Мінгарвыканкам трэці раз забараніў пікет у абарону бяздомных жывёл, які планавалася правесці 22 жніўня з 15 да 18 гадзін каля сталічнага пункта адлову і часовага ўтрымання жывёл «Фаўна горада» па вуліцы Гурскага, 42.

Як паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў пікета, юрыст Сяргей Усцінаў, заяўка на яго правядзенне была пададзена 30 ліпеня. Мэтай пікетавання было звярнуць увагу на праблему бяздомных жывёл у Беларусі і на сітуацыю, якая склалася ў «Фаўне горада». Меркавалася, што ў акцыі возьмуць удзел да 50 чалавек.

Паводле зоаабаронцаў, штогод у Беларусі адлоўліваецца і знішчаецца амаль 70 тыс. жывёл, у тым ліку ад 3 да 5 тыс. у Мінску.

Падчас пікета яго арганізатары мелі намер заявіць пра неабходнасць прыняцця закона аб абароне жывёл ад жорсткага абыходжання. Яны прапануюць стварыць у Беларусі дзейсную праграму адлову, стэрылізацыі і пошуку новых гаспадароў для бяздомных жывёл, выступаюць за развіццё валанцёрскага руху, стварэнне муніцыпальных доўгатэрміновых прытулкаў для катоў і сабак, настойваюць на стварэнні адукацыйных праграм для насельніцтва.

Зоаабаронцы таксама незадаволеныя тым, што з прыходам на пост дырэктара прадпрыемства «Фаўна горада» Аляксандра Тамашэўскага быў павялічаны кошт выкупу бяздомных жывёл, абмежавана валанцёрская дзейнасць, скарочана сацыяльная рэклама.

Пікет забаронены з‑за таго, што акцыя нібыта «стварае перашкоды ў бесперабойнай працы» «Фаўны горада», ветэрынарных станцый Маскоўскага і Фрунзенскага раёнаў сталіцы. Нагадаем, прычынай забароны першага пікета ў абарону бяздомных жывёл, які планавалася правесці 10—11 ліпеня, назвалі «неадпаведнасць заяўкі закону аб масавых мерапрыемствах Беларусі». Другі пікет, які павінен быў адбыцца 31 ліпеня — 1 жніўня, забаранілі з‑за таго, што акцыя нібыта будзе «ствараць перашкоды пешаходнаму і транспартнаму руху» ў раёнах вуліц Гурскага і Русановіча, 2‑га Прылукскага завулка.

Усцінаў упэўнены, што Мінгарвыканкам наўмысна забараняе пікеты па розных прычынах. Так, ветэрынарныя станцыі Фрунзенскага і Маскоўскага раёна, працы якіх нібыта мог перашкодзіць трэці пікет, 22 жніўня працуюць да 16 гадзін, а пікет планавалася праводзіць з 15 да 18 гадзін.

Зоаабаронцы маюць намер абскардзіць у судзе рашэнне Мінгарвыканкама, якое, паводле іх меркавання, ушчамляе іх права на свабоду мірных сходаў. У выпадку няўдачы яны звернуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека.

У Мінгарвыканкаме гэтую сітуацыю БелаПАН каментаваць адмовіліся.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0