У межах мерапрыемстваў па прафілактыцы асацыяльных паводзінаў грамадзян 19 жніўня ў Гомелі праходзіць Дзень цвярозасці.

Рэалізацыя спіртных напояў і піва аб’ектамі гандлю ў гэты дзень забаронена. У пачатку 2009 года ўлады горада сумесна з міліцыяй прынялі рашэнне праводзіць Дні цвярозасці штоквартальна.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні прафілактыкі УУС Гомельскага аблвыканкама, папярэдні дзень цвярозасці, які прайшоў у горадзе ў красавіку, меў станоўчыя вынікі — у гэты дзень не было зарэгістравана цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў, учыненых у грамадскіх месцах і на бытавой глебе.

Колькасць паведамленняў аб сямейных скандалах у параўнанні са звычайнымі выхаднымі днямі зменшылася на 40%. Адначасова з Днямі цвярозасці ў горадзе праводзяць комплекс прафілактычных мерапрыемстваў — рэйды па гандлёвых кропках, лекцыі і прафілактычныя гутаркі аб шкоднасці алкаголю, масавыя мерапрыемствы спартыўнага і забаўляльнага характару.

За сем месяцаў 2009 года міліцыянеры Гомельскай вобласці канфіскавалі і знішчылі больш як 155 тысяч літраў самагону і брагі. Паводле інфармацыі ўпраўлення прафілактыкі УУС Гомельскага аблвыканкама, за гэты перыяд выяўлена і спынена больш як тры тысячы фактаў незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі і парушэнняў антыалкагольнага заканадаўства, канфіскавана больш як 18 тысяч літраў спірту. З пачатку года каля 20 тысяч чалавек прыцягнуты да адказнасці за распіванне спіртных напояў і знаходжанне ў п’яным выглядзе ў грамадскім месцы. Амаль 600 жыхароў вобласці — хранічных алкаголікаў накіравалі ў ЛПП.

На ўліку ва ўстановах аховы здароўя знаходзяцца больш як 41 тысяча жыхароў вобласці — алкаголікаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?