У пагоні за патрэбнымі паказчыкамі ў асобных гаспадарках Гомельшчыны па загадзе з раёнаў зерне пачынаюць зьбіраць пры вільготнасьці 30%. Піша Сямён Печанко.

Дзіўна, але гомельскія гаспадаркі маюць праблемы з папаўненьнем састарэлай маральна і фізычна ўборачнай тэхнікі. І гэта пры тым, што ў Гомелі разьмяшчаецца «Гомсельмаш».

Прычына – нястача грошай. Падрыхтаваць камбайн да жніва абыходзіцца ў 10–15 млн. рублёў, сярэдняя гаспадарка мае 5–6 камбайнаў. Мэханізатары наракаюць на якасьць рамонту – вельмі часта камбайн спыняецца праз 2-3 дні пасьля рамонту на «Гомсельмашы», бываюць выпадкі, калі заміж новых дэталяў ужо на месцы знаходзяць старыя. Старыя «Доны», самыя маладыя зь якіх зробленыя ў 1990 г., можна выкарыстоўваць у якасьці сеялак. Сытуацыю ратуюць мясцовыя адмыслоўцы, якія дэманструюць цуды майстэрства. Яны знайшлі арыгінальны спосаб мінімалізаваць страты: шчыліны і дзіркі заляпляюць будаўнічай ізаляцыйнай пенай. Камбайнэры маюць тут вялікую зацікаўленасьць – толькі ў сэзон уборкі можна сур’ёзна зарабіць, бо тона ўраджаю дае да 40 тыс. руб. заробку.

«Тэлевізар нам дапаможа»

Бывае і так: спраўны камбайн прастойвае ў самую гарачую пару ў полі, бо няма паліва. Дакладней, грошай, каб яго набыць у дастаковай колькасьці. Гэтак і з угнаеньнямі і сродкамі аховы, якія набываюць не тады, калі ў іх ёсьць патрэба, а калі надараецца выпадак абарваць які крэдыт ці выбіць грошы ў раёне. Як кажуць мясцовыя спэцыялісты – дапамогі ад дзяржавы яны амаль не адчуваюць. «Яе можна ўбачыць толькі ў тэлевізары», – кажуць яны. І ня раяць давяраць убачанаму з акна аўтамабіля – «Асноўнае фінансаваньне ідзе ў прыдарожныя палеткі, а праедзь на УАЗе далей, па палявых дарогах, і пабачыш, што тут робіцца». Дырэктар аднаго з КУСПаў разводзіць рукамі: «Зямля ўрадлівая, «Гомсельмаш» пад бокам, а мы ніяк ня выб’емся з пазыкаў».

Рагатыя гарантыі

Ці не адзіная крыніца прыбыткаў – малако. Грошы ад яго продажу ідуць на выплату заробкаў і нарыхтоўку кармоў на зіму. Рагулі ў некаторых гаспадарках робяцца закладніцамі крэдытнай палітыкі дзяржавы. Адзін з кіраўнікоў падзяліўся такім сакрэтам: «Працую другі год і ўжо другую вясну закладаю статак у якасьці гарантыі вяртаньня крэдыту. Крэдыт жа ня вернеш, але які банк паедзе да мяне, каб спагнаць гэты «рагаты доўг»!? І да мяне так колькі год рабілі».

Вадкія лічбы

Шмат хто з кіраўнікоў аграпрадпрыемстваў скардзіцца на татальны ўціск: «Мы ўсе працуем на лічбы». На ўзроўні асобнай гаспадаркі гэта выглядае наступным чынам: з раёну загадваюць падрыхтаваць адпаведную справаздачу – на які ўраджай разьлічвае дадзеная гаспадарка. З раёну вяртаецца заданьне. Часам яно улічвае рэальны стан гаспадаркі, але гэта хутчэй вынятак, як правіла ад кіраўніка патрабуюць як мінімум на 30% звыш магчымага.

У пагоні за патрэбнымі паказчыкамі ў гаспадарках па загадзе з раёнаў зерне пачынаюць зьбіраць пры вільготнасьці 30%. Яго потым плюшчаць і аддаюць на корм быдлу. Раён жа мае з кожнай тоны ўмалоту 150 кг дадатковых паказчыкаў, а насамрэч звычайнай вады. І цякуць тыя паказчыкі ў аддзелы статыстыкі па 5–6 тонаў у суткі з кожнае гаспадаркі – колькі здолее ператравіць жывёла і не западозрыць дзяржкантроль. У хвалёныя мільёны тонаў трэба залічыць ня толькі вільгаць, але й немалы адсотак дамешкаў, а пры ўборцы «Донамі» яны складаюць да чвэрці масы. З таго што ачысьціцца і прасушыцца, першагатункавага зярна, якое пойдзе на харчовыя мэты, застаецца ў лепшым выпадку 50%. Таму ня варта й сумнявацца, што Гомельшчына дасьць сёлета свае 950 тыс. тонаў хлебу.

Прывілеі для радзімы прэзыдэнта

Калі параўнаеш умовы, у якіх працуе Гомельшчына і суседняя зь ёй, датаваная з усемагчымых фондаў, Магілёўшчына, міжволі падзівісься, як гэта яна ніяк ня выйдзе на запаветны мільён. Вось і сёлета радзіма прэзыдэнта атрымала заданьне на 850 тыс. т. А становішча з тэхнікай, камплектавальнымі і палівам тут якасна іншая. Тут не працуюць «Доны», старэйшыя за 10-12 гадоў – іх сьпісваюць на запчасткі ці прадаюць гамельчукам. Парк уборачнай тэхнікі увесь час абнаўляецца як за кошт айчынных вытворцаў, так і замежнай тэхнікай. Не ўзьнікае тут праблемаў і з атрыманьнем крэдытаў, хоць зь іх вяртаньнем справы ў гэтым рэгіёне аніяк ня лепш, чым у суседзяў.

На пытаньне, чаму ж пры такім спрыяньні вобласьць аніяк не нагоніць па паказчыках астатніх, мясцовыя асьцярожна разважаюць аб тым, што людзей такая апека разбэшчвае: «Занадта лёгка ўсё гэта даецца, няма адказнасьці, дадайце сюды савецкую спадчыну – тады павынішчалі гаспадароў, цяпер жа на гэтую пустэчу пруць найлепшую тэхніку. Дый паказуха гэтая тлуміць галаву – працуем на паказчыкі».

Канфідэнцыйнасьць гарантуем

Каб даведацца пра паказчыкі, патрэбная непасрэдная згода кіраўніка той ці іншай гаспадаркі. Блянкі для статыстычных зьвестак бухгальтар атрымлівае ў адпаведным аддзеле ў раённым упраўленьні сельскай гаспадаркі. На тым блянку стаіць цікавы штамп: «Канфідэнцыйнасьць Вашых зьвестак гарантуем». Запоўнены блянк з подпісамі кіраўніка і бухгальтара гаспадаркі вяртаецца ў раён, дзе, як жартуюць у калгасах, яго, перад адпраўкай у вобласьць, патрэбным чынам дапрацоўваюць.

Вось так і ваююць на ўсходзе Беларусі ўдзельнікі штогадовых «бітваў» – у няроўных умовах і з прыкладна аднолькавым вынікам. Суцяшае хоць тое, што патэнцыял у нашай вёскі ёсьць. Застаецца дачакацца іншых умоваў для працы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?