Мінгарвыканкам не дазволіў Партыі камуністаў Беларускай (ПКБ) правесці пікеты ў абарону сацыяльных правоў працоўных.

Як паведаміў БелаПАН прэс‑сакратар ПКБ Сяргей Вазняк, пікетоўцы збіраліся запатрабаваць ад улады павышэння памеру пенсій, аказання дапамогі па беспрацоўі, прыняцця мер па недапушчэнні масавага скарачэння працоўных месцаў і г.д.

Заяўкі падаваліся на правядзенне пікетаў у некалькіх месцах горада, у тым ліку на плошчы Бангалор, дзе афіцыйна дазволена арганізацыя такіх акцый. «Нам не дазволілі ніводнага пікета. Нават на плошчы Бангалор, куды нас адпраўляюць традыцыйна», — падкрэсліў Вазняк.

Прэс‑сакратар расцэньвае забарону «як высокую ацэнку агульнарэспубліканскай акцыі ПКБ, што прайшла 9 ліпеня».
«Тады нашы актывісты выйшлі з антыкрызіснай праграмай да прахадных больш як 100 прадпрыемстваў па ўсёй краіне. І тады ніякіх праблем не ўзнікла; некаторыя непаразуменні былі толькі ў Гомельскай вобласці. Зараз улады схамянуліся і вырашылі нам увогуле нічога не дазваляць», — адзначыў Вазняк.

Ён падкрэсліў, што сітуацыя на прадпрыемствах працягвае пагаршацца. «Працоўныя бачаць, што крызіс прыйшоў у Беларусь, нягледзячы на ўсе заклінанні нашага кіраўніцтва. Жыць ім становіцца ўсё горш, а ўрад не можа прапанаваць рэальных антыкрызісных дзеянняў. У сувязі з гэтым наша антыкрызісная праграма, як і распрацаваная нашымі партнёрамі па Аб’яднаных дэмакратычных сілах, значна выйграе перад дзеяннямі ўладаў. Але праграма АДС нясе значную небяспеку дзейнай уладзе, бо за эканамічнымі пераўтварэннямі стаяць і палітычныя. А гэта ўжо — рэальная пагроза ўладзе», — лічыць прэс‑сакратар.

Улічваючы адмову Мінгарвыканкама ў правядзенні пікетаў, члены ПКБ плануюць зноў пайсці на прахадныя заводаў, каб данесці да працоўных інфармацыю аб антыкрызісных прапановах апазіцыі. Дэталі правядзення гэтай інфармацыйнай акцыі зараз узгадняе кіраўніцтва партыі.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0