У наяўнай сітуацыі ў сувязі з выяўленнем першага ў Беларусі выпадку заражэння вірусам грыпу А(Н1N1), так званага свінога грыпу, Міністэрства аховы здароўя заклікае грамадзян «не баяцца і не панікаваць».
Пра гэта заявіла намеснік міністра аховы здароўя, галоўны санітарны ўрач Беларусі Валянціна Качан увечары 19 жніўня на брыфінгу ў Мінску.

Яна расказала, што грамадзянін Кітая, у якога 19 жніўня ў Беларусі лабараторна пацвердзіўся вірус А(Н1N1), адчуў недамаганне 12 жніўня. Паводле інфармацыі Качан, грамадзянін Кітая, які вучыцца ў аспірантуры БДУ ў Мінску, 10 жніўня вярнуўся з жонкай у Беларусь з адпачынку, які праводзіў у КНР. Увечары 14 жніўня ён звярнуўся ў бальніцу ў сувязі з першымі сімптомамі грыпу ў жонкі. Аднак у яе вірус А(Н1N1) медыкі не выявілі.

Паводле слоў намесніка міністра аховы здароўя, цяпер грамадзянін Кітая і яго жонка праходзяць лячэнне. Стан іх здароўя здавальняючы.

Як падкрэсліла Качан, усе мерапрыемствы, накіраваныя супраць распаўсюджвання грыпу, праводзяцца ў поўным аб`ёме. Паводле яе слоў, на сёння ў свеце зафіксавана больш за 200 тыс. выпадкаў новага віруса. Падчас сезоннай эпідэміі канца 2008 — пачатку 2009 года ў Беларусі на вострыя рэспіраторныя захворванні захварэлі каля 3 млн. чалавек, на грып — каля 1 млн. чалавек.

Намеснік міністра спадзяецца, што тыя захады, якія робіць Міністэрства аховы здароўя, дазволяць прадухіліць успышку захворвання на новы вірус у краіне.

Трэба адзначыць, што яшчэ ў першай палове дня 19 жніўня на прэс‑канферэнцыі ў Мінску Валянціна Качан сцвярджала, што лабараторна пацверджаных выпадкаў грыпу A(H1N1) у Беларусі не выяўлена.
Разам з тым яна зазначыла: улічваючы, што вірус выяўлены ў 156 краінах, нельга сцвярджаць, што грып A(H1N1) не будзе завезены ў Беларусь.

13 жніўня галоўны санітарны ўрач Расіі Генадзь Анішчанка заявіў, што ў Беларусі, размешчанай у цэнтры Еўропы, «не можа не быць свінога грыпу».

Паводле апошніх звестак Еўрапейскага цэнтра па прафілактыцы і барацьбе з захворваннямі, у свеце зафіксаваныя 231 тыс. 353 выпадкі захворвання людзей на свіны грып, з іх 2 тыс. 107 выпадкаў — са смяротным зыходам.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0