёй перамовы з тактычных меркаванняў.

Пры гэтым «Хамас» адмаўляе, што на кантраляванай ім тэрыторыі ёсць арганізацыі, звязаныя з сумна вядомай «Аль‑Каідай». Але згаданыя вышэй «Ваяры Алаха» гэтага не хавалі, калі ўзнялі паўстанне. Паведамленні пра яго з’явіліся тэлеэкранах, але хутка зніклі.

Між тым, тут ёсць на чым паразважаць. Падзел на «сваіх» і «чужых», на «святло» і «цемру», «дабро» і «зло» ў палітыцы, як і проста ў жыцці, часам бывае досыць прымітыўным, спрошчаным. Гэтаксама, як белы колер ёсць змяшэннем усіх колераў вясёлкі, так і чорны, насамрэч, мае безліч адценняў. Як гаворыцца ў адной афрыканскай казцы: не кажы, што ты самы мудры – сустрэнеш мудрэйшага за сябе. Не кажы, што нехта самы злы і кепскі – сустрэнеш яшчэ горшага.

Але самае горшае – гэта талерантнае стаўленне да зла. Той самы Еўразвяз, які фармальна прызнае «Хамас» тэрарыстычнай арганізацыяй, схільны ўскладаць роўную адказнасць за гвалт на яго і на Ізраіль. Усе ў Еўропе, здаецца, разумеюць, што зрыў прэзідэнцкіх выбараў у Афганістане і перамога там талібаў азначала б вяртанне самых жахлівых формаў ісламізму ў краіне і трыумф «Аль‑Каіды», яе метадаў. Не кажучы ўжо пра наступствы такога развіцця падзеяў для Цэнтральнай Азіі. Але кожная з краінаў ЕЗ знаходзіць свае рэзоны не пасылаць туды свае войскі, ці скарачаць удзел у кааліцыі з ЗША, войскі якіх нясуць там усё новыя страты, скарачаць і фінансавую падтрымку ўраду Карзая.

Ёсць свае рэзоны ў Захаду, напэўна, і ў тым, каб шукаць супрацоўніцтва з кіраўніцтвам Беларусі, дыстанцыявацца ад канфлікту Масквы з Грузіяй і з Украінай, іншымі постсавецкімі дзяржавамі. Можна бачыць у пагрозлівых прамовах прэзідэнта Мядзведзева ўсяго толькі падставу для саркастычнай усмешкі: вайна Расіі з Украінай, маўляў, была б чыстым шаленствам! Тое самае многія казалі і перад пачаткам вайны з Грузіяй…

Падзеі апошніх дзесяцігоддзяў на Блізкім Усходзе, ды і ўся ранейшая гісторыя сведчаць пра тое, што няма нічога настолькі шалёнага, на што палітыкі – асабліва ва ўмовах аўтарытарных рэжымаў – не маглі б наважыцца. І няма нічога настолькі жахлівага, на што не маглі б рашыцца людзі, пазбаўленыя права і жадання самім нешта вырашаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?