«Беларусьфільм» мае намер упершыню прадставіць сваю мастацкую стужку на Берлінскім міжнародным кінафестывалі, які пройдзе ў лютым 2010 года.

Як паведаміла БелаПАН прэс‑сакратар кінастудыі Валянціна Белякова, гэта псіхалагічная драма «Ваўкі» рэжысёра Аляксандра Колбышава па матывах аднайменнай аповесці Аляксандра Чакмянёва.

Дзеянне фільма адбываецца ў пасляваенныя гады. Зімой з эшалона з асобымі зняволенымі ўцякае адзін з этапаваных Кірыл Палятаеў. Прабіраючыся скрозь заснежаны лес, ён дабіраецца да роднай вёскі. Аднак не ўсе яе жыхары гатовы прыняць былога аднавяскоўца: на яго ладзяць сапраўднае паляванне. Знаёмыя Палятаева дапамагаюць яму ўцячы ў лес, дзе выратаваны ад людзей‑ваўкоў ён натыкаецца на зграю сапраўдных ваўкоў. У фільме зняліся Андрэй Панін, Дзмітрый Ульянаў, Уладзімір Гасцюхін.

Паводле слоў Беляковай, зняты чарнавы варыянт карціны, праца над ёю завершыцца да 15 кастрычніка. Аднак, зазначыла прэс‑сакратар, ужо цяпер беларускія кінакрытыкі лічаць, што фільм «Ваўкі» можа браць удзел у самых розных міжнародных фестывалях вышэйшага ўзроўню.

Як паведаміла Белякова, на «Беларусьфільме» стварылі спецыяльную рабочую групу для падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакументаў для ўдзелу ў Берлінале. Сумесна з рэжысёрам і здымачнай групай яна распачала субтытраванне карціны на англійскай і нямецкай мовах, што з’яўляецца адной з галоўных умоў фестывалю.

У найбліжэйшым часе кінастудыя звернецца ў Міністэрства замежных спраў і пасольства Германіі з просьбай аб садзейнічанні ў вырашэнні арганізацыйных пытанняў, звязаных з прадстаўленнем карціны на Берлінскім кінафестывалі. Да 31 кастрычніка фільм і ўсе неабходныя матэрыялы павінны быць накіраваны ў аргкамітэт Берлінале.

Анастасія Янушэўская, БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0