У жніўні ў Расіі зноў усё пасыпалася. У ранейшыя гады былі путч, дэфолт, пагібель «Курска»… Цяпер — катастрофа «Расійскіх віцязяў» (знішчальнікі Су-27 чамусьці практыкаваліся над жылым раёнам), тэракт з мноствам ахвяр у Назрані, страшны выбух на Саяна-Шушанскай ГЭС. Фармальна, заўважце, усё гэта — на тэрыторыі саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі.

«Газета.Ru», каментуючы каскад катастроф, робіць лапідарную выснову: «Усё запушчана». У артыкуле наўпрост гаворыцца: Расія імкліва занепадае, развальваецца што да тэхналогій ды інфраструктуры.

Шалёныя нафтадолары мінулых гадоў пайшлі не на мадэрнізацыю, а на пусканне пылу ў вочы ды абагачэнне вузкага кола асоб.

Не лепш і ў плане геапалітычным. Таксама ўсё запушчана. Даводзіцца плаціць і па старых імперскіх рахунках, і па новых. Масква мітусіцца, спрабуючы ўтрымаць уплыў на сваіх ускраінах ды абсягу «постсаўка».

Крэмль небяспечна эксперыментуе з каўказскай парахавой бочкай, зноў уваходзіць у бессэнсоўны клінч з Украінай (маецца на ўвазе дзіўная эпістала Мядзведзева Юшчанку), нарэшце — апынуўся на нажах з Беларуссю, што раней лічылася адданай саюзніцай. Малочная вайна нібыта скончылася, але прывід новых канфліктаў блукае паміж Оршай і Смаленскам.

Расійская эліта стала закладніцай імперскай мадэлі. Думкі ды памкненні скіраваны вонкі, за межы краіны, стратэгі клапоцяцца аб сферах геапалітычных інтарэсаў, Крэмль спрабуе так ці інакш «пашыхтаваць» суседзяў. У той жа час уласны народ — таленавіты і шчыры — у масе сваёй бедны, неўладкаваны, пастаянна адпраўляе дзяцей на чарговую вайну ды топіць няўцешнасць у шклянцы.

І цяпер змадэлюйце будучыню Беларусі ў выпадку лагічнага завяршэння гэтак званага саюзнага праекта. Асобна ацаніце «дальнабачнасць» тых апазіцыйных палітыкаў, якія жадаюць паказаць сябе перад Крамлём, абяцаючы быць лепшымі інтэгратарамі, чым «рэнегат» Лукашэнка.

Апошні, мне падаецца, шчыры, калі гаворыць, што беларусы і расійцы — адзін народ. Ён сапраўды так думае. Паміж афіцыйным лідэрам Беларусі і апазіцыйнымі нацыяналістамі — светапоглядная ды культурная бездань. Але фенаменальным інстынктам улады Лукашэнка адчуў смяротную небяспеку ранейшага фармату знешняй палітыкі. Гэта — калі яе, па вялікім рахунку, не было: была толькі жорсткая прывязка да Масквы.

Вядома, эканамічная, энергетычная залежнасць так ці іначай не знікне за два дні. І за дзесяць гадоў — таксама. Але гэта не аргумент, каб рэанімаваць «братэрскую інтэграцыю» ды яшчэ абяцаць пайсці ў ёй далей за Лукашэнку. Так, калі пастарацца, Расія можа даць трохі таннейшы газ, але ненадоўга і за палітычныя саступкі.

Тое ж тычыцца і крэдытаў. Беларускі кіраўнік вынес смецце з хаты, расказаўшы, як за 500 мільёнаў долараў патрабавалі прызнаць Абхазію з Паўднёвай Асеціяй. А што запатрабуюць за мільярд? За пяць мільярдаў? Між тым грошай трэба шмат, лапіць дзіркі ў фінансах хутка не будзе чым.

Тутэйшае начальства дапяла: што да мадэрнізацыі, то на Расію спадзявацца няма чаго. Вуснамі Лукашэнкі абвешчаны курс на ўкараненне еўрапейскіх тэхналогій, прыцягненне заходніх інвестыцый.

Але заганнасць парадыгмы ў тым, што мадэрнізацыя ўяўляецца аўтарытарнай. Каб у вытворчасці ўсе шасцярэнькі круціліся па-еўрапейску — дакладна і без скрыпу, а вось у палітыцы — каб заставалася анахранічная машына адзінаўладдзя і задушэння любой альтэрнатывы. Маўляў, нашаму народу заходнія дэмакратычныя прыбамбасы толькі шкодзяць.

Аказваецца, свінакомплекс паводле дацкіх або галандскіх стандартаў — самае тое, а вось выбары або доступ да інфармацыі паводле тых жа стандартаў нашай грамадзе не пасуюць. Добра ж улада думае пра свой народ, калі лічыць, што толькі свінні ў роднай айчыне дараслі да еўрастандартаў!

Па сутнасці, беларускія дзяржаўныя ідэолагі ў трохі іншай абгортцы падносяць тую ж канцэпцыю «суверэннай дэмакратыі», якую вынайшла расійскае кіраўніцтва. І тут, і там апраўдваюць нейкі трохі асучаснены варыянт самадзяржаўя. У гэтым сэнсе рэжымы ў Расіі і Беларусі — сапраўды браты.

Так, у нас лепей што да побытавых умоў, няма такіх кантрастаў і, мабыць, такой карупцыі, як у Расіі. Але калі казаць пра мысленне кіроўнай эліты — таксама «ўсё запушчана». І таму сённяшні еўрапейскі трэнд нашай краіны — слабы, палавіністы, без гарантый поспеху.

Беларусь па-ранейшаму занадта моцна прывязана да краіны перманентных катастроф — Расіі.

Гаворка не пра тое, каб быць з ёю на нажах. Усе войны апошняга часу між Масквой і Мінскам — гэта акурат канвульсіі «братэрскай інтэграцыі». Патрэбны прагматычныя і празрыстыя адносіны (эксперты апошнім часам сталі ўжываць тэрмін «фінляндызацыя»). Але палітыкі дзвюх краін чапляюцца за міфы. Кшталту братэрства па зброі, якога дэ-факта даўно няма, але якое будуць піярыць манеўрамі «Захад-2009».

І таму наперадзе — яшчэ доўгі, пакутлівы перыяд высвятлення дачыненняў між дзвюма краінамі, у якіх агульная гісторыя хваробы. Усё занадта запушчана.

Аляксандр Класкоўскі, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?