Фота Ірыны Мірскай.

Фота Ірыны Мірскай.

Беларусь моцна памянялася за апошнія гады. Піша Янка Запруднік.

Зь Нью‑Джэрзі ў менскі гатэль

Удзел у сёлетнім Пятым зьезьдзе Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» мы з жонкай пастанавілі спалучыць з пашыранымі адведкамі сваякоў і сяброў. Ляцець у Беларусь думалі спачатку нямецкай Люфтганзай, але, параўнаўшы цану, выбралі польскі ЛЁТ. Заашчаджаныя 600 даляраў дадаліся ў Беларусі да грашовых падарункаў і ахвяраваньняў.

Адным з галоўных клопатаў перад ад’ездам было, як спрасьціць па прыезьдзе ў Беларусь дурацкую цяганіну з рэгістраваньнем у паліцыі свайго побыту? Пастанавілі гэтым разам затрымацца першы дзень у гатэлі, спадзяючыся, што гатэльная адміністрацыя возьме на сябе гэтую прыкрую для нас фармальнасьць.

З дапамогай дзелавых спадарынь з «Бацькаўшчыны» замовілі сабе пакой у гатэлі «Мінск», які лічыцца ў сталіцы другім паводле камфорту месцам для турыстаў.

Пра якасьць гатэлю павінна была сьведчыць цана за ноч — 224 даляры.

І так, з затоеным дыханьнем выправіліся ў дарогу. У Варшаве пераселі з большага амэрыканскага боінгу на меншы. Пасажыраў у ім, на дзіва, было даволі шмат. Побач са мной аказалася былая мянчанка, якая ехала з Канады. Вязла да бацькоў трое сваіх дзяцей на лета. Казала, робіць гэтак ужо каторы год. Дарэчы, і ў Амэрыцы бачым такое самае: маладыя новапрыбылыя сем’і завозяць дзяцей налета да бацькоў у Беларусь. Каштуе таньней, чымся пасылаць іх на месцы ў дзіцячыя садкі ці летнія лягеры. Дый дзядам прыемнасьць.

Пасьля новага, размашыстага й люднага варшаўскага аэрапорту менскі выглядае сіратліва й запушчана.

Перад кантрольнай паліцыйнай будкай чакала нас жанчына з блянкамі абавязковай мэдычнай страхоўкі на час побыту. Заплацілі па 18 даляраў ад асобы. Тут жа ляжалі на стале сьлепаватыя фармулярчыкі, для Рэспублікі Беларусь і Расійскай Фэдэрацыі. На кожнай палавіне фармулярчыка сьмеху вартая пячатка ‑‑ «Выдается бесплатно». Напружваючы зрок, трэба было два разы выпісаць мікраскапічнымі літарамі й лічбамі: імя, імя па бацьку, прозьвішча, нумар пашпарту, нумар візы, калі прыехаў, якія мясьціны наведеш, якімі справамі будзеш займацца, калі выедзеш, подпіс. Уяжджаеш у царства бюракратыі…

Гатэль «Мінск» хваліцца чатырма зоркамі.

Разьлік на тое, што тут адбудзецца паліцыйная рэгістрацыя, апраўдаў сябе. У нас адразу ж папрасілі пашпарты й сказалі, што праз гадзіну штамп будзе пастаўлены. Уф!.

Падняўшыся на свой чацьверты паверх, мы зьдзіўлена пабачылі засланы белым непрымацаваным палавіком цемнаваты калідор, у якім перад кожнымі дзьвярыма ляжала такая ж белая пагамтаная посьцілка. Першае ўражаньне: незакончаны рамонт.

Адчыненае акно адразу ж дало знаць пра адсутнасьць кандыцыянера. Не пабачыў я ў пакоі таксама ані гадзіньніка ані лішняй падушкі (стандартныя рэчы ў амэрыканскіх гатэлях і матэлях).
Затое ўмывальня аказалася на ўзроўні. І гатэльнымі лэптопамі, як мне ветліва паясьніў швайцар, можна карыстацца задарма.

Мы былі ўражаныя малой колькасьцю гасьцей, прычым неэўрапейскага выгляду — ні то арабы ні то людзі з Цэнтральнай Азіі.

Менская «Сталіца», або Shopping Mall

Гадоў чатыры таму пад плошчай Незалежнасьці мы зьведалі пачатак гандлёвага цэнтру, так званай «Сталіцы». Захацелася пабачыць яе цяпер ‑‑ паглядзець, што там новага. А новага шмат, хоць для нас яно адначасна й старое, бо ў Амэрыцы поўна падобных гандлёвых цэнтраў (shopping malls). Тое, што мы бачылі раней на адным паверсе, разраслося й паглыбілася да трох узроўняў. Крамы самага рознага тыпу, ад ювэлірных і касмэтычных да спажывецкіх супэрмаркетаў. На рэклямных плякатах, вывесках і налепках поўна замежных, найбольш англамоўных тэрмінаў. Сваім кліматам, праўда, «сталічныя» калідоры не дацягнулі яшчэ да заходняга ўзроўню: паветра цеплавата душнае, ахаладжэньне маюць толькі некаторыя магазыны, дый тое кволае.

Крамы напоўненыя вельмі падобнымі таварамі што й у Амэрыцы. Мода на крыклівую дэманстрацыю голага жаноцкага цела відавочная і на манэкенах, і на дзяўчатах, што зайздросна ўглядаюцца ў вітрыны. У модах выразна лідзіруе слабейшы пол. Мужыкі плятуцца далёка ззаду: прыкладам, шорты ў шырокі ўжытак яшчэ не ўвайшлі. Іх носяць пакуль што нешматлікія энтузіясты навізны.

Ад каго «атрымалі» сувэрэнітэт?

На самой плошчы Незалежнасьці коратка перад нашым прыездам закончылі ўсталёўваць вялікі круглы фантан‑помнік, цэнтрам якога сталася манумэнтальная скульптура трох буслоў ‑‑ сымбаль Беларусі, ‑‑ што ўздымаюцца ў неба. На мармуровай абводцы — шчыт з напісам:

    ПЛОШЧА НЕЗАЛЕЖНАСЦІ НАЗВАНА Ў ГОНАР

    АТРЫМАННЯ СУВЕРЭНІТЭТУ БЕЛАРУСІ.
    РЭКАНСТРУЯВАНА Ў 2003‑2006 ГАДАХ
    ПА ДАРУЧЭННЮ ПЕРШАГА
    ПРЭЗІДЭНТА РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ
    А. Р. ЛУКАШЭНКІ

Адразу ж зьвяртае на сябе ўвагу фальсыфікат пра «атрыманьне» сувэрэнітэту. Ад каго гэта Беларусь «атрымала» яго?

Агульна ж ведама, што сувэрэнітэт быў абвешчаны.
У выніку гучных сутычак паміж беларускімі патрыётамі, якіх згуртаваў БНФ, і прамаскоўскімі камуністамі. Пераробка абвешчаньня на «атрыманне» — гэта ня толькі зацямняньне гістарычнага факту, але й сьведчаньне пра камплекс нацыянальнай непоўнавартаснасьці на дзяржаўным узроўні, камплекс запалоханасьці перад усходнім мядзьведзем.

Дзень Рэспублікі

Менск у дзень нашага прыезду (30 чэрвеня) быў прыбраны да адзначэньня 3 ліпеня «Дня незалежнасьці Рэспублікі Беларусь (Дня Рэспублікі)». На галоўных будынках і вуліцах красаваліся сьвяточныя плякаты й расьцяжкі. Некаторыя зь іх беларускамоўныя. Улада выдзяляе пры такіх нагодах невялікую дозу беларушчыны, прызначэньне якое, як некаторыя думаюць, падвойнае: 1. спатоліць крыху галодную душу айчынных нацыяналістаў і 2. паказаць настырліваму імпэрскаму суседу, што, калі б справа дайшла да кулакоў, дык тады магло б і порахам запахнуць: «Вы што, хочаце яшчэ адну Чачню?!…»

Сьвяткаваньне Дня Рэспублікі было спалучана з 65‑мі ўгодкамі вызваленьня Менску ад немцаў. Вялікі парад (штосьці накшталт паўночнакарэйскага) з дэманстрацыяй ваеннага патэнцыялу Рэспублікі (у часе якога Лукашэнка трымаў каля сябе свайго малога сынка ў вайсковай, як і ён сам, уніформе) меў на мэце прадэманстраваць каштоўнасьць сувэрэнітэту, ваенную абароназдольнасьць ды стаўку на моладзь і спорт.

З паказанага на афіцыйным тэлебачаньні рэпартажу пра сьвяткаваньне Дня Рэспублікі найбольш неверагоднай дэтальлю прагучэў урывак беларускамоўнай песьні ў выкананьні жаўнерскага хору ‑‑ пра гатовасьць адважна бараніць Радзіму ад ворага.

Будаўніцтва

Будаўніцтва ў Менску, у тым ліку жыльлёвае (кажуць, зь немалым удзелам маскоўскага капіталу) ідзе размашыста. Фасады шматкватэрных гмахаў у 15‑20 паверхаў, размаляваныя ў лагодныя тоны, упрыгожваюць гарызонты сталічнага Менску.

Дарэчы, у сталіцы можна пабачыць нарэшце грамадзкія туалеты, да якіх накіроўваюць вулічныя знакі «WC» са стрэлкай. Трэба дадаць тут, што ў прыватных рэстаранах зьвявіліся таксама зусім прыстойныя прыбіральні. Прыватнікі дбаюць пра кліентаў.

Над магілай Генадзя Кісялёва

Адведзіны бацькаўшчыны — гэта сустрэчы з жывымі й зь мёртвымі. Нас, жывых, цягне да магіл ня толькі ў простым сэнсе, але і ў пераносным. Гэты апошні мамэнт пранікліва падкрэсьліў незабыўны Караткевіч: «Дзяды з магіл жыцьцём дыхнулі…» Магілам прычашчаемся, імі спаталяем душу, у іх шукаем сувязі зь вечнасьцю. Бо мы ж і зьяўляемся замагільным жыцьцём нашых продкаў, нашых папярэднікаў.

Ад’яжджючы ў дарогу, мы з Надзяй дамовіліся зьведаць у Менску дзьве магілы: Івана Мележа (за ягоныя «Людзі на балоце») і Генадзя Кісялёва (за «Пачынальнікаў» ды шмат чаго іншага).
Удалося пабыць толькі на магіле апошняга, пакланіцца, выказаць спачуваньне жонцы Яніне Міхайлаўнай. Паклалі на жоўтым пяску букецік васількоў. У нас у Амэрыцы іх гадуюць таксама, але беларускія зырчэйшыя, больш сінія.

Генадзь, пра якога ў славутай сатырычнай паэме «Сказ пра Лысую гару» зычліва сказана «Генус Кротус Кісялёў», быў, як расказала нам жонка, няўрымсьлівым працаголікам да самага апошняга канца: дактароў не прызнаваў, ледзь трымаючыся на нагах, ён думаў аб адным: як кінуць яшчэ жменю сьвятла ў цёмную мінуўшчыну Краіны, каб гісторыяй прасьвятліць затуманеную сучаснасьць.

Беларуская мова

Там, дзе мы былі, расейшчына гучыць паўсюль на вуліцах і ў публічных месцах. А ў Менску ‑‑ зь невялікім выняткамі ў мэтро ды на некаторых шыльдах і плякатах. А ў правінцыі й гэтага ня відаць. Тым ня менш, у нашым пасьлядоўным карыстаньні беларускай мовай, мы не напаткаліся на грубіянскую рэакцыю тыпу «говори на человеческом языке» — што здаралася гадоў восем‑дзесяць раней. Пасьлядоўная абарона роднай мовы сябрамі й прыхільнікамі ТБМ, ТБШ і БНФ, асабліва маладымі актывістамі, у спалучэньні з аказійным выкарыстоўваньнем яе некаторымі афіцыйнымі асобамі,

прывучае русафілаў да спакайнейшай рэакцыі на беларускамоўныя звароты да іх. Злагоджваюць варожую рэакцыю на беларушчыну й канфлікты паміж Менскам ды Масквой, у якіх нацыянальная мова становіцца псыхалягічным фактарам абароны.

З другога боку, сярод паспалітага люду ўсё яшчэ пераважае пагляд на беларускую мову як на каштоўнасьць непрагматычную, не для практычнага ўжытку. Родная мова — свайго роду шкатулка за шклом, этнаграфічная акраса, гістарычная спадчына на ствяточны дзень. Што да ўраду, дык ён ведае, што гэта адначасна й нацыяналістычны рэсурс, які трымае ў запасе, каб выкарыстаць пры неабходнасьці.

Хто прадае беларусам ваду?

Як і ў Амэрыцы — толькі ня так часта — можна пабачыць на менскіх вуліцах людзей з бутэлечнай вады ў руцэ. Беларусь, як ведама, багатая на крыніцы чыстае вады, на падземныя воды ўнікальнай якасьці. Здавалася б, каму як не айчыннай прамысловасьці выкарыстоўваць гэтыя запасы. Таму было дзіўна прачытаць на бутэлечцы, што ваду беларусам прадае… амэрыканская Кока Кола. Хоць, калі падумаеш, дзівіцца тут няма чаму: прадпрымальніцтва ў краіне пакутліва церпіць, з аднаго боку, ад дыктату й чыноўніцкай самаволі, а з другога ‑‑ ад розных дэфіцытаў: дэфіцыту капіталу, тэхналягічных ведаў, практычнага заканадаўства, разумнай адміністрацыі. Усе гэтыя й падобныя нястачы наглядна сьведчаць, між іншага, пра вялікі патэнцыял, які тоіцца ў заходнім вэктары вонкавай палітыкі.

Турызм. Невыкарыстаныя рэсурсы

Беларускі ўрад глядзіць на замежных турыстаў як на багатую крыніцу валюты. Таму кідае за сабой, каб знайсьці перад сабой. У турыстычную інфарструктуру ўкладаюцца вялікія сродкі на рэстаўрацыю замкаў, палацаў і сядзібаў, на добраўпарадкаваньне іхнага навакольля, пад’ездных дарог, рэстаранаў і гатэльна‑матэльнай абслугі. Аб тым, што турызм можа стацца дойнай каровай, сьведчаць пачатыя нядаўна арышты кіраўнікоў некаторых турбізнэсаў, западозраных ва ўтойваньні міліённых прыбыткаў.

Гаспадары дзяржаўнага бюджэту бачаць крыклівую дыспрапорцыю ў параўнаньні з суседзяміі: у Беларусі ў 2008 годзе пабывала 91 тысяча турыстаў, а ў Літве — чатыры з палавінаю міліёны! Якія вялікія прыбыткі можна было б мець, калі б…. і г.д.

Зразумела, каб прывабіць турыстаў, трэба мець куды больш, чымся гістарычныя помнікі.
У першую чаргу патрэбны гатэльныя выгады каля ўсіх тых адбудоўваных гістарычных мясьцін. Штосьці накшталт таго, з чым мы азнаёміліся ў маім родным Міры.

Начлег у прыватным матэліку

Пачатак нашага двухдзённага побыту ў маіх стрыечных сясьцёр і кузэна аказаўся небеспраблемным. Давялося вытрымаць, у спакойна жартаўлівым тоне, гутарку наконт начлегу. Адразу ж зьдзіўленае пытаньне ад кузэнкі: як гэта магчыма начаваць не ў сваіх, а ў нейкім там прыватным дамку?! А што падумаюць суседзі! На гэта я адказаў з усьмешкай: няхай думаюць, што мы прыехалі ад імя міжнароднай турыстычнай фірмы паравяраць якасьць начлегу ў мясцовым матэлі.

Затрымаліся мы ў ім на добрую параду нашай прыяцелькі‑мянчанкі, якая тут нядаўна пабыла. Гэта невялікі прыватны дом, перароблены з жылой драўлянай хаты на дзьвюхкватэрны матэлік. Стаіць ён на стратэгічным месцы, каля самага замку. Бязь люксусу, але й без складанасьцяў з туалетам і бягучай вадой, у тым ліку гарачай.

Крыху неспадзявана для нас, гаспадар матэліку, сп. Пасілаў Сяргей Анатолевіч, запрапанаваў падпісаць дамову. Мы згадзіліся: цікава было пабачыць адзін з аспэктаў прыватнага бізнэсу.

Дамова ‑‑ дзьве поўнафарматныя старонкі, сьпісаныя густым шрыфтам. Загаловак: «Типовой договор на оказание услуг в сфере агроэкотуризма». У ім ‑‑ 17 пунктаў з падпунктамі й падзагалоўкамі: «прадмет дамовы»; «правы й абавязкі бакоў»; «якасьць і аб’ём паслугаў у сфэры аграэкатурызму»; «цэны й парадак разьлікаў»; «адказнасьць бакоў»; «заключныя палажэньні»; «рэквізыты й подпісы бакоў».

Сп. Пасілаў, названы ў дамове «выканальнікам», забавязваўся даваць нам паслугі «ў мэтах адпачынку, аздараўленьня, азнаямленьня з прыродным патэнцыялам, нацыянальнымі й культурнымі традыцыямі ў абыйме і на ўмовах прадугледжаных дадзенай дамовай». Заплаціўшы яму поўную суму за два дні побыту (80 даляраў), мы атрымалі ключы ад пакою й ад хаты (другая кватэра была незанятая), ды больш гаспадара й ня бачылі. Былі поўнасьцяй свабодныя, з чаго вельмі цешыліся.

Запах сьвежа апрацаванага дрэва, чыстыя падлогі, прасторны пакой зь відам на замак, душ, нават кухоныя магчымасьці, усё гэта апраўдвала кошт: 20 даляраў ад асобы за ноч.

Мірскі замак як шыкоўны гатэль

Нам як замежным турыстам, не без дапамогі родзічаў (якім і за гэта падзяка), быў дадзены пэрсанальны тур Мірскога замку й ягонага навакольля. Рэстаўрацыя йдзе поўным ходам. Апрача ўсяго іншага, у замку ўладжваюць 16 люксусных апартамэнтаў. Тут і высокаякасная мэбля бабруйскага вырабу (яшчэ ў плястыковым абкрыцьці), і першаклясныя люстры айчыннай вытворчасьці, і італьянская кераміка, і нямецкая электроніка, і шпалеры ў кожным пакоі асобнага дызайну. Маладыя мастакі зь менскай акадэміі мастацтваў пазалочваюць і размалёўваюць столі. Вышліфоўваюцца балюстрады. Закроеная прасторная канфэрэнц‑заля з будкамі для перакладнікаў.

Жыткавіцкія могілкі, вуліцы й гутарка зь мясцовымі карэспандэнтамі

Шлях зь Менску на Жыткавічы, мінаючы Слуцак і Салігорск, пралёг даволі гладка, прычым дае магчымасьць набыць сэзонныя дары лясоў. У нашым выпадку гэта былі лісічкі й ягады, зь якімі сядзяць паабапал дарогі руплівыя шукальнікі лішняга рубля або й адзінага для іх скупога заробку.

У Жыткавічах адведалі, кажучы трапным мясцовым словам, клады (могілкі). За чатыры гады магіл прыбыло вунь аж колькі. Агледзіш помнікі, пераважна з партрэтамі нябожчыкаў, і жахаешся ад факту, што бальшыня іх памерлі ў зусім не старым веку. Сапраўдная пандэмія перадчаснай сьмерці, якая шмат кажа пра эканоміку краіны, палітыку, мэдыцыну ды стыль жыцьця.

Сам горад ня шмат зьмяніўся за прамінулыя чатыры гады. Заасфальтавалі збольшага яшчэ пару вуліцаў, а рэшта ляжыць далей з выбоінамі ды вадзянымі ямамі. Гэта не перашкаджае некаторым вар’ятам за рулём шугаць на шалёнай хуткасьці каля пешаходаў. Я ледзь‑ледзь не паплаціўся, калі ня жыцьцём, дык паламанымі касьцямі.

Госьці з Амэрыкі ў Жыткавічах бываюць ня часта. Таму нашым прыездам зацікавіліся карэспандэнты зь мясцовае радыёстанцыі й газэты «Новае Палесьсе». Прагаварылі больш за гадзіну і пра дадатнае і пра адмоўнае, у тым ліку пра адзін прыкры мамэнт для кожнага беларуса, якому баліць зьнявага роднае мовы. У той час якраз быў пачаўшыся віцебскі «Славянскі базар». На адкрыцьці яго прэзыдэнт Лукашэнка, для якога славянскасьць не ўключае ў сябе беларускай мовы, прамаўляў, як заўсёды, на мове «старэйшага брата». Гэты моўны сэрвілізм беларускага прэзыдэнта быў маніфэстацыйна падкрэсьлены ўкраінскім дыпляматам, які спачатку прывітаў гасьцей па‑беларуску, а пасьля на сваёй роднай славянскай мове прачытаў прывітаньне ад прэзыдэнта Ўкраіны.

Маўчаньне маіх суразмоўцаў было шматмоўным…

Праваслаўная царква: архітэктурная тэндэнцыя

Усюды, дзе мы былі, мы цікавіліся цэрквамі, царкоўнымі справамі.

У жыцьці чалавека, а яшчэ больш у жыцьці народу, рэлігія — надзвычай важны фактар. Палітыкі й царкоўныя дзеячы выдатна разумеюць узьдзейваньне рэлігіі на грамадзтва. Дзеля гэтага якраз беларускі ўрад адмаўляе ў рэгістрацыі некаторым рэлігійным суполкам, забараняе абмяркоўваньне ў падкантрольным друку пытаньня аўтакефаліі.

Беларуская царкоўная архітэктура мае свае гістарычныя асаблівасьці, свае контуры, свой стыль. І таму, калі езьдзіш дрогамі або ходзіш вуліцамі, кідаецца ў вочы сучасная тэндэнцыя запаўняць беларускі краявід купаламі маскоўскае формы, цыбулінамі. На беларускіх вуліцах расейская мова, у беларускім небе расейскія купалы.

Ананімкі Праваслаўнай царквы

У тураўскай і жыткавіцкай цэрквах я пацікавіўся лістоўкамі, якія ляжаць ля ўваходу задарма для кожнага, хто хоча пачытаць. Чатыры зь іх ананімныя (тры на чатырох старонках часапіснага фармату, адна — на дзьвюх): «Православный листок», «Глас православия», «Православный набат» і «Русь Святая, Единая и Неделимая!!!» Хто іх напісаў, дзе яны выдрукаваныя, ведае хіба толькі царкоўны клір. Каб зрабіць з набожнага чытача пашыральніка гэтай літаратуры, на адной зь іх зазначана: «Листовка содержит цитаты из Священного Писания, поэтому не допустимо использовать ее в бытовых целях, а тем более выбрасывать».

Зьмест? Усяго не перакажаш. Але пра агульны кірунак і эмацыянальны тон разважаньняў даволі паказальна сьведчаць некаторыя падзагалоўкі ды выказваньні. Гэтак, адна зь іх дае «Перечень деятельных служителей нечистой силы на территории Руси».

Другая, пасьля гістэрычных антысэміцкіх выпадаў і юдафобіі, абвяшчае: «Основные планы сионистов сбываются. Страна разрушается, народ аболванен и управляем ими. Но не сломлен дух истинно русских людей. Главные битвы за Русь и русский народ — впереди». І канцоўка: «Русичи, перед нами стоит выбор: Православие или смерть!»

У трэцяй падаюцца «аргумэнты» і спасылкі на Сьвятое Пісьмо супраць сучаснай жаночай моды зь перасьцярогай, што «сьвецкая мода вядзе да захворваньняў». І гэтак:

«За нашэньне портак — у жанчыны бываюць цяжкія роды, дзеці нараджаюцца зь фізычнымі й спыхічнымі адхіленьнямі…

«За карыстаньне касмэтыкай — у жанчыны зьяўляюцца захворваньні жывата, печані, кішэчніка, а таксама горла й вачэй».

Чацьвертая ананімка заяўляе, што гэта яшчэ Бісмарк [другая палавіна ХІХ стагодзьдзя — Я.З.] у змаганьні з Расеяй «прыдумаў» Украіну. А сёньня? «Сегодня Западная и Южная Русь [чытай: Беларусь і Ўкраіна — Я.З.] вновь эпицентр геополитики, центр окончательного решения (уничтожения) славянского вопроса. Миллионы долларов направляются на противодействие естественному процессу интеграции славян».

Пятая лістоўка беларускамоўная. Гэтая ўжо з «пашпартам»: «Па благаславенні Яго Высокапрэасвяшчэнства, Высокапрэасвяшчэннейшага Гурыя, Архіепіскапа Навагрудскага і Лідскага, Намесніка Свята‑Успенскай Жыровіцкай Абіцелі». Зьмест яе — паэма пад заг. «Стагоддзяў жырандоля», расейскамоўны тэкст якое быў знойдзены ў архіве Жыровіцкага манастыра. Чатыры старонкі густога друку. Пераклад зрабіў, нябожчык ужо, Алег Лойка ў 2006 годзе.

Зьезд беларусаў. «Бацькаўшчына» ў добрых руках

Зь вялікімі перашкодамі арганізатарам Пятага зьезду Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» ўдалося правесьці 18—19 ліпеня свой шточатырохгадовы форум. Больш за 300 дэлегатаў з 23‑х краін запоўнілі залю Нямецкага адукацыйнага цэнтру, так званага «і‑бэ‑бэ» (ІВВ). Цэнтар гэты, як аказалася, стаўся адзіным магчымым месцам у цэлым горадзе, бо больш як у 20 іншых будынках, куды зьвярталіся арганізатары, раптам пачаліся «рамонты». Гульня ката (з націскам на якім хочаце складзе) з мышкай.

Пасьля ўрачыстых акордаў гімну «Бацькаўшчыны» прагучэлі прывітальныя словы Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвіллы. Чысьцюсенькай беларускай мовай прывітаў удзельнікаў зьезду пасол Швэцыі. А далей пайшлі прамовы, даклады, выступы.

Поўкруглы калідор цэнтру, людны ад народу, быў шчыльна застаўлены сталамі з кніжкамі, дыскамі, сувэнірамі. Якая маса ўсяго гэтага! Падумалася: можа нацыянальная беларусіка (хоць і малатыражная) ужо не такая й бедная, як гэта часамі здаецца. Пішэце, стварайце, хлопцы й дзяўчаты! Прыйдзе няўхільна час і на большыя тыражы.

Галоўнай навіной сёлетняга зьезду быў удзел у ім урадавых прадстаўнікоў высокага рангу. Міністар культуры Павел Латушка выступіў з даўгаватай прамовай, якая была бесьперашкодна выслухана (аспрэчваньне сказанага міністрам крытыкі зробяць асобна). Камэнтатары будуць узважваць, ці гэта яшчэ адзін лібэралізацыйны крок улады, ці затуманьваньне вачэй і задурманьваньне мазгоў.

Паседжаньне Вялікай Рады «Бацькаўшчыны» напярэдадні зьезду, на якім была аднадушна выказаная дадатная ацэнка працы кіраўніцтва арганізацыі, прадэманстравала,

што на чале згуртаваньня стаяць дзьве разумныя й працавітыя маладыя жанчыны, Алена Макоўская й Ніна Шыдлоўская. Абраньне іх за кіраўнічак на наступны пэрыяд — зарука, што «Бацькаўшчына» будзе й надалей у надзейных руках.

Івянец. Інфармацыйнае бездарожжа

Выматляны ўдзелам у першай частцы зьезду ды чатырма ці пяцьма інтэрв’ю, якія давялося даць радыё й тэлебачаньню, я адпрасіўся ад далейшага ўдзелу ў зьездзе. Пагатоў, што мы павінны былі наведаць новазбудаваную царкву сьв. Еўфрасіньні Полацкай у Івянцы.

Аўтастрады на захад ад Менску шырокія й гладкія. Але вельмі нягладка зь інфармацыяй. Шмат якія зьезды й разьезды не пазначаныя. Пад’яжджаеш да разьвілкі й ня ведаеш, куды ехаць далей. Лішні довад, што аўтамабільнай культуры тут яшчэ далёкая дарога.

У Івянцы а. Віктар Перагудаў і вернікі даравалі нам нашае гадзіннае спазьненьне. Адслужылі малебен. Па‑беларуску. Завяршылі супольна адсьпяванай малітвай «Магутны Божа». Зрабілі на памяць здымак ахвяраванай намі Троіцкай іконы.

Падзякаваўшы гаспадарам за малітвы й смачны пачастунак, паехалі яшчэ агледзець разбудоўваныя ўскраіны Менску.

Дарогі й краявіды. Два бакі мэдаля

Калі гаворыш у Беларусі з кім‑небудзь, хто прыехаў з Расеі або з Прыбалтыкі ці з Украіны, чуеш пахвалу беларускім дарогам і краявідам, а таксама менскім вуліцам. І насамрэч, першы выгляд галоўных шляхоў, навакольля й вуліц, нават правінцыйных гарадоў, сьведчыць пра выразныя зьмены на лепшае. Але, калі пераказваеш гэтае ўражаньне мясцоваму жыхару, чуеш (а пасьля й сам бачыш) шмат довадаў пра жывучасьць старога савецкага занядбаньня. І сапраўды, каб пераканацца ў слушнасьці такіх выказваньняў, ня трэба нават ехаць у правінцыю. Хопіць у Менску зыйсьці ўбок з праспэкту Незалежнасьці за будынак Акадэміі Навук, каб пабачыць неахайны пабіты ямамі завулак. Мала таго, тут жа побач стаіць музэй імя Якуба Коласа. Дык што ўжо гаварыць пра жыткавіцкія вуліцы!

Прыгнечаны настрой людзей трапна абагульніў удумлівы Анатоль Вярцінскі ў вершы «Не ад таго мой сум…»:

А колькі іх, гаротных тых маршчын, На твары зьнепакоенай Айчыны!.. Для суму майго — важкія прычыны, І мала так для радасьці прычын.

Гумар. Анэкдоты. Афарызмы

Людзі ратуюцца ад бюракратызму, чыноўніцкага хамства, бязвыходнасьці чым могуць. У тым ліку сьмехам, жартамі, афарызмамі.

На сьветлавой банкаўскай рэкляме ў менскім мэтро высьветліваецца скарбонка ў форме сьвінкі з надпісам, што, маўляў, мы для вашых паслугаў. Мая спадарожніца, увагу якой я зьвярнуў на сьвінку, рэкнула: «Так з намі й абыходзяцца».

***

Малады фэрмэр падсумаваў бясконцае й безвыніковае абіваньне казённых парогаў, каб паставіць як‑небудзь на ногі сваю гаспадарку:

«На Захадзе ўлады стараюцца, каб не было бедных людзей, у нас — каб не было багатых».

***

Бяжыць празь беларускую мяжу сабака з Украіны — худы, галодны, шэрсьць аблезлая.

Памежнік пытаецца:

— Ты куды?

— У Беларусь, — адказвае, — там лепш кормяць.

Па пэўным часе бяжыць той самы сабака назад. Сыты, адкормлены, шэрсьць блішчыць.

На пытаньне памежніка «А чго ж гэта ты назад чэшаш?» сабака адказвае:

— Кормяць то там лепш, але гаўкаць не даюць.

**

Чым вымярыць удачу падарожжа?

Змучаныя дарогай, але падбадзёраныя ўсьведамленьнем выкананых абяцаньняў і збытых жаданьнях, шчасьліва дабраліся дамоў перадумоўваць ды пераацэньваць бачанае, чутае й перажытае.

Чым вымярыць удачу падарожжа? А тым, што ў дарозе не хварэлі. Што шмат каго пабачылі, шмат што зразумелі. Вытрымалі нарузку сустрэч, адведак і застольляў. Нічога не згубілі й не забыліся. І ўсіх абнадзеілі, што, калі Бог паможа, дык яшчэ раз пабачымся. Можа…

Янка Запруднік

падкарочана рэдакцыяй

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0