20 жніўня аўганцы будуць абіраць прэзыдэнта, прычым, паводле прагнозаў, рэальныя шанцы на перамогу на выбарах мае толькі цяперашні кіраўнік краіны. Гэтыя выбары пройдуць ва ўмовах, калі нават тамтэйшы ўрад прызнае, што не кантралюе частку ўласнай тэрыторыі, а шмат дзе гэты кантроль няпоўны і непастаянны — нездарма недабразычліўцы далі прэзыдэнту Карзаю мянушку «мэр Кабулу».

Аўганскі Шушкевіч, або Ці ё ў Аўганістане дзяржава?

28‑мільённы Аўганістан ніколі ня меў сучаснага бюракратычнага апарату і магутнага нацыянальнага войска, а таму цэнтральнаму ўраду, кіруючы краінай, даводзіцца дамаўляцца зь мясцовымі плямёнамі, партызанскімі камандзірамі ды наркагандлярамі. Надзвычай разнастайная прыродна і геаграфічна, шматплемянная і шматмоўная краіна (па памерах утрая большая за Беларусь), якая ніколі не была як сьлед аб’яднаная, цягам апошніх трыццаці гадоў знаходзіцца ў стане пастаяннага ўзброенага канфлікту.

Вяртаньне да племянных і кланавых структураў стала непазьбежным выйсьцем для насельніцтва ва ўмовах татальнага гвалту і адсутнасьці эфэктыўных дзяржаўных органаў. Сёньня пад пытаньнем застаецца ня толькі існаваньне ў Аўганістане падвалінаў дэмакратыі, але і проста дзяржавы. Анягож, сутнасьць кожнай дзяржавы палягае ў ейнай манаполіі гвалту і адзінстве сувэрэнітэту на пэўнай тэрыторыі.

Абраны прэзыдэнтам у 2004 годзе Хамід Карзай стаў своеасаблівым аўганскім Шушкевічам — ён ня ўзяўся рашуча за навядзеньне парадку ў краіне, а трымаўся палітыкі згоды і кампрамісаў, якая пазьбягала радыкальных пераўтварэньняў, і сёньня, як і пяць гадоў таму, асноўнымі пытаньнямі выбараў зьяўляюцца ўсеагульная галеча, карупцыя ды наркагандаль.
Але самым важным пытаньнем ёсьць бясьпека — асабістая, грамадзкая і маёмасная — якая стаіць першай у сьпісе людзкіх прыярытэтаў і без яе забесьпячэньня немагчыма брацца за астатнія аспэкты дзяржаўнага будаўніцтва. Менавіта пытаньне бясьпекі востра паўстала перад урадам Карзая пасьля 2006 году, калі пачаў імкліва адраджацца Талібан.

Індыйскія вытокі глябальнага джыгаду

Праблема ўнутранай бясьпекі Аўганістану ня можа быць вырашаная, пакуль ня будзе разьвязаная вонкавая праблема існаваньня ў Пакістане непадкантрольных ураду раёнаў, дзе апэруюць рэлігійныя экстрэмісты.
Традыцыя рэлігійнай ваяўнічасьці, выкшталтаваная цягам стагоддзяў у мусульманска‑індускім і ўнутрымусульманскім (шыіцка‑суніцкім і міжсэктанцкім) супрацьстаяньнях на памежжы сучасных Аўганістана, Пакістана і Індыі ня можа быць хутка пераадоленая, бо тамака існуе своеасаблівы запаведнік сацыяльнага кансэрватызму, які спрыяе захаваньню культуры рэлігійнага экстрэмізму.

Ідэі джыгаду распрацоўваліся і рэалізоўваліся больш інтэнсыўна на індыйскім субкантынэнце (неразрыўна зьвязаным з Аўганістанам), чым на арабскіх землях. Крывавыя сутыкненьні паміж тамтэйшымі жыхарамі розных вераў па размаху зазвычай пераўзыходзілі рэлігійныя закалоты ў іншых рэгіёнах сьвету — згадайма разьню падчас падзелу Брытанскае Індыі на Індыю і Пакістан у 1947‑48 гадах, ахвярамі якой сталі многія сотні тысячаў мусульманаў і індусаў.

Экстрэмізму спрыяла і эўрапейская каляніяльная палітыка, у выніку чаго экстрэмісты часам ачольвалі масавыя вызвольныя рухі — вялікае індыйскае паўстаньне 1857 году або тэрарыстычны рух т. зв. «хіндустанцаў» могуць быць таму яскравымі прыкладамі.
Пра тое, што ідэі татальнага джыгаду пайшлі ў шырэйшы сьвет менавіта з «індыйскай» калыскі сьведчыць і надзвычай верагодная вэрсія пра тое, што сам заснавальнік вагабізма засвоіў свае радыкальныя погляды ад індыйскіх улемаў‑экстрэмістаў, што былі пераехаўшы ў Арабію.

Апошнім часам праблема экстрэмізму, узгадаванага на сутыку рэлігіяў індыйскага субкантынэнту, ускладнілася праз ядравае ўзбраеньне Індыі ды Пакістану і хранічны канфлікт ў Аўганістане, а ў выніку глябалізацыі тамтэйшыя праблемы набываюць усясьветнае значэньне. Сярод ісламскіх экстрэмістаў, зь якімі аўтару даводзілася сутыкацца ў Эўропе ды на Блізкім Усходзе, першае месца па фанатызьме і шалёных ідэях у маім суб’ектыўным рэйтынгу займалі менавіта пакістанцы і індыйцы. Далей ішлі аўганцы і толькі пасьля — арабы.

Няўлоўны аўганскі Гары

Старыя ідэі нянавісьці так бы і забыліся, як забыліся ня менш забойчыя ідэі нянавісьці да палякаў на былых крэсах — каб ня пэўныя акалічнасьці. Пасьля глябальнага ўздыму ісламскага экстрэмізму ў 1970‑я гады заходнія і арабскія дзяржавы вырашылі скарыстацца ідэямі джыгаду ў супрацьстаяньні з СССР у Аўганістане. Велізарныя грошы, кінутыя на падтрымку часам відавочна экстрэмісцкіх рухаў, кшталту Хекмацьяра, пайшлі не на справу аўганскай свабоды і разбудову базы свабоднай аўганскай дзяржавы, а на стварэньне інфраструктуры тэрору і вышкал галаварэзаў. Безь велізарнай амэрыканскай і саудаўскай падтрымкі антыўрадавая партызанка ў Аўганістане заглухла б на самым пачатку, як звычайна глухнуць партызанскія і паўстанскія рухі, што не даюць рады знайсьці замежных хаўрусьнікаў і фундатараў.

Прадказальным вынікам гэтай прамоцыі стала ўзьнікненьне ў сярэдзіне 1990‑х гадоў талібскай дзяржавы — унікальнага фэномэну, калі ўладу ў цэлай краіне ўзялі людзі, што не хавалі свайго цемрашальства ды далі прыстанішча хеўры міжнародных авантурыстаў, якія, абапіраючыся на рэсурсы цэлае дзяржавы, паспрабавалі заліць крывёй сьвет.

Гэтага было дастаткова, каб ЗША ўвялі ў 2001 годзе войскі і скінулі рэжым талібаў, але сам па сабе Аўганістан ня быў настолькі істотным, каб заходнія дзяржавы сур’ёзна ўзяліся за вырашэньне тамтэйшых праблемаў. Пад Кабулам не было ні нафты ці газу, а праекты трубаправодаў зь Сярэдняй Азіі праз Аўганістан таксама аказаліся не настолькі фінансава цікавымі, як меркавалася. Адбылося як у той старой показцы пра няўлоўнага Гары. «Непераможных» талібаў пакінулі самім сабе, бо Аўганістан быў проста нікому не патрэбны на тле ірацкіх гешэфтаў. Захад пераключыўся на больш важныя для сябе пытаньні, а да прапаганды талібаў дадаўся чарговы эпізод — маўляў, учора мы прагналі брытанцаў і Саветы, сёньня — НАТО. Каму ён патрэбны, гэны Гары?..

Талібы: хаос у Аўганістане і паўраспад Пакістану

Адраджэньне талібскага руху пасьля 2001 году было пытаньнем толькі часу ў зруйнаванай дашчэнту краіне, якая засталася безь неабходнай палітычнай (каб спыніць пакістанскае і арабскае ўмяшаньне) і эканамічнай падтрымкі, нягледзячы на абяцаньні міжнароднай супольнасьці. Вядома, талібы таксама цяпер не маглі разьлічваць на такую шчодрую замежную фінансавую падтрымку як у 1980‑х, але ўсё адно на іх не забыліся дабрадзеі ў багатых нафтаю краінах Пэрсыдзкай затокі дый самае галоўнае — у Аўганістане расквітнела вытворчасьць наркотыкаў і гандаль імі (на гэтую галіну прыпадае траціна ВУП), чым акурат не прамінулі скарыстацца талібы.
Засталіся ў талібаў пасьля амэрыканскага ўварваньня і старыя пакістанскія базы, і нават старыя сябры ды знаёмыя ў пакістанскім войску і спэцслужбах. Ня дзіва, што талібскі рух хутка пашырыўся і захліснуў сёньня ня толькі Аўганістан, але і Пакістан.

Гэтаму спрыялі асаблівасьці дзяржаўнага будаўніцтва Аўганістану і Пакістану, якія дагэтуль не кантралююць сваёй супольнай мяжы ды не завяршылі працэсаў нацыянальнай кансалідацыі. Абедзьве дзяржавы зьяўляюцца маладымі і некансалідаванымі нацыямі. Аўганістан у многім застаецца прадуктам дамінаваньня пуштунскай большасьці над шматлікімі меншасьцямі, якія не выказваюць імкненьня да незалежнасьці, але захоўваюць мінімальную ляяльнасьць да цэнтральнага ўраду ды пільнуюцца сваіх мясцовых уладароў.

Створаны з мусульманскіх раёнаў Індыі Пакістан доўга спрабаваў будаваць нацыю на падставе супольнай рэлігійнай ідэнтычнасьці рознамасьцевых этнічных групаў, але акцэнт на рэлігійным кампанэнце на пэўным этапе пачаў пагражаць уладзе традыцыйных элітаў, ад яго фактычна адмовіліся, а наўзамен нечага прывабнага не прапанавалі і цяпер пакістанскі праект мае патрэбу ў карэнным абнаўленьні, інакш краіна разваліцца, як у 1970‑х гадох, калі аддзялілася ўсходняя палова — Банглядэш. Штуршок новаму распаду могуць даць менавіта талібы. Сёньня Пакістан трымаецца толькі на інэрцыі і мільярдных амэрыканскіх субсыдыях.

Геапалітычныя візіі маюць кіраўнікі. Большасьць шэраговых талібаў, як і ўдзельнікі іншых падобных рухаў, не пераймаюцца ідэалягічнымі мудрагелістасьцямі, а далучаюцца да паўстаньня з прагматычных прычынаў. Гэтаксама насельніцтва падтрымлівае пасьлядоўнікаў аднавокага мулы Амара больш чым паліцыянтаў Карзая, бо першыя часам могуць гарантаваць большую бясьпеку дый правасуддзе, чымся другія.

Нават падтрымка Карзая на выбарах яшчэ не гарантуе, што адначасова тыя ж выбарцы ня будуць ляяльна ставіцца да мясцовых падпольных (і не) талібскіх органаў — у Аўганістане, як зазначалася, ні ў кога няма манаполіі на гвалт і адзінства сувэрэнітэту, а існуе шматуладдзе. Цяперашнія выбары — гэта перш за ўсё крок да пераадоленьня шматуладдзя і забесьпячэньне легітымнасьці ўлады Карзая, то бок прыняцьця яго аўганцамі ў якасьці свайго прэзыдэнта. Але хаця гэта і абавязковая, але ўсё ж не адзіная ўмова вырашэньня асноўнага пытаньня аўганскай палітыкі — пытаньня бясьпекі.

Доктар‑акуліст як новая альтэрнатыва аўганскай палітыкі

Ва ўмовах хранічнага гвалту зьяўленьне новага нацыянальнага лідэра ускладняецца, бо амаль адсутнічае прастора для публічнай палітыкі, а мае месца супрацьстаяньне грубае сілы і закулісныя дамоўленасьці паміж асноўнымі гульцамі — старымі партызанскімі камандзірамі.

Тым больш адметна тое, што на гэтых выбарах альтэрнатывай Карзаю стаў зусім ня ўчорашні галаварэз, а былы міністар замежных спраў, доктар‑акуліст Абдула Абдула, які хоць і ня мае шанцаў на перамогу, але імкліва набірае папулярнасьць у народзе.

Карзай — сам прадстаўнік пуштунскай большасьці насельніцтва Аўганістана — хутка знайшоў выйсьце і ў адказ на выклік Абдулы перацягнуў на свой бок прадстаўніка вялікай таджыцкай меншасьці — буйнога палявога камандзіра Махамада Касэма Фагіма. Лідэра іншай меншасьці — вядомага сваёй брутальнасьцю ўзбэцкага генэрала Рашыда Достума — Карзай паабяцаў зноў прызначыць начальнікам генштабу. Апроч таго, Карзай абяцаў даць больш урадавых пасадаў шыітам‑хазарэйцам — яшчэ адной шматлікай меншасьці краіны — да якой раней ставіліся як да людзей другога гатунку.

Гэтыя манэўры прэзыдэнта Аўганістана сьведчаць пра прызнаньне пуштунскай большасьцю неабходнасьці супрацы зь меншасьцямі ды прынцыповае прыняцьцё дамоўленасьці як мэтаду палітычнай барацьбы. Вядома, адначасова гэта азначае вяртаньне ўлады людзям, небеспадстаўна абвінавачваным у парушэньні правоў чалавека і ваенных злачынствах. Але гэткая сыстэма ўцягваньня ў працэс ажыцьцяўленьня ўлады прадстаўнікоў розных групаў і далейшае суперніцтва паміж імі непазьбежна стварае пэўную прастору для палітычнага плюралізму, а значыць свабоды, нават калі палітычныя гульцы будуць мець антыдэмакратычныя погляды.

***

Горкая праўда, але зараз аўганская палітыка ня можа быць інакшай. Немагчыма судова перасьледаваць палітыкаў за злачынствы, калі ў іх уцягнутыя ўсе больш‑менш уплывовыя фігуры ў краіне.
«Чыстае» мінулае ў аўганскіх умовах азначае, што чалавек проста ня меў дачыненьня да тамтэйшае рэальнае палітыкі, а бавіў час у замежжы ці нічога не рабіў. А таму ня мае сур’ёзнай палітычнай вагі. У пэўных сацыяльна‑эканамічных умовах магчымы толькі адпаведны тып палітычнага змаганьня і наіўна чакаць чагосьці іншага. Пасьля трыццацігадовай вайны рэй заўсёды будуць весьці былыя камандзіры, а не інтэлектуалы. Аднак часам менавіта такія (мо і ня самыя прыемныя) асобы даюць рады збудаваць дзяржаву на руінах вайны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?